МІНСК, 24 лют – Sputnik. "Беларуснафта" пачала бурыць чатыры новыя свідравіны на Рэчыцкім радовішчы, распавёў Sputnik начальнік Светлагорскага ўпраўлення буравых работ кампаніі Віктар Архіпенка.
Свідраваць іх пачалі куставым метадам. Гэтая тэхналогія прыйшла з Заходняй Сібіры, дзякуючы ёй "Беларуснафта" зэканоміла ўжо каля 7 млн рублёў, канстатуе спецыяліст.
"Спецыфіка ў тым, што выбіраецца пляцоўка, на якой свідруецца не адна, а адразу некалькі свідравін. Пасля заканчэння работ у адным месцы буравая ўстаноўка не разбіраецца, а перамяшчаецца на рэйках. Мы значна эканомім час і грошы", - тлумачыць Архіпенка.
У Беларусі куставым метадам свідраваць пачалі ў 2014 годзе. Тады "Беларуснафта" набыла італьянскую ўстаноўку Drillmec 1500HP і прасвідравала самы вялікі на дадзены момант куст з 14 свідравін. Працы былі скончаны ў траўні 2018 года, больш за два гады тут ідзе здабыча нафты і газу.
На адной свідравіне здабываюць каля 12,5 тон нафты ў суткі, на ўсім кусце - больш за 120 тон (дзве чыгуначныя цыстэрны - Sputnik). Ёсць яшчэ спадарожны газ - 12 тысяч "кубоў" у суткі. Па словах нафтавікоў, гэтага хапае прыкладна на патрэбы 2 тысяч сямей.
Новыя свідравіны плануюць дабудаваць праз год, на кожную сыдзе каля трох месяцаў. Зараз забой ў адной з свідравін складае каля 700 метраў, на глыбіню спушчана першая тэхнічная калона. Пасля гэтага працягнецца бурэнне да праектнай глыбіні 1812 метраў.
"Свідравіны будуць будавацца па лёгкай канструкцыі, таму мы плануем завяршыць работы да канца 2021-га - пачатку 2022-га гадоў", - адзначыў Віктар Архіпенка.
Паводле яго слоў, на Рэчыцкім радовішчы, самым старым ў рэспубліцы, добрая нафта. Тут здабываецца больш за 30% нафты па ўсёй краіне. Больш за 400 свідравін прасвідравана, каля 200 знаходзяцца ў здабыўным фондзе.
Чытайце таксама:
- Беларуснафта: новая свідравіна праблему не вырашыць, але гэта перспектыва
- На месяц раней: беларускія нафтавікі прабурылі новую свідравіну на Украіне
- У Крамлі пракаментавалі магчымасць куплі Беларуссю радовішча нафты