Магчымасці беларускай арміі істотна ўзраслі з прынятымі на ўзбраенне комплексамі баявой авіяцыі і сіл супрацьпаветранай абароны. Як і з чым нясуць кругласутачнае баявое дзяжурства ў небе Беларусі, даведаўся карэспандэнт Sputnik.
Камандзір за штурвалам
Авіябаза ў Баранавічах. На ўзлётную паласу рыхтуецца сесці самалёт, але манеўр - падманны. Знізіўшыся, машына аглушае ровам фарсажу і зноў рэзка ўзнімаецца ў неба, а праз секунду хаваецца ў аблоках.
Звышманёўранасць - мабыць, самая адметная асаблівасць Су-30 СМ. Самалёт валодае рухавіком з кіраваным вектарам цягі. Па ідэі канструктараў, такое апярэнне дазваляе выконваць неймаверныя віражы і літаральна завісаць у паветры. Вядома, пры належнай падрыхтоўцы лётчыка. Сёння ў кабіне Су-30 СМ пара на чале з камандзірам 61-й авіябазы.
"За год удалося налётаць досыць шмат гадзін. Па сутнасці гэта не самалёт, а шматфункцыянальны комплекс, які дапамагае лётчыку паражаць паветраныя і наземныя мэты, весці разведку і ставіць перашкоды", - распавядае камандзір 61-й авіяцыйнай базы Юрый Пыжык.
Паводле яго слоў, усё кіраванне заснавана на электроніцы.
"Лічбавыя сродкі, самі разумееце, робяць кіраванне дакладным і хуткім. Машына валодае прыцэлам, які засякае цэлі на адлегласці да 200 кіламетраў і застаецца толькі выйсці на дыстанцыю паражэння для пуску ракеты, скіду бомбы ці стрэлу з гарматы", - дадаў камандзір.
Індыйская эпапея
Сёння наўрад ці многія ўспомняць, як нараджаўся праект Су-30. Гэта было ў пачатку 90-х. Развал, у тым ліку, у абаронцы. Менавіта тады на заводзе ў Іркуцку вырашылі прапанаваць Індыі - партнёру Расіі яшчэ з часоў СССР - удасканаленыя знішчальнікі. Кіраваны вектар цягі - галоўнае ноў-хаў.
Перамовы вяліся 5 гадоў - такая асаблівасць рынку. Але на ваенных піруэты Су-30 МКІ ( "І" у абрэвіятуры азначае "індыйскі") зрабілі ўражанні ў небе Бангалора.
А следам... у 1999 праходзіў прэстыжны авіясалон у Ле-Бурже: пры выкананні віражоў на гранічныых магчымасцях расійскі шматмэтавы знішчальнік пацярпеў катастрофу. Але ў гэтым не было ні памылкі экіпажа, ні няспраўнасцей машыны. Арганізатары аэрасалона (а галоўны канкурэнт "сушак" - французскія Rafael) скарацілі час палёту. Кажучы папросту, адбілася спешка.
Здарэнне, зрэшты, не перашкодзіла кантракту, а ў далейшым стварэнню пры падтрымцы Расіі карпарацыі Хіндустан аэранаўтык. Экспарт дазволіў удасканальваць расійскую авіяпрамысловасць і перарос у такія праекты як Су-30 СМ, Су-34, Су-35, а таксама перспектыўны комплекс 5-га пакалення - Су-57.
Серыйны мадэрнізаваны
Баявое дзяжурства Су-30 СМ у Беларусі ў пары з МіГ-29. Шматфункцыянальны комплекс знаходзіцца на ўзбраенні ў Індыі, Кітаі, Венесуэле, Арменіі, Казахстане. Самалёт носіць статус не толькі простага ў эксплуатацыі, але і ў абслугоўванні.
"Самалёт асвоілі і працягваюць асвойваць маладыя экіпажы. Ім, вядома, больш звыкла і прасцей працаваць з кампьютэрным абсталяваннем. Пасля атрымання каманд на баявы вылет Су-30 СМ праз дзесяць хвілін будзе ў паветры", - кажа старшы тэхнік Радзівон П'янаў.
Паветраная абстаноўка
За беларускімі Су-30 СМ з цікаўнасцю назіраюць на заходніх граніцах. Пра гэта сведчаць дадзеныя, якія паступаюць на "Сопку-2".
Расійскі радыёлакацыйны комплекс - яшчэ адно нядаўняе папаўненне сярод сродкаў супрацьпаветранай абароны.
"Комплекс валодае першасным і другасным лакатарамі, якія дазваляюць выявіць паветраныя судны ў радыусе да 360 і 400 кіламетраў. Уся апаратура настроена ў працоўным і рэзервовым рэжымах. У выпадку выхаду з ладу якіх-небудзь вузлоў, пераход на дублюючую апаратуру ажыццяўляецца за дзве секунды. Можа працаваць абсалютна аўтаномна", - растлумачыў начальнік радыёлакацыйнага вузла Арцём Лісоўскі.
"Сопка-2" таксама абсталявана метэаканалам: надвор'е з'яўляецца для лётчыкаў інфармацыяй з пазнакай "высокага прыярытэту".
РЛС 59Н6М, ці "Праціўнік"
Таксама расійская станцыя. У адрозненні ад "Сопкі", яе перавага - мабільнасць. Павышаць абароназдольнасць Беларусі дазваляюць і айчынныя распрацоўкі. Да прыкладу, РЛС "Усход-Д" і станцыя выяўлення нізкалётных мэтаў "Раса".
"Усход-Д" прызначаны для выяўлення паветраных аб'ектаў, пачынаючы ад паветранага шара да любога лятальнага апарата. Станцыя дае аператару абвестку пра тып, хуткасць і выдаленне судна", - рапартуе начальнік радыёлакацыйнага вузла Аляксандр Кісялёў.
Вопыт стварэння найноўшых сродкаў і ўзбраенняў дазваляе праводзіць сумесныя манеўры. Не выключана, што выпрабаванні беларускіх і расійскіх збройнікаў могуць прайсці на бліжэйшых вучэннях "Захад-2021". Стратэгічная трэніроўка ваенных дзвюх краін запланавана на восень.