20:16 22 красавіка 2021
«Радыё Sputnik»
  • USD2.59
  • EUR3.13
  • 100 RUB3.40
Падзеі і даты
Атрымаць кароткую спасылку
2510

Самы страшны ў гісторыі суверэннай Беларусі тэракт забраў жыцці 15 чалавек.

МІНСК, 11 кра — Sputnik. Сёння Беларусь узгадвае ахвяр тэракту ў мінскім метрапалітэне, які адбыўся шэсць гадоў таму на станцыі "Кастрычніцкая".

11 красавіка 2011 года ў 17:55 на цэнтральнай станцыі сталічнага метрапалітэна адбыўся выбух, у выніку якога траўмы атрымалі сотні чалавек, а 15 беларусаў загінулі.

У гадавіну мінскага тэракту ля мемарыяла "Рака памяці" на выхадзе з вестыбюля станцыі метро "Кастрычніцкая" ганаровай вартай стаяць супрацоўніцы метрапалітэна.

Да мемарыяла ў гэты дзень прынеслі жывыя кветкі, часам ля памятнага знака спыняюцца мінчукі — ушанаваць памяць пацярпелых у самым страшным тэракце ў гісторыі суверэннай Беларусі.

Станцыя метро "Кастрычніцкая" размешчана ў цэнтры Мінска, недалёка ад будынка Адміністрацыі прэзідэнта, Палаца прафсаюзаў, Палаца Рэспублікі, ГУМа і "нулявога кіламетра". Станцыя — адна з самых загружаных у Мінску, з'яўляецца перасадачным вузлом паміж двума лініямі метрапалітэна.

11 красавіка 2011 года выбухная прылада знаходзілася пад лаўкай на платформе насупраць другога вагона цягніка, які рухаўся з боку станцыі "Плошча Перамогі". У выніку выбуху на платформе ўтварылася варонка дыяметрам каля 80 сантыметраў. Магутнасць выбуху ў трацілавым эквіваленце склала ад пяці да сямі кілаграмаў. Выбуховае прыстасаванне было начынена металічнымі шарыкамі дыяметрам каля аднаго сантыметра. У гэты ж час у процілеглым напрамку рухаўся іншы склад, які быў вымушаны прайсці без прыпынку. Як пазней распавядаў машыніст пацярпелага цягніка, выбух адбыўся прыкладна праз дзве секунды пасля адкрыцця дзвярэй вагонаў.

Праз тры хвіліны пасля выбуху на месца прыбылі першыя падраздзяленні выратавальнікаў, людзей са станцыі эвакуявалі. Уваход у метро зачынілі, рух па праспекце Незалежнасці, на які выходзіць станцыя, быў часткова перакрыты. Да месца здарэння былі сцягнутыя карэты "хуткай дапамогі", спецтэхніка МНС, міліцыі, КДБ, ля ўваходу ў метро дзяжурылі пажарныя. У Мінск прыбылі эксперты-крыміналісты ФСБ Расіі для аказання дапамогі ў расследаванні тэракту.

Па факце выбуху Генпракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу, праз суткі пасля тэракту беларускія спецслужбы затрымалі падазраваных у тэрарызме, ураджэнцаў Віцебска Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.

Падчас аднаго з допытаў Канавалаў паведаміў, што здзейсніў тэракт "для дэстабілізацыі абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь", каб "пасеяць страх, паніку". Абвяшчэнне прысуду абвінавачаным па справе аб тэракце ў мінскім метро адбылося 30 лістапада 2011 года. Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў Канавалава і Кавалёва да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу, матываваўшы сваё рашэнне тым, што арганізатар тэракту Канавалаў здзяйсняў неаднаразовыя акты тэрарызму, апошні з якіх пацягнуў смерць 15 чалавек, а Кавалёў, як саўдзельнік, на працягу многіх гадоў ведаючы аб дзеяннях Канавалава, не паведамляў пра гэта праваахоўным органам.

Кавалёў падаваў прашэнне аб памілаванні, Канавалаў гэтага рабіць не стаў. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адмовіўся памілаваць асуджаных у сувязі з выключнай небяспекай і цяжарам наступстваў для грамадства ад учыненых злачынстваў. 18 сакавіка 2012 года беларускае Агульнанацыянальнае тэлебачанне паведаміла, што смяротныя прысуды ў дачыненні да грамадзян Беларусі Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, асуджаных за тэрарызм, у тым ліку за выбух у мінскім метро ў красавіку 2011 года, прыведзены ў выкананне.

Тэги:
Тэракт, Мінск, Беларусь

Галоўныя тэмы