МІНСК, 7 сне - Sputnik. Паводле ацэнак урада, ВУП Беларусі па выніках года складзе 99,1-99,2%.
Сітуацыя ў эканоміцы і прагнозы на 2021 год абмяркоўвалася на нарадзе, якую сабраў у Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка. Як адзначыў беларускі прэм'ер, эканоміка сёлета развівалася "ў вельмі складаных умовах". Сваю ролю адыгралі адразу некалькі фактараў: пандэмія каронавіруса, праблемы з імпартам энергарэсурсаў і экспартам калія, крызіс попыту, няўстойлівасць на ўнутраным фінансавым рынку і ціск дэвальвацыйных чаканняў на валютны рынак.
"Ужо ў першым квартале было зафіксавана падзенне ВУП на 0,2%. У другім квартале падзенне паскорылася да 3,1% ВУП. Міжнародныя арганізацыі прадракалі нашай краіне і далейшае імклівае падзенне, а пасля нестабільнасці фінансавага рынку, якая ўзнікла ў жніўні, і зусім хуткі і абвальны калапс эканомікі", - цытуе Галоўчанку агенцтва БелТА.
Але да канца года сітуацыя выраўнавалася, паводле ацэнак ўрада да вынікаў 2020-га ВУП складзе 99,1-99,2%, гэта значыць падзенне эканомікі ўлады ацэньваюць менш, чым у адзін працэнт. І гэта дазволіць Беларусі захаваць лідзіруючыя пазіцыі па росце эканомікі як сярод бліжэйшых суседзяў, так і ў цэлым па Еўропе, лічыць Галоўчанка.
Паводле яго слоў, у плюс гэтым годзе працуюць сферы сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, сувязі і інфармацыі, фінансавы сектар. Прамысловасць набліжаецца да ўзроўню мінулага года. Паводле ацэнак урада, сярэдні заробак у краіне ў снежні складзе 1 340 рублёў.
"Выконваем задачу па захаванні працоўных калектываў ва ўмовах пандэміі. У адносінах да мая, на які прыйшоўся пік, няпоўная занятасць знізілася ў 4,4 разы, прастоі - у 2,3 разы. Разам з тым перавышэнне ўзроўню мінулага года пакуль захоўваецца", - падкрэсліў Галоўчанка.
Ён таксама адзначыў, што цэны ў гэтым годзе выраслі з-за дэвальвацыі беларускага рубля і пераносу гэтага на кошт тавараў. У знешнім гандлі Беларусь спрацавала з прафіцытам, экспарт штомесяц прырастае, пачынаючы з мая. Па выніках года дадатнае сальда павінна скласці амаль мільярд долараў.
Як адзначыў Галоўчанка, ва ўмовах пандэміі ўладам удалося забяспечыць стабільную работу прадпрыемстваў, выканаць усе сацыяльныя абавязацельствы і не дапусціць крызісу на фінансавым рынку.