МІНСК, 6 мая - Sputnik. Экспарт беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання вырас на 9,8% у першым квартале бягучага года, паведамілі ў прэс-службе Мінсельгасхарча.
Раней у міністэрстве распавялі, што экспарт беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання ў Расію у 2019 годзе склаў 4,3 мільярда долараў і вырас на 3% да ўзроўню 2018 года. Пры гэтым пастаўкі аналагічнай расійскай прадукцыі склалі 1,5 мільярда долараў.
"За студзень-сакавік 2020 года экспарт беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання вырас на 9,8%, за мяжу пастаўлена тавараў на суму 1403,8 мільёна долараў", - удакладнілі ў аграрным ведамстве.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, прырост выручкі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года склаў 125,1 мільёна долараў.
Толькі за першы квартал 2020 года экспарт у Расію вырас на 4,4%, у краіны СНД - на 24,7%, краіны Азіі і Акіяніі - у 2,2 разы, Амерыкі і Карыбскага басейна - на 52,4%, ЕС - на 54,3%. На кітайскі рынак таксама атрымалася павялічыць пастаўкі ў 2,4 разы.
"У цэлым пастаўкі ў краіны далёкага замежжа ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года павялічыліся на 41,5%", - канстатавалі ў Мінсельгасхарчы.
У цяперашні час беларускія прадукты харчавання пастаўляюцца на рынкі 83 дзяржаў. Экспарт мяса і мясапрадуктаў вырас на 10,9% і склаў 239,7 мільёна долараў, малака і малакапрадуктаў - на 14,8% (614,7 мільёна долараў), бульбы - на 13,3% (15,2 мільёна долараў).