МІНСК, 30 сне - Sputnik. Дзяржава ў 2020 годзе будзе павышаць заработную плату медыкам, настаўнікам і работнікам сферы культуры, заявіў віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка.
"Усё, што тычыцца ўрачоў, ужо цяпер на 2020 год пралічваецца павелічэнне заробкаў прыкладна на 10-15%. І гэта толькі ў рамках бюджэту, а ёсць яшчэ пазабюджэтны складнік", - заявіў віцэ-прэм'ер у эфіры праграмы "Контуры" на тэлеканале АНТ.
Паводле яго слоў, усе параметры павышэння заработнай платы ў дадзеных сферах, закладзеныя ў бюджэце, будуць выкананы.
Акрамя таго, адзначыў Петрышэнка, па даручэнні кіраўніка дзяржавы, заробак медыкаў да 2025 года павінен выйсці на ўзровень 150 працэнтаў да сярэдняй заработнай платы па эканоміцы, цяпер гэтая лічба складае 80 адсоткаў.
Віцэ-прэм'ер адзначыў, што вырастуць заробкі і ў іншых катэгорый бюджэтнікаў - настаўнікаў і супрацоўнікаў сферы культуры.
"Памер павышэння, напэўна, будзе плаваць. Кожны міністр у сваёй сферы ўсё пралічвае. Гэтыя грошы запланаваны ў бюджэце. Пэўныя дадаткі да ўзроўню заработнай платы будуць", - сказаў Петрышэнка.
Акрамя таго, віцэ прэм'ер адзначыў, што ў наступным годзе плануюць павялічыць дапамогі на дзяцей у шматдзетных сем'ях. А ў бліжэйшыя два-тры гады ў Беларусі збіраюцца ліквідаваць чаргу на жыллё шматдзетным сем'ям. Гэта меры па павышэнню нараджальнасці ў краіне.