МІНСК, 29 сне - Sputnik. Беларусь дамовілася з Расіяй аб пастаўках энергарэсурсаў на 2021 год, заявіў журналістам прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка падчас візіту на "Беларуськалій".
"Як заўсёды, перамовы любога роду суправаджаюцца пэўным гандлем адносна умоў. Але ў прынцыпе ўсё скончылася для Беларусі на добрых, выгадных умовах", - сказаў беларускі прэм'ер.
У нядзелю беларускі прэм'ер у эфіры беларускага тэлебачання запэўніў усіх, што кантракт на пастаўку расійскага чорнага золата таксама будзе заключаны.
"Гэта традыцыйныя навагоднія пытанні, у гэтым годзе нейкага напалу або напружанасці няма. Мы дамовіліся з урадам РФ аб тым, што не трэба складаць усе "пад елачку", - распавёў Раман Галоўчанка.
Пасля чаго выказаў упэўненасць, што ўсе кантракты з расійскім бокам будуць абавязкова падпісаныя. РФ у сваю чаргу гатовая паставіць 18 мільёнаў тон нафты на беларускія НПЗ.
Энергетычная вайна адмяняецца
Напярэдадні каталіцкіх Каляд стала вядома, што беларускі бок правёў перамовы з расійскім "Газпрамам" аб умовах паставак прыроднага газу ў наступным годзе.
"Аляксей Мілер (кіраўнік расійскай кампаніі - Sputnik) і Віктар Каранкевіч (міністр энергетыкі - Sputnik) падпісалі пратакол паміж "Газпрамам" і ўрадам рэспублікі, у адпаведнасці з якім вызначаны парадак фарміравання коштаў пры пастаўцы прыроднага газу ў Беларусь ў 2021 годзе", - гаворыцца ў паведамленні.
Дэталі новага пагаднення, у тым ліку кошт блакітнага паліва паміж "Газпрамам" і Мінскам, у паведамленні не раскрываюцца.
Спецыяльны кошт для Беларусі
Па словах кіраўніка беларускага ўрада, кошт расійскага газу для рэспублікі вельмі камфортны і практычна захаваўся на ўзроўні бягучага года.
"Калі казаць пра бягучым узроўні коштаў на сусветных спотавых рынках, то Беларусь купляе газ практычна ў два разы танней у параўнанні з сусветнымі коштамі", - адзначыў Раман Галоўчанка.
Пры гэтым ён дадаў, што рэспубліка з'яўляецца другім найбуйнейшым спажыўцом блакітнага паліва ў расійскага Газпрама, "таму цалкам натуральна, што для буйнога пакупніка існуе спецыяльны окшт. Гэта ва ўсіх сферах бізнесу нармальная з'ява".
Разавая акцыя з бюджэтам
"Таму абсалютна спакойна і, як мы лічым, на выгадных для Беларусі ўмовах па пастаўках энерганосьбітаў мы ўваходзім ў 2021 год", - запэўніў ён.
У адказ на пытанне аб міжбюджэтным трансферы пры плацяжах за нафту Раман Галоўчанка распавёў, што ён быў складовай часткай у пакеце дамоўленасцей, якія не прадугледжвалі падаўжэнне на наступны год.
"Міжбюджэтны трансферт быў разавай акцыяй, калі так можна яе назваць. У прынцыпе, мы хочам сыходзіць ад любога роду трансфераў у міждзяржаўных адносінах. Гэта не вельмі рынкавы інструмент", - канстатаваў прэм'ер.