МІНСК, 15 сак - Sputnik. Знакаміты італьянскі калекцыянер і арт-дылер Беньяміна Леві прывёз у Мінск частку сваёй калекцыі "Сусвет Далі ", якая лічыцца адным з найбуйнейшых збораў твораў эпатажнага іспанскага мастака. Убачыць унікальныя экспанаты, якія прыбылі ў беларускую сталіцу з Швейцарыі, можна ў Нацыянальным мастацкім музеі ў межах міжнароднага выставачнага праекта "Сальвадор Далі".
Беньяміна Леві пазнаёміўся з Сальвадорам Далі у 1960-ыя гады, калі кіраваў прэстыжнай мастацкай галерэяй ў Мілане. Па яго ўспамінах, першая сустрэча была незвычайнай і перасягнула ўсе чаканні. У выніку Леві стаў сапраўдным прапагандыстам творчасці Далі, а пошук яго твораў стаў справай усяго жыцця. Прыблізна за 50 гадоў калекцыянер сабраў каля 90 экспанатаў. Першымі ў збор трапілі "Прасторавы слон" і "Пастаянства памяці".
"Я паехаў да яго ў Парыж, дзе ўбачыў дзве гатовыя скульптуры. Потым выйшаў сакратар, які прапанаваў набыць гэтыя скульптуры разам з аўтарскімі правамі, што дазваляе тыражыраваць мастацкія творы. Я сказаў, што падумаю, а праз дзесяць дзён вярнуўся і заплаціў за скульптуры", - узгадаў калекцыянер.
Адзін з самых яркіх успамінаў Леві аб адносінах са знакамітым мастаком: бясконцыя спрэчкі. Калі Далі зрабіў некалькі скульптур, арт-дылер намякнуў, што яны будуць дрэнна прадавацца і папрасіў штосьці перарабіць. Сальвадор не хацеў прымаць карэкціроўкі, але яго жонка Гала пераканала ў неабходнасці зрабіць некаторыя мадыфікацыі.
На мінскай выставе – не толькі карціны Далі, а яшчэ скульптуры, ювелірныя вырабы і многае іншае. Экспазіцыя ахоплівае самыя розныя тэмы, не абыйдзецца і без любімых цякучых гадзіннікаў мастака, якія лічацца яго візітоўкай.
На пытанне аб кошце калекцыі Леві ўсміхаецца і адказвае традыцыйнае "вельмі шмат". Па афіцыйнай інфармацыі, страхавы кошт складае каля 20 мільёнаў еўра.
Асноўная экспазіцыя размяшчаецца ў Мастацкім музеі: тут яе можна будзе ўбачыць да ліпеня гэтага года. Мелкатыражныя работы пакажуць у выставачнай галерэі "LIBRA", дзе па асабістай замове можна будзе таксама набыць копіі некаторых з іх.
Адкрыццю выставы папярэднічала з’яўленне скульптур Далі на вуліцах беларускай сталіцы. Скульптура "Прысвячэнне Тэрпсіхоры" ўпрыгожвае ўваход у Мастацкі музей, а знакаміты "Трыумфальны слон" знаходзіцца на Зыбіцкай. На адкрыцці Леві заявіў, што гатовы пакінуць скульптуру ў Мінску, калі хтосьці з мецэнатаў вырашыць набыць яе ў падарунак гораду.