03:31 17 снежня 2017
«Радыё Sputnik»
У бібліятэцы

Васіль Вітка: жыццё нібы казка

© Sputnik/ Владимир Песня
Падзеі і даты
Атрымаць кароткую спасылку
167911

Беларускі казачнік, класік беларускай дзіцячай літаратуры нарадзіўся 16 мая 1911 года.

МІНСК, 16 мая — Sputnik. Васіль Вітка, Крысько Цімох Васільевіч, быў народжаны 16 мая 1911 года ў вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Сям'я жыла бедна. Васілю было ўсяго некалькі месяцаў, калі яго бацька падаўся з сям'ёй ў Сібір на заробкі.

"У 1912 годзе, калі мне споўніўся год, мы былі ўжо ў Омску. Тулячыся ў падсуседзях па чужых кутках, бацька карміў сям'ю тым, што, гнучы спіну на гарадскім рынку, падбіваў і латаў просты і грубы абутак людзей", — пісаў Вітка у сваёй аўтабіяграфіі.

У хуткім часе Вітку забралі ў армію, і сям'і стала яшчэ цяжэй. Сям'я мусіла нават вярнуцца на Беларусь, але здолела гэта зрабіць толькі пасля рэвалюцыі.

Паэзія Васіля Віткі звязана ў першую чаргу з яго пачуццямі да радзімы, да Случчыны. На Слуцкай зямлі ён сфарміраваўся не толькі як паэт, але і як асоба. Прырода, людзі, наваколле, своеасаблівая мова спрыялі развіццю паэтычнага таленту, мастацкага светапогляду, густу. У сваіх вершах ён адлюстроўвае ўсю прыгажосць роднай зямлі, паказвае сваю сувязь з душой народа.

Пазней яго паэзія ўвойдзе ў зборнікі "Поўдзень" (1946), "Вернасць" (1953), "Ружа і штык" (1958), "Паверка" (1961), "Выбраная лірыка" (1968), "Вышыня святла" (1977),  і інш.

Усяго ім напісана болей дзесятка "дарослых" кніг, у якіх паэзія вызначаецца грамадзянскім пафасам. Асноўныя матывы гэтых твораў — услаўленне подзвігу чалавека ў Вялікую Айчынную вайну, прыгажосць роднай зямлі, роздум аб жыцці.

Аасаблівай пяшчотай, асаблівым, непаўторным бляскам заззяў паэтычны талент Васіля Віткі ў творах для дзяцей. Ён прыйшоў у дзіцячую літаратуру, як сам прызнаваўся, "па закліку сумлення, па закліку душы, па закліку сапраўднай любові".

Казачнік і настаўнік Васіль Вітка
© Sputnik/ Яўген Коктыш
Казачнік і настаўнік Васіль Вітка

Дзіцячая паэзія Васіля Віткі багатая рознымі жанрамі, сярод іх ёсць "складанкі-чытанкі, байкі-самаграйкі, песні-калыханкі, жарты-перакруткі, гулі-самагудкі, лічылкі, загадкі, ладачкі-ладкі". Напісаны яны з тонкім адчуваннем асаблівасцей дзіцячага ўспрымання, з любоўю да загадкава-чароўнай краіны Дзяцінства. Дзеці палюбілі кнігі Васіля Віткі, такія, як — зборнік апавяданняў "Зайчык-вадалаз" (1962), кнігу вершаў "Дударык" (1964), "Азбука Васі Вясёлкіна" (1965), выдатную кнігу вершаў, загадак, лічылак, пацешак і казачак для малодшага ўзросту "Чытанка-маляванка" (1971). Добра вядомыя беларускім дзецям кнігі — "Беларуская калыханка" (1971), "Хто памагае сонцу" (1975) і іншыя.

Творчасць Васіля Віткі для дзяцей пачалася з казачнага эпасу "Вавёрчына гора" ў 1947 годзе. Гэтую вершаваную казку паэт склаў, а потым напісаў, каб падбадзёрыць свайго хворага сына.

Вядомасць Вітке прынеслі творы для дзяцей "Буслінае лета" (1957) і "Казка пра цара Зубра" (1959).

Сваімі творамі Вітка быццам імкнуўся дапамагчы дзецям разабрацца ў разуменні дабра і зла, выхаваць іх людзьмі актыўнымі, бадзёрымі, эмацыянальнымі, дапамагчы дзецям — у адпаведнасці з узростам — своечасова рабіць для сябе патрэбныя адкрыцці ў навакольным асяроддзі.

Акрамя паэзіі і казак рабіў пераклады, плённа займаўся педагагічнай і публіцыстычнай дзейнасцю.

У 1972 годзе за кнігі для дзяцей "Беларуская калыханка", "Казкі" і "Чытанка-маляванка" Васілю Вітке была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы.

Пазней, у 1978 годзе, быў узнагароджаны Міжнародным ганаровым дыпломам імя Ханса Крысціяна Андэрсена з занясеннем прозвішча пісьменніка ў Ганаровы спіс выдатнага дацкага казачніка.

10 кастрычніка 1991 года — адзначаны медалём Францыска Скарыны.

Васіля Віткі не стала 5 ліпеня 1996 года. Але кажуць, што ў сапраўдных пісьменнікаў даты смерці няма. Творы Васіля Віткі і сёння ў актыве нацыянальнай літаратуры. Яны сталі сапраўднай класікай.

Тэги:
культура і мастацтва, Мастацтва, Жыццё знакамітых людзей, Літаратура, Васіль Вітка, Мінск, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы