00:16 18 красавіка 2021
«Радыё Sputnik»
  • USD2.60
  • EUR3.11
  • 100 RUB3.44
Эканоміка
Атрымаць кароткую спасылку
1210

Генеральная канферэнцыя МАГАТЭ пройдзе ў Вене (Аўстрыя) 26-30 верасня. Беларусь як адна з дзяржаў-заснавальнікаў агенцтва прыме актыўны ўдзел у форуме.

МІНСК, 26 вер — Sputnik. Беларуская дэлегацыя возьме ўдзел у юбілейнай 60-й сесіі Генеральнай канферэнцыі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), якая ў панядзелак адкрываецца ў аўстрыйскай сталіцы.

Генеральная канферэнцыя МАГАТЭ з'яўляецца пляцоўкай для абмеркавання стратэгічных пытанняў і правядзення навуковых дэбатаў. Сёлета навуковы форум, які адбудзецца ў рамках канферэнцыі з 28 па 29 верасня, будзе прысвечаны выкарыстанню ядзерных тэхналогій для дасягнення мэтаў устойлівага развіцця.

Пра што будуць гаварыць атамшчыкі

На адкрыцці юбілейнай сесіі канферэнцыі гендырэктар МАГАТЭ Юкія Амано зробіць справаздачу аб бягучай рабоце і яе выніках з мінулагодняй канферэнцыі, а таксама спыніцца на асноўных дасягненнях агенцтва за мінулыя 60 гадоў.

У ходзе тыдня сустрэч, дыскусій і выступленняў удзельнікі мерапрыемства абмяркуюць вынікі работы агенцтва за папярэдні год, фінансавыя пытанні і планы на будучыню. Дэлегаты будуць абмяркоўваць пытанні, звязаныя з ядзернай бяспекай, павышэннем эфектыўнасці гарантый МАГАТЭ, працу па рэалізацыі пагаднення аб гарантыях паміж Агенцтвам і Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай і пра ўжыванне гарантый на Блізкім Усходзе.

Таксама будуць абмяркоўвацца меры агенцтва па ўмацаванні супрацоўніцтва ў галіне радыяцыйнай, транспартнай бяспекі і захаванасці адходаў, дзейнасць па тэхнічным супрацоўніцтве і ядзерная навука, тэхніка і іх прымяненне. Паралельна пройдзе больш за 30 іншых мерапрыемстваў.

Беларуская праграма

У працы юбілейнай сесіі прымае ўдзел беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам міністра энергетыкі Міхаілам Міхадзюком, у яе складзе — прадстаўнікі Дэпартамента па ядзернай энергетыцы Мінэнерга, Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС, ГП "Беларуская АЭС", ДНУ "Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў — Сосны", Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, Міністэрства замежных спраў. Члены дэлегацыі прымуць удзел у мерапрыемствах сесіі. Запланаваны сустрэчы з намеснікамі гендырэктара МАГАТЭ, прадстаўнікамі агенцтва па атамнай энергіі Венгрыі (HAEA), дэлегацыяй Ростэхнагляду і інш.

На экспазіцыі Беларускай АЭС будзе прадстаўлена інфармацыя аб ходзе рэалізацыі праекта па ўзвядзенню атамнай электрастанцыі, актуальным стане спраў на пляцоўцы будаўніцтва, падрыхтоўцы персаналу БелАЭС, працы інфармацыйных цэнтраў па атамнай энергіі ў Мінску і Астраўцы.

На палях канферэнцыі 28 і 29 верасня будзе арганізаваны навуковы форум "Выкарыстанне ядзерных тэхналогій для дасягнення мэтаў у галіне ўстойлівага развіцця". Яго мэта — стымуляваць абмеркаванне навукова-тэхнічных пытанняў, якія маюць дачыненне да дзейнасці МАГАТЭ і якія ўяўляюць цікавасць для дзяржаў-членаў.

На пасяджэннях форуму абмяркуюць даступнасць радыяцыйнай медыцыны ва ўсім свеце, рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, партнёрства дзеля прагрэсу — перадачу ядзерных навуковых ведаў і тэхналогій, выкарыстанне атамных тэхналогій у сельскай гаспадарцы для ліквідацыі голаду.

Што такое МАГАТЭ

Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) з'яўляецца вядучым сусветным міжнародным урадавым форумам навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ў галіне мірнага выкарыстання ядзерных тэхналогій.

Створана ў адпаведнасці з рашэннем Генасамблеі ААН ад 3 снежня 1955 года. 23 кастрычніка 1956 года Статут МАГАТЭ быў зацверджаны на ўстаноўчай канферэнцыі ў Нью-Ёрку, 26 кастрычніка таго ж года ён быў падпісаны 70 дзяржавамі, уключаючы СССР, і 29 ліпеня 1957 года ўступіў у сілу.

У цяперашні час членамі арганізацыі з'яўляюцца 168 дзяржаў. Генеральная канферэнцыя з'яўляецца найвышэйшым палітычным органам МАГАТЭ, у якім усе дзяржавы-члены маюць свайго прадстаўніка. Генеральная канферэнцыя збіраецца адзін раз на год, як правіла, у верасні, каб разгледзець і ўхваліць штогадовы даклад, бюджэт, абраць і прызначыць членаў СУ, абмеркаваць любыя іншыя пытанні дзейнасці арганізацыі.

Тэги:
Атамная энергетыка, МАГАТЭ, Вена

Галоўныя тэмы