17:09 21 лютага 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.14
  • EUR2.43
  • 100 RUB3.27
Янка Маўр у рабочым кабінеце

Аўтарка падручнікаў па вышэйшай матэматыцы выдала кнігу пра Янку Маўра

© Photo : Архіў Марыі Міцкевіч
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
9710

У планах унучкі знакамітага пісьменніка Марыі Міцкевіч падрыхтваць яшчэ адно выданне пра "недзіцячага Маўра" – палітычнага журналіста і літаратурнага крытыка.

Марыя Міцкевіч – унучка знакамітых беларускіх пісьменнікаў – Якуба Коласа па бацьку і Янкі Маўра па маці. Акрамя гэтага яна – матэматык, аўтар і ўкладальнік некалькіх кніг, у тым ліку і аб знакамітых продках.

Аб сяброўскіх адносінах двух знакамітых пісьменнікаў вядома даўно і шмат. У тым ліку дзякуючы працы ўнучкі, хаця сама сябе яна сціпла называе "ўсяго толькі ўкладальнікам".

Ад матэматыкі да літаратуры

Марыя Міхайлаўна скончыла матэматычны факультэт БДУ ў 1973 годзе, пасля працавала навуковым супрацоўнікам у Інстытуце матэматыкі Акадэміі навук БССР і выкладчыкам вышэйшай матэматыкі ў Інстытуце кіравання і прадпрамальніцтва і Мінскім інстытуце кіравання.

© Sputnik
Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, унучка Янкі Маўра і Якуба Коласа

Творчасцю сваіх знакамітых дзядоў цікавілася здаўна, але да спадчыны Маўра падыйшла больш адказна пасля некалькіх паездак у Латвію, дзе пісьменнік нарадзіўся.

Ідэя кнігі "Янка Маўр. Наш вечны рабінзон: штрыхі да партрэта" ўзнікла даўно, але магчымасць выдаць яе з’явілася толькі зараз. Ёй папярэднічала выданне кнігі "Янка Маўр" у серыі "Беларускі кнігазбор", але новая кніга больш насычаная візуальнай інфармацыяй. У ёй шмат фотаздымкаў, вокладак, аўтографаў і лістоў ад эсперантыстаў (Маўр добра ведаў мову эсперанта – Sputnik).

Рыхтаваць матэрыялы было даволі складана – частку прыйшлося скараціць па тэхнічных прычынах.

Хтосьці скажа, што выданне чарговае, але аўтарка не згодная – кніга ўнікальная, а пра знакамітага дзеда яшчэ хапае цікавай, дагэтуль ненадрукаванай інфармацыі. І не толькі для дзяцей.

Крытыкаваў ангельскую мову

У новай кнізе – шмат успамінаў родных, сяброў і паплечнікаў па пяры. Усе узгадваюць Маўра як выбітнага настаўніка і добрага чалавека.

На шлях дзіцячай літаратуры Янка Маўр прыйшоў таму, што з уласнага вопыта ведаў: добрай дзіцячай літаратуры не хапае. А дзецям абавязкова трэба распавядаць штосьці цікавае, пастаянна падтрымліваць іх зацікаўленасць кнігай. Такім ён быў на занятках у школе і разам са сваімі ўнукамі і дзецьмі.

"Мы шмат з ім размаўлялі, заўсёды можна было спытацца аб чым-небудзь і атрымаць дакладны адказ, бо дзядуля валодаў энцыклапедычнымі ведамі", – узгадвае Марыя Міхайлаўна.

Янка Маўр з членамі сям'і, 1955 год
© Photo : Асабісты архіў Марыі Міцкевіч
Янка Маўр з членамі сям'і, 1955 год

Ён любіў пажартаваць з дзецьмі, заўсёды цікавіўся іх справамі.

"Я вывучала ангельскую мову, мне вельмі падабалася, а ён крытыкаваў такое захапленне. Казаў, што лепш вучыць эсперанта, у якой вымаўляецца так, як пішацца".

Ведаючы, што ўнучка цікавіцца матэматыкай, падарыў ёй аднойчы свой фотаздымак з подпісам: "Матэматычнай унучцы Машцы".

© Photo : Асабісты архіў Марыі Міцкевіч
Кнігі Янкі Маўра

"У нас было дзве Машы – у маёй мамы і ў яе старэйшай сястры Шуры. І вось, калі дзед нас браў разам на лецішча, каб не блытаць, прысвоіў прозвішчы – Маша А і Маша Б, ці проста Ашка і Бэшка", – усьміхаецца Марыя Міхайлаўна.

Янка Маўр заўсёды быў мудрым і справядлівым. Ніколі не павышаў голас, ніколі не сварыўся. Успаміналі, што на занятках ён мог папрасіць асабліва распешчанага вучня выйсці, каб падумаць над сваімі паводзінамі. Дзеці павінны самі ўсё разумець.

Як Труман выратаваўся ад бяды, якую яму рыхтаваў Маўр

У планах Марыі Міхайлаўны выдаць яшчэ адну кнігу – "Недзіцячы Маўр", дзе яна хоча паказаць знакамітага дзеда з іншага боку.

"Маўра ўсе больш ведаюць як дзіцячага пісьменніка. Але ж ён працаваў у "Вожыку" і "ЛіМе", дзе пісаў крытычныя артыкулы. Вельмі цікава пачытаць, хоць і складана расшыфраваць з-за дробнага почарку, яго нататкі аб тым, як пачаў займацца спірытызмам", – распавяла ўкладальніца.

Выказваўся любімы пісьменнік некалькіх пакаленняў маленькіх беларусаў і па міжнародных пытаннях. Ведаць усё, што адбываецца ў свеце, дазваляла мова эсперанта і любімы часопіс "За рубежом".

Па ўспамінах Маўра, у "ЛіМе" нават хацелі арганізаваць замежны аддзел па прыкладу маскоўскай "Літаратурнай газеты", але праект згарнуўся ў апошні момант – з Масквы не даслалі асігнаванняў. Тады ў часопісе ўсе жартавалі: "Труман выратаваўся ад бяды, якую яму рыхтаваў Маўр".

Чытайце таксама:

Тэги:
Беларусь, пісьменнікі

Галоўныя тэмы