15:58 09 снежня 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.12
  • EUR2.34
  • 100 RUB3.32
Адкрыццё выставы да 130-гадовага юбілею Змітрака Бядулі

“Гэты цудоўны Змітрок Бядуля!”

© Sputnik / Виктор Толочко
Падзеі і даты
Атрымаць кароткую спасылку
97670

Лёс рукапісу адной з самых незвычайных кніг Змітрака Бядулі – казачнай аповесці "Сярэбраная табакерка" містычны. Яго знайшоў салдат на папялішчы дома Бядулі ў вайну. Бамбілі Мінск, і сярод суцэльнага пажару ацалела толькі безабаронная папера.

Алена Масла, Sputnik.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Літаратурны музей Максіма Багдановіча  прэзэнтавалі выставу "Я сеяў іскры сэрца поўнай жменяй…", прысвечаную 130-годдзю са дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка, публіцыста і грамадскага дзеяча Змітрака Бядулі (Самуіла Яфімавіча Плаўніка), якое адзначаецца 23 красавіка.

Развянчанне міфаў

Творы Змітрака Бядулі, многія з якіх сталі хрэстаматыйнымі для беларускай літаратуры ("Пяць лыжак заціркі", "Малыя дрывасекі", "На Каляды к сыну", "Вялікодныя яйкі", "Летапісцы" і інш.) не страчваюць мастацкай значнасці і сёння.  

Тым не менш, выступоўцы зазначалі, што творчасць Змітрака Бядулі яшчэ не ацэнена належным чынам, а таксама развенчвалі міфы, створаныя пра пісьменніка біёграфамі савецкага часу.

Віктар Жыбуль, даследчык радаводу Змітрака Бядулі
© Sputnik / Виктор Толочко
Віктар Жыбуль, даследчык радаводу Змітрака Бядулі

Віктар Жыбуль, навуковец, даследчык радаводу пісьменніка, зазначыў, што ў адрозненні ад сваіх сучаснікаў, Змітрок Бядуля да гэтай пары застаецца не адкрытым.

Напрыканцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя выходзіў чатырохтомнік, дзе змешчаны далёка не ўсе творы пісьменніка. Таму даследчыкаў і чытачоў у будучым чакае шмат адкрыццяў!

"Будзь ласкавым размаўляць па-беларуску!"

Віктар Жыбуль распавёў, што ў ранні перыяд творчасці Бядуля пісаў на іўрыце, пасля — на рускай мове. Перайсці на беларускую падказаў яму Вульф Сосенскі з м. Даўгінава, дзе хлопчыкам Самуіл навучаўся ў ешыбоце (яўрэйскай духоўнай семінарыі). Шчыраваў гэты чалавек на розных працах, у тым ліку быў паштаром — разносіў газету "Наша Ніва".

"Прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, якія жывуць у беларускім краі сярод беларусаў, няхай будуць ласкавымі размаўляць па-беларуску і жыць іх жыццём", — навучаў юнага пісьменніка Вульф Сосенскі.

Ён жа "сасватаў" Змітрака Бядулю "Нашай Ніве" — даў яму адрас газеты, а ў рэдакцыю тым часам напісаў і сам: хваліў Самуіла як таленавітага аўтара.

Ад той пары Змітрок Бядуля стаў стала друкавцца ў "Нашай Ніве". Ён — першы стваральнік "белых вершаў" і верлібраў у беларускай літаратуры. Першая гістарычная аповесць "Салавей" таксама напісана Бядулем.

Бядуля супраць культу асобы

Міхась Кенька, мовазнаўца, згадаў, што першае яго знаёмства з творчасцю Бядулі адбылося ў школьную пару, калі чытаў "Пяць лыжак заціркі" і ледзь не плакаў ад жалю да беднай сямейкі. Перачытаць апавяданне так і не змог — душа балела.

А вось аповесць "Салавей" перачытваў, і не аднойчы. Раней яе трактавалі як першую гістарычную аповесць аб прыгоне і вылюдках-панах. Падтэкстаў нам не падказвалі, а самі мы ў тую пару не маглі да іх дайсці… Зараз жа шмат разважаюць пра тое, што "Салавей" — пратэст супраць сталінізму, культу асобы, расказаў навуковец.

Міхась Кенька разважае пра жыццё і творчасць пісьменніка
© Sputnik / Виктор Толочко
Міхась Кенька разважае пра жыццё і творчасць пісьменніка

Калісьці, як праводзіліся "Узвышаўскія чытанні", Ніл Гілевіч сказаў, што ў новыя часы на новых умовах трэба выдаваць Бядулю як мага поўна і больш, згадаў Міхась Кенька.

Міхасю Кеньку выпала пакланіцца магіле Змітрака Бядулі. Ён пахаваны ва Уральску — памёр там у 1941 годзе, у эвакуацыі.

На вучобу ў ешыбот

Яфім Самуілавіч Плаўнік, сын Змітрака Бядулі, даў магчымасць дакрануцца да сямейных гісторый пісьменніка. Біяграфія пісьменніка Змітрака Бядулі апісваецца нудна і сумна ва ўсіх хрэстаматыях, якія даводзілася чытаць, лічыць Яфім Самуілавіч. Пішуць, што сям'я нібыта жыла бядотна. А я сведчу, што гэта — не праўда.

Маці Змітрака Бядулі была хатняй гаспадыняй, а бацька — кавалём. Каваль кепска жыць не мог! Не было грошай у заказчыкаў — разлічваліся прадуктамі, нешта ў гаспадарку неслі.

Мой дзед (бацька Бядулі) вырабляў посуд з медных лістоў. Ён ведаў матэматыку і геаметрыю, таму мог рабіць разлікі на выраб такога посуду. Ён марыў, што сыны пяроймуць яго навыкі, бо гэты занятак быў пачэсным і прыносіў прыбытак.

Пра сям'ю распавядае сын Змітрака Бядулі, Яфім Плаўнік
© Sputnik / Виктор Толочко
Пра сям'ю распавядае сын Змітрака Бядулі, Яфім Плаўнік

У Самуіла быў брат Ізраіль, на дзевятнаццаць гадоў маладзейшы за яго. Лічылася, што Ізраіль яшчэ больш таленавіты, чым Самуіл. Ён таксама пісаў вершы і перакладаў з ідыш. Ізраіль загінуў на пачатку вайны, у 1941 годзе…

Дык вось дзед намагаўся даць сваім сынам добрую адукацыю. Ён перадаў ім свае веды па матэматыцы і геаметрыі, вучыў іўрыту. У гэтай сям'і усіх вучылі гранню на скрыпцы, і Бядулю таксама! А яшчэ дзед лічыў, што ў сям'і павінен быць равін! І майго бацьку (Змітрака Бядулю) аддалі на вучобу ў ешыбот.

Размовы пра тое, што Змітрок Бядуля — самавучка, лухта! Ён навучаўся ў ешыбоце, яўрэйскай духоўнай семінарыі, цягам трох гадоў па дзесяць гадзін штодзень! Там яны вывучалі Тору, і навучэнцы спасцігалі некалькі біблейскіх моваў, а таксама ведалі геаграфію біблейскіх часоў — краіны той пары, іх узаемадачыненні. А само вывучэнне Торы чаго вартае! Гэта кніга філасофіі і энцыклапедыя пачуццяў, зазначыў сын Змітрака Бядулі.

Імпрэсіяніст беларускай літаратуры

Не ведаю, ці быў бацька веруючым, але засвоены падчас вучобы светапогляд, адчуванне велічы свету ўвайшлі ў творы пісьменніка Змітрака Бядулі.

"Гэты цудоўны Змітрок Бядуля!" — чуў я ад Ніла Гілевіча. Таксама казаў пра творцу Іван Навуменка, які лічыў, што спасціг таямніцу Бядулі і называў яго "імпрэсіяністам беларускай літаратуры".

"Гэты цудоўны Змітрок Бядуля!" — казаў навуковец  Віктар Каваленка, які даследваў працу Бядулі-тэатраведа.

Мае сябры-музыкі не аднойчы казалі мне, што вершы Змітрака Бядулі вельмі музычныя. Адны па сваёй мелодыцы нагадваюць вальс, іншыя — санату або фугу… Мне вельмі падабаюцца гэтыя параўнанні. І я скажу вось што: як музыка Чайкоўскага адрозніваецца ад музыкі Скрабіна, так і пісьменнікі адрозніваюцца адзін ад аднаго. У Купалы, Коласа, Багдановіча, Бядулі — ва ўсіх розная мелодыка.

Творы Бядулі — шлях да Госпада

Галіна Дзягілева, акторка тэатра "Зьніч", іграе ў спектаклях па творах Змітрака Бядулі. Яна распавяла карэспандэнту Sputnik сваімі ўражаннямі ад твораў пісьменніка. 

Жаль да чалавека і вялікая любоў — вось чым напоўненыя творы Змітрака Бядулі. Яны настолькі глыбокія, што вымагаюць шукаць ключ да іх. У іх нямала страхаў і нават жахаў — тых, з якіх саткана чалавечае жыццё. І я думаю — ці не дзеля таго дае нам творца перажыць іх, каб чалавек пачаў шукаць Госпада, лічыць акторка.

Містычны лёс "Сярэбранай табакеркі"

Лёс рукапісу адной з самых незвычайных кніг Змітрака Бядулі — казачнай аповесці "Сярэбраная табакерка" містычны. Яго знайшоў салдат на папялішчы дома Бядулі ў вайну. Бамбілі Мінск, і сярод суцэльнага пажару ацалеа толькі безабаронная папера.

Глыбінны філасофскі сэнс закладзены ў казцы, якую прынята лічыць творам для дзяцей. Казка пра зайца — Дзіда-дзеда, якт злавіў Смерць у табакерку, набывае новае гучанне ў новым тысячагоддзі.

Ці не ў гэтай сярэбранай табакерцы схаваная Смерць?
© Sputnik / Виктор Толочко
Ці не ў гэтай сярэбранай табакерцы схаваная Смерць?

Як, прынамсі, і ўся творчасць Змітрака Бядулі — узор найвышэйшай мастацкасці і гуманізму.

На выставе да 130-годдзя Змітрака Бядулі прадстаўлены матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка наведвальнік зможа прасачыць праз шэраг фотаздымкаў, эпісталярыяў, прыжыццёвых выданняў, дакументальных сведчанняў актыўнай грамадскай дзейнасці Змітрака Бядулі.

Тэги:
падзеі і даты, Літаратура, Віктар Жыбуль, Змітрок Бядуля, Беларусь

Галоўныя тэмы