Зараз дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька ўжо як гаспадар запрашае ў свой кабінет, дзе за кароткі час усе стала "па фэншую".
Што змянілася за год і як ідуць справы з праектаваннем новага будынка, ён распавёў карэспандэнту Sputnik Алесі Шаршнёвай.
Будаўнічы блокбастар
Будучы будынак музея – цяпер асноўны напрамак працы, які займае ўсе думкі маладога кіраўніка.
"Толькі зараз я сапраўды змог ацаніць той "трагізм", з якім гаварылі людзі, што ў розныя часы будавалі знакавыя аб’екты, у тым ліку ў сферы культуры. У нашай краіне было шмат такіх блокбастараў", - адказвае Павел Сапоцька на пытанне аб надзённай працы.
Ён кажа, што перыяд страху прайшоў, і для сябе ўжо бачыць пэўны стратыгічны кірунак.
Па плане стваральнікі будынка павінны прайсці тры глабальныя этапы. Першы – гэта навуковая канцэпцыя музея. Гэтай справай Гістарычны музей займаўся разам з супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Другі этап – праектаванне экспазіцыі, чым займаюцца мастакі пад кіраўніцтвам першага намесніка Беларускага саюза мастакоў Глеба Отчыка. Дызайн некаторых частак музея ўжо завершаны, з астатнімі спецыялісты павінны справіцца да канца мая. Зараз ужо можна казаць, як будуць выглядаць пэўныя элементы экспазіцыі. Ёсць нават макеты з выявамі, але іх дырэктар трымае ў строгім сакрэце.
У чэрвені ўсе распрацоўкі адправяцца ў Белдзяржпраект, які выйграў тэндар на будаўніцтва музея, а будоўля пачнецца ў наступным годзе.
"Наша задача была ў тым, каб арганізаваць дыялог паміж навукоўцамі, будаўнікамі, эканамістамі, мастакамі, архітэктарамі і музейнымі супрацоўнікамі. Нажаль, у нашай краіне былі выпадкі, калі ўмовы дыктавалі выключна архітэктары, і на падставе тых памылак мы вырашылі працаваць разам з самага пачатку", - патлумачыў Павел Сапоцька.
Убачыць, ці будзе такі план паспяховым, можна будзе зусім хутка. Пакуль замест неіснуючага музея акрамя праектных планаў ёсць некалькі лічбаў: плошча - 19,2 тысячы кватратных метраў, з іх 5,5 тысяч – пастаянная экспазіцыя. Такія памеры дазволяць прадставіць 15% усяго фонду, які сёння налічвае больш за 400 тысяч адзінак.
Дырэктар не перастае падкрэсліваць, што патрэба у такім будынку ёсць, хто і што б не казаў.
"Упэўнены, гэта будзе ўнікальны музей з багатай экспазіцыяй, якая яскрава прадставіць станаўленне беларускай нацыі і яе дасягненні, абсталяваны сучаснымі тэхнічнымі сродкамі. У ім будзе магчымасць правядзення часовых выстаў і спецыяльных мерапрыемстваў, дэпазітарый, прэзентацыйная і канферэнц-залы. Над аб'ектам працуюць лепшыя спецыялісты", - дадае ён.
"Мы не гандлёвы цэнтр"
Яшчэ адно надзённае пытанне – імкненне зарабіць грошай. З гэтым не заўсёды ўсё добра. Камерцыйныя праекты, што прапануюць музею, не заўсёды адпавядаюць яго агульнай канцэпцыі.
"Ад многіх прапаноў мы адмаўляемся, неглядзячы на іх прыбытковасць. Мы не гандлёвы цэнтр, боулінг-клуб ці бар", - тлумачыць Павел.
"Не хочам прыватызаваць імя Манюшкі"
Атрымліваюць грошы ў музеі і дзякуючы прэзідэнцкім грантам. Зараз спецыялісты працуюць над чатырма. Для параўнання, у мінулым годзе быў толькі адзін.
Першы грант накіраваны на правядзенне шэрагу імпрэз, прымеркаваных да 200-годдзя кампазітара Станіслава Манюшкі. У музеі тэатральнай і музычнай культуры ў маі адкрыецца спецыяльная выстава і пройдзе круглы стол. Таксама плануюць музейшчыкі рэалізаваць перасоўны выставачны праект, які ўбачаць у рэгіёнах і за мяжой.
"Мы не хочам прыватызаваць гэтае імя і казаць, што Манюшка выключна вялікі беларускі кампазітар. Такія імёны існуюць дзеля таго, каб аб’яднаць розныя народы і іх культуры", - падкрэслівае Сапоцька.
Другі грант звязаны з супрацоўніцтвам з калекцыянерамі і будзе рэалізаваны ў праекце "Захавальнікі памяці: музеі і калекцыянеры". У лістападзе адбудзецца выстава з прыватных калекцый, дзяржаўных і прыватных музеяў.
Яшчэ два гранты датычныя моладзі. Павел Сапоцька прызнаецца, што яго пакуль "не адпускае" моладзевая тэма, з якой актыўна працаваў у галерэі "Універсітэт культуры". Па яго ініцыятыве ў канцы мая ў музеі будзе праходзіць Рэспубліканская выстава мастацкай творчасці навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў Беларусі да Года малой радзімы, таксама музей узяў на сябе адказнасць правесці трыенале маладых мастакоў, па выніках якога будуць абраныя пераможцы па дзевяці намінацыях.
У планах на гэты год - вялікая колькасць выстаў і мерапрыемстваў, у тым ліку і арганізацыя працы Цэнтра беларускай культуры ў Вёсцы спартсменаў падчас правядзення Еўрапейскіх гульняў.
І гэта толькі невялікая частка імпрэзаў, якімі можа ганарыцца музей. За мінулы год яго выставы прайшлі ў Амане, Францыі, Літве, Таджыкістане, Эстоніі, Эквадоры, Польшчы. Геаграфія пастаянна пашыраецца.
Пра першы працоўны дзень лепш не ўзгадваць
За год працы Павел Сапоцька па-іншаму стаў паглядаць на музейную галіну краіны.
"Займаемся агульнай справай – адраджэннем нашай спадчыны – і ў той жа час не заўсёды рацыянальна выкарыстоўваем узаемны патэнцыял. Хацелася б як мага больш супрацоўнічаць з калегамі сферы культуры, разам можна рабіць шмат чаго цікавага", - тлумачыць дырэктар Гістарычнага музея.
Падводзячы вынікі Павел Сапоцька прызнаецца, што мінулы год быў "даволі складаным". Вырашалася пытанне з фондамі, закупалі абсталяванне, каб прывесці да ладу фондасховішчы на Славінскага.
"Для сябе зрабіў выснову, што ў нас добры калектыў. Прайшлі праз усе складанасці годна", - падкрэслівае малады кіраўнік.
Зараз свой першы працоўны дзень ён узгадвае неахвотна. Моцны стрэс і ўвага з усіх бакоў зрабілі сваю справу.
"Магу ўпэўнена сказаць, што ніводнага разу не пашкадаваў аб гэтым, нават калі былі складанасці і праблемы", - падкрэслівае Павел Сапоцька.