Тэнісістка Серэна Уільямс заявіла пра страх перад паліцыяй ЗША

© REUTERS / Andrew KellyАмерыканская тэнісістка Серэна Уільямс
Амерыканская тэнісістка Серэна Уільямс - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Спартсменка выказала здзіўленне, чаму ў 21-м стагоддзі яна павінна турбавацца пра бяспеку сваю і сваякоў.

МІНСК, 28 вер — Sputnik. Былая першая ракетка свету амерыканская тэнісістка Серэна Уільямс распавяла пра свой страх перад паліцыяй сваёй роднай краіны.

Раней у прыгарадзе Сан-Дыега (штат Каліфорнія) амерыканскія паліцэйскія застрэлілі цемнаскурага мужчыну — ім здалося, што ён накіраваў на іх прадмет, падобны на зброю.

Аднак, як высветлілася пазней, у загінулага не было нічога падобнага, а відавочцы здарэння сцвярджаюць, што ён ніяк не правакаваў ахоўнікаў закона. Паводле інфармацыі мясцовых СМІ, застрэлены быў пацыентам псіхічнай лякарні.

"Сёння я папрасіла майго 18-гадовага пляменніка (скажу адразу, ён чарнаскуры) адвезці мяне на сустрэчу. Удалечыні я ўбачыла паліцэйскіх, якія стаяць на абочыне дарогі. Хутка праверыла, ці не перавысілі мы хуткасць. А потым я прыгадала тое жудаснае відэа з дзяўчынай у машыне, хлопца якой застрэліў супрацоўнік паліцыі. Я нават пашкадавала, што сама не села за руль", — напісала Уільямс на сваёй старонцы ў Facebook.

Спартсменка таксама выказала здзіўленне, чаму ў 2016 годзе ёй даводзіцца думаць пра падобныя рэчы. "Як казаў Марцін Лютар Кінг: "Прыходзіць час, калі маўчанне становіцца здрадай". Я не буду маўчаць", — сказала на заканчэнне Уільямс.

Інцыдэнт, пра які казала тэнісістка, адбыўся 6 ліпеня гэтага года ў штаце Мінесота. Патрульны афіцэр паліцыі спыніў машыну, у якой знаходзіўся 32-гадовы Фернанда Кастылія са сваёй дзяўчынай Лавішай Рэйнальдс і чатырохгадовай дачкой Дайманд, для праверкі дакументаў.

Мужчына палез у кішэню за правамі, у гэты момант паліцэйскі стрэліў у яго чатыры разы.

Выпадак атрымаў шырокі грамадскі рэзананс дзякуючы прамой інтэрнэт-трансляцыі смерці Кастылія, якую запусціла яго дзяўчына.

Стужка навiн
0