Вершы пра вясну: "Лісцікі зеленяй хваляцца небу панятлівай мовай…"

© Sputnik / Альфред МикусВясна на Іслачы
Вясна на Іслачы - Sputnik Беларусь, 1920, 30.04.2024
Падпісацца
Абуджэнне прыроды пасля доўгай зімы беларускія паэты заўсёды віталі з асаблівай радасцю і натхненнем. Чытайце самыя цёплыя і сонечныя вясеннія вершы ў падборцы Sputnik.
Вясна – бадай, самая чаканая пара году. Здаецца, яшчэ зусім нядаўна быў сакавік з яго капяжом, першым веснавым цяплом ды нечаканымі завеямі. За ім шпарка прамчаўся красавік з непаўторным кветкавым водарам першацветаў. І вось ужо спяшаецца сакавіты май з цудамі вясенніх колераў і салаўінымі спевамі ўначы!
У палях ды дубровах ужо чуваць птушынае рознагалоссе, над якім дзесьці ў вышыні лунаюць пералівы нябачнага жаўрука. Яшчэ літаральна які тыдзень – і раскрыюцца чароўным прыродным скарбам лугавыя кветкі, каб напоўніць паветра сапраўды вясеннім пахам, а твары людзей – па-сапраўднаму сонечнымі ўсмешкамі.
Абуджэнне прыроды і надыход вясны заўсёды з радасцю віталі паэты – у кожным сэрцы ён адгукаецца па-свойму, як, дарэчы, і ў кожным вершы. Для ўсіх, хто цікавіцца прыроднай беларускай лірыкай, Sputnik зрабіў вясенную падборку мілагучных вершаў на роднай мове.
Набываем веснавы настрой разам са Sputnik!
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская...А высока ў паднябессі / Льецца звонкі галасок.
Гуканне вясны - Sputnik Беларусь, 1920, 30.04.2024
...А высока ў паднябессі / Льецца звонкі галасок.

Раніца вясною

Ціха ў полі, ціха ў лесе,
А ні шэпне вецярок,
Толькі дзесь у паднябессі
Льецца звонкі галасок.

Як бы срэбраны званочак,
Роніць ўніз за трэлем трэль,
Аж заслухаўся гаёчак,
Не парушыцца і ель.

На усходзе бляск агністы
Літым золатам дрыжыць;
Слуп высокі, прамяністы
Роўным полымем гарыць.

Тонкіх хмарак валаконцы
Сталі хораша ў радок,
Як бы ўюць яны для сонца
З тых валоканцаў вянок.

Ціха ў полі, ціха ў лесе,
Чуць балбоча ручаёк,
А высока ў паднябессі
Льецца звонкі галасок.

Якуб Колас
© Sputnik / Сергей ЛескетьПчолкі выпаўзлі з калоды, / Пачалі збіраць мядок...
Бортный мед  - Sputnik Беларусь, 1920, 04.04.2023
Пчолкі выпаўзлі з калоды, / Пачалі збіраць мядок...

Вясенняя раніца

Гляньце, дзеткі, у аконца,
Ды пара ужо ўставаць…
Як прыгожа там бясконца!
Сорам, дзеткі, позна спаць.

Заглянула сонца ў вочкі,
Дзень прыйшоў –даволі сну
На свет гляньце, галубочкі,
Ўсе вітаюць там вясну.

Пчолкі выпаўзлі з калоды,
Пачалі збіраць мядок,
Шпак вартуе агароды
I вішнёвы наш садок.

Зелянее траўка ў полі,
Ў небе птушачкі пяюць…
Эх, зімы не будзе болей!
Хутка кветкі зацвітуць.

Вы зірніце у аконца,
Палюбуйцеся хаця:
Колькі волі, колькі сонца,
Колькі новага жыцця!

Ўстаньце, дзеткі, пойдзем ў поле
Спевы слухаць, кветкі рваць.
Ў хаце сумна, бы ў няволі…
Ўстаньце дзеткі, годзе спаць!

Міхась Чарот
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЛісцікі зеленяй хваляцца / Небу панятлівай мовай...
Незвычайная каліна звычайная, або Сапраўдная беларуская кава - Sputnik Беларусь, 1920, 04.04.2023
Лісцікі зеленяй хваляцца / Небу панятлівай мовай...

Явар і каліна

Песняй вясны лебядзінаю,
Скінуўшы зімнія чары,
Шэпчуцца явар з калінаю
Ў сумнай даліне над ярам.

Лісцікі зеленяй хваляцца
Небу панятлівай мовай:
Росамі мыюцца раніцай,
Песцяцца сонцам паўднёвым.

Захадам модлы пакорныя
З маткай-зямлёй адпраўляюць;
Тайна у ночаньку чорную
Месяца, зор выглядаюць.

Слухаюць смехаў русалчыных,
Лопату крылляў начніцы,
Ветру павеваў ап’янчаных,
Плюскату шклістай крыніцы.

Чуецца музыка дзіўная
Ў повесцях сонных імшараў…
Цешыцца явар з калінаю,
Скінуўшы зімнія чары.

Янка Купала
© Sputnik / Александр Кряжев / Перайсці ў медыябанк...Зерні залацістыя / Кідае ў раллю.
Зерно - Sputnik Беларусь, 1920, 30.04.2024
...Зерні залацістыя / Кідае ў раллю.

Веснавая раніца

Ціха абуджаюцца
Росныя палі,
Веснавая раніца
Крочыць па зямлі…

Промнямі агністымі
Саграе зямлю,
Зерні залацістыя
Кідае ў раллю.

А як напрацуецца,
На спачын ідзе,
Ніваю красуецца
Цэлы весні дзень.

Авяр’ян Дзеружынскі
© Flickr / AndreasПа-над белым пухам вiшняў...
Цветущая вишня - Sputnik Беларусь, 1920, 30.04.2024
Па-над белым пухам вiшняў...

* * *

Па-над белым пухам вiшняў,
Быццам сiнi аганёк,
Б’ецца, ўецца шпаркi, лёгкi
Сінякрылы матылёк.

Навакол ўсё паветра
Ў струнах сонца залатых, –
Ён дрыжачымi крыламi
Звонiць, ледзьве чутна iх.

I лiецца хваляй песня –
Цiхi, ясны гiмн вясне.
Цi не сэрца напявае,
Навявае яго мне?

Цi не вецер гэта звонкi
Ў тонкiх зёлках шапацiць?
Або мо сухi, высокi
Ля ракi чарот шумiць?

Не паняць таго нiколi,
Не разведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкi,
Што ляцяць, дрыжаць, звiняць.

Песня рвецца i лiецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа толькi сам паэт.

Максім Багдановіч
© Sputnik / Альфред Микус...збудзіўшыся ад сну, / Сустракалі ўсе вясну.
Весна на Ислочи - Sputnik Беларусь, 1920, 30.04.2024
...збудзіўшыся ад сну, / Сустракалі ўсе вясну.

Красавік

На лугі і ў пералескі
Красавік прынёс пралескі,
I, схіліўшы галаву,
Разбудзіў ён сон-траву:

"Ты галоўку не хіні,
У званочак зазвіні,
Каб прачнуўся зверабой
I рамонак пад вярбой,

Каб надзелі свой убор
Медуніца і чабор,
Каб хутчэй каля крыніцы
Расцвілі усе суніцы,

Каб прачнулася пчала
I чаромха расцвіла,
I шыпшына, і крушына,
I над рэчкай чарамшына,

Каб раскрыла вочкі хутка
На ўзбярэжжы незабудка,
Каб, збудзіўшыся ад сну,
Сустракалі ўсе вясну".

Сяргей Грахоўскі
© Sputnik / Александр Поготов / Перайсці ў медыябанк...А цішу трактар скалануў, / Як быццам першыя старонкі / Вясновай кнігі адгарнуў.
Посевные работы - Sputnik Беларусь, 1920, 04.04.2023
...А цішу трактар скалануў, / Як быццам першыя старонкі / Вясновай кнігі адгарнуў.

Вясновая кніга

Вясна ў ядвабах, аксамітах
Прыйшла на пушчы і палі,
Зімы даношаную світу
Зняла з набраклае зямлі.

Прыйшла – і рэчка заспявала,
Успыхнуў, быццам свечка, куст…
Усё як ёсць пафарбавала
Пад свой зялёна-сіні густ.

Нібы хто жаўрукоў шархоткі
Прыбіў да неба-палатна,
На дрэвах пчол руплівых сходкі
Гудуць ад золку да цямна.

Пакінуўшы далёкі вырай,
Вярнуўся ўвесь птушыны рой,
I бусел, як ТУ-104,
Прымчаў аднойчы раніцой.

Працуючы ўвесь дзень з ахвотай,
Свой дом узвёў без малатка.
Забарабаніў белым шротам
У гляк бярозавік з латка.

Блішчаць пад сонцам баразёнкі,
А цішу трактар скалануў,
Як быццам першыя старонкі
Вясновай кнігі адгарнуў.

Пятрусь Броўка
© Sputnik / Альфред Микус...Коцікі селі / на кусцік вярбовы, / грэюць на сонцы / жоўтыя бровы.
Весна на Ислочи - Sputnik Беларусь, 1920, 30.04.2024
...Коцікі селі / на кусцік вярбовы, / грэюць на сонцы / жоўтыя бровы.

Коцікі

Коцікі спалі
ў цесных каморках.
Ды ручаінкі
звіняць на пагорках.

Коцікі селі
на кусцік вярбовы,
грэюць на сонцы
жоўтыя бровы.

Данута Бічэль-Загнетава
© Sputnik / Альфрэд Мікус...Раздаў iм Хвядос / Не свiсткi, / А вясну.
Гуканне вясны - Sputnik Беларусь, 1920, 04.04.2023
...Раздаў iм Хвядос / Не свiсткi, / А вясну.

Салаўi

(У скарачэнні)

Як толькi святочны
Засвецiцца дзень,
Дзядуля з кiечкам
Па весцы iдзе.

Вялiкую кайстру
Нясе ен з сабой.
I дзецi
Яго абступаюць
Гурбой.

– Дзядуля!
Свiсткi пакажыце! –
Крычаць.
Павольна ен кайстру
Здымае з пляча.

I з кайстры таропка
Бяруць хлапчукi
Глiняныя цацкi –
Малыя свiсткi.

…Яшчэ на бярозках
Не выбiўся лiст,
А ўжо салаўіны
Разносiцца свiст…

– Ды гэта ж
Ганчар зарачанскi,
Хвядос,
Малым напаседам
Забаўкi прынес.

Не будзе цяпер iм
Спакою i сну…
Раздаў iм Хвядос
Не свiсткi,
А вясну.

Алесь Ставер
Чытайце таксама:
Лірычны шлях Алеся Бачылы: "Мне лепей ад роднага краю нічога на свеце няма..."
Любоўная лірыка Аркадзя Куляшова: "Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая…"
Паэзія жыцця Змітрака Бядулі: "Пад сонцам грэліся бярозы у белым тонкім палатне…"
Стужка навiн
0