09:57 18 ліпеня 2018
«Радыё Sputnik»
  • USD1.98
  • EUR2.32
  • 100 RUB3.17
Цэнтральны роспіс у касцёле Антонія Падуанскага

У Віцебску ў касцёле на фрэсках намаляваны Пуцін, Абама і Далай-Лама

© Sputnik / Павел Вур
Спадарожнiк
Атрымаць кароткую спасылку
42680

У 2017-м годзе віцебскія католікі не адзін раз былі ў цэнтры ўвагі СМІ. Сучасныя фрэскі ў храме і будаўніцтва касцёла ў цэнтры города – усё гэта выклікала шмат пытанняў, на якія дагэтуль не кожны з гараджан знайшоў для сабе адказы.

Нядаўна каталіцкая царква адзначыла сваё галоўнае свята — Каляды. Зараз католікі разам з праваслаўнымі рыхтуюцца да сустрэчы Новага года. Чым жа быў адметны для католікаў з гораду на Дзвіне 2017 год, высвятляў карэспандэнт Sputnik, Павел Вур.

Справедчныя праўды ў сучасным мастацтве

Да роспісу храмаў можна ставіцца па-рознаму: нехта лічыць, што нельга адыходзіць ад традыцыйных і зразумелых форм, іншыя, наадварот, гатовыя да эксперыментаў, бо галоўнае — гэта думка, якую мастак увасабляе ў сваіх творах. Настаяцель каталіцкага касцёла святога Антонія Падуанскага айцец Вячаслаў Барок разам з мастаком Уладзімірам Кандрусевічам зрабіў не толькі вельмі стыльнае, але і сучаснае аздабленне ў храме.

Пуцін, які падносіць Езусу хурму, анёлы з бас-гітарамі і сучасныя жаўнеры, якія паснулі каля грабніцы Хрыста — многім спатрэбіўся пэўны час, а таксама намаганні, каб прыняць новы роспіс касцёлу.

Настаяцель каталіцкага касцёла святога Антонія Падуанскага айцец Вячаслаў Барок
© Sputnik / Павел Вур
Настаяцель каталіцкага касцёла святога Антонія Падуанскага айцец Вячаслаў Барок

"Не ўсе адразу прынялі гэта на "ўра". Некаторыя задаюць шмат пытанняў і зараз, але гэта добра, што чалавек крытычна падыходзіць да роспісу. Для мяне важна, што тут, у гэтым храме не парушаецца праўда Евангелля, падкрэсліваецца тое, што Бог ёсць у цэнтры. І хочам мы гэтага ці не, рана ці позна кожнае зло будзе пакарана, бо яно мае свае межы, а дабро — бязмежна, таму і трываць будзе вечна. І шчаслівы той чалавек, які ў гэтым свеце знаходзіць Бога і ідзе шляхам веры і шляхам дабра. Аб гэтым распавядаюць гэтыя фрэскі. А што тычыцца крытыкі, канешне, былі пытанні, напрыклад, запытвалі, чаму анёлы намаляваны з такімі інструментамі, а не з іншымі. На што я паўжартам адказваў, што не ведаю, як анёлы выглядаюць і на якіх інструментах граюць, але калі хтосьці іх бачыў і ведае, на чым яны граюць, то, калі ласка, прыдзіце, скажыце, і мы гэта паправім", — распавёў Sputnik спадар Барок.

Увогуле, айцец Вячаслаў упэўнены, што выяўленчае мастацтва ў храме, па-першае, павінна прапаведаваць, а ўжо потым упрыгожваць касцёл. І сучасныя фрэскі, якія распавядаюць зразумелай мовай пра барабацьбу дабра са злом, лепш за ўсё падыходзяць для дасягнення гэтай мэты.

"Унутранае аздабленне павінна несці ў сабе месэндж. І вось гэтае пасланне і ёсць прапаведванне Евангелля. Ну, а тое, што выяўленчае мастацтва выкарыстоўвае сёння сучасны стыль, то гэта таксама дзеля таго, каб данесці слова Божае да людзей. Канешне, усходняя і заходняя царквы ідуць да гэтага рознымі шляхамі. І калі, напрыклад, усходняе хрысціянства ў сакральным мастацтве, у стварэнні ікон засталося на тым узроўні, які быў дасягнуты ў сярэднявечнай Візантыі, то на Захадзе было пэўнае развіццё. І тут узгдваецца класічны прыклад: славуты італьянскі мастак Джотта дзі Бандонэ, які тварыў і ў Падуе, і ў Фларэнцыі, і ў Асізе. На пачатку XIV стагоддзя Бандонэ выкаростоўвае, можна сказаць, рэвалюцыйныя метады ў іконапісе: на іконах з'яўляецца перпектыва, пэўныя прасторы замест двухмерных роспісаў, якія на той момант лічыліся класічнымі. І мы бачым, што ягоныя карціны пачынаюць набіраць жыццё, на іх ужо адбываецца нейкі дыялог. Гэты прыклад паказвае, што каноны мастацтва паступова развіваліся, адпавядаючы часу", — разважае спадар Барок.

Унутранае аздабленне касцёла Антонія Падуанскага
© Sputnik / Павел Вур
Унутранае аздабленне касцёла Антонія Падуанскага

Першапачаткова парафіяне аднесліся да новага аздаблення касцёла з насцярогай, але, з цягам часу, большасць з іх звыклася с сучасным стылем фрэсак і перастала яго заўважаць, звяртаючы ўвагу выключна на біблейскія матывы роспісу.

"Канешне, спачатку для мяне гэта быў шок: Пуцін, Абама, Далай-Лама, анёлы з бас-гітарамі, экскаватары, — і ўсё гэта намалявана на сценах касцёла, дзе павінны быць сюжэты з Бібліі, як мне здавалася. Але зараз прывыкла і гляджу на гэтыя фрэскі па-іншаму, часам нават магу задумацца, а што было б на самой справе, калі б уся біблейская гісторыя адбылася ў сучасным Віцебску. Хаця мая сяброўка дагэтуль не прыймае гэтыя фрэскі, я лічу, што ад самога чалавека залежыць: гатовы ён ці не мяняцца і прымаць нешта новае", — распавядае Ганна, парафіянка касцёлу святога Антонія Падуанскага.

Пуцін, хурма і бас-гітары

Фрэскі сапраўды ў непадрыхтаванага гледача могуць выклікаць шмат пытанняў. Так, на адной з іх Пуцін, Абама і Далай-Лама з прадстаўнікамі ваеннага ведамства і царквы, з аднаго боку, і жабракі, з іншага, кладуць да ног Марыі, якая трымае маленькага Езуса на руках, дары. За спіной Божай Маці стаіць трактар "Беларус". У цэнтральным роспісе паказаны ўваскрослы Езус, які вярнуўся на зямлю, ад яго бягуць людзі у сучасных дзелавых касцюмах, а дзяўчына ў лёгкай блакітнай сукенцы, наадварот, ідзе да Хрыста. Каля адкрытай грабніцы Збавіцеля спяць жаўнеры, апранутыя у вайсковую форму XX стагоддзя, а ў небе анёлы, некаторыя з іх граюць на сучасных інструментах. У касцёле няма ніводнага роспісу, зробленага у класічнай манеры, гэта больш нагадвае карціны, а не фрэскі.

"Наш тандэм з Уладзімірам Кандрусевічам утварыўся праз тое, што мы разам працавалі ў Расонах, дзе я будаваў храм, а ён працаваў над яго ўнутраным убраннем. Там таксама ёсць роспісы ягонага аўтарства і там ужо сапраўдныя фрэскі, якія выкананы ў стыле Аль Джота і зроблены фарбамі па сырой тынкоўцы. Улічваючы той пазітыўны вопыт супрацоўніцтва, я адважыўся даручыць яму гэтую місію: папрацавць тут, у гэтым храме святога Антонія. Улічваючы, што вырашэнне ўнутранага ўбранства касцёлу дакладнае, можна сказаць ідэйнае, на першым этапе ідэя — не ўсе элементы і падрабязнасці, але сама ідэя — была ўзгоднена з нашым ардынарыям, біскупам Алегам Буткевічам. Пасля яго дазволу мы пачалі распрацоўваць аздабленне. Я замовіў прапанову Уладзіміру, і праз нейкі час ён агучыў свае ідэі, мы іх супольна прапрацавалі. А потым, яшчэ праз некаторы час, ад яго ўжо былі канкрэтная прапановы па роспісах. Канешне, ідэя ягоная, як мастака, але ўсё, што тут ёсць, было ўзгоднена і зацверджана разам са мною", — кажа айцец Вячаслаў.

Роспіс, на якім паказан прыход да Хрыста трох Каралёў
© Sputnik / Павел Вур
Роспіс, на якім паказан прыход да Хрыста трох Каралёў

Па словах спадара Барка, кожны роспіс у касцёле святога Антонія Падуанскага мае вельмі глыбокі сэнс. Так, напрыклад, фрэска на якой Пуцін, Абама і Далай-Лама нясуць да Езуса хурму, адлюстроўвае падзею Богаяўлення. З аднаго боку, яна адлюстроўвае Свята трох каралёў, якое святкуецца ў касцёлах 6 студзеня. Тры мудрацы з Усходу прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Езусу і тым самым прызналі ў яго асобе сапраўднага ўладара і Бога. З аднаго боку, гэты роспіс адсылае да той падзеі ў мінулым, але, з iншага боку, ён вырваны з гістарычнага кантэксту. У ім паказваецца, па меркаваннях святара, тое, што будзе нас чакаць у будучым. І багатыя, тыя, хто стаіць ля ўлады, і жабракі прыйдуць да Бога, бо кожны чалавек мае на гэта права. Задума гэтага роспісу — паказаць, что Хрыстос аб'ядноўвае ўсё чалавецтва. Таму і "моцныя" гэтага свету сімвалічна адносяцца да трох рас: белай, чорнай і жоўтай. Пытанне ўзнікае, чаму маленькаму Хрысту дораць хурму.

"Па адной з легенд, якую я чуў у Ізраіле, тым плодам, які чалавек з'еў у Раі і які стаў забаронены, была акурат хурма. Ёсць традыцыі, якія пераказваюць, што гэта быў гранат, але ёсць і такіе, якія кажуць, што гэта была хурма. Такім чынам, мы хацелі паказаць, что чалавек вяртае тое, што ўзяў колісь", — тлумачыць Вячаслаў Барок.

Прароцкі роспіс

Ёсць у касцёле фрэска, можна сказаць, прароцкая. На ёй — выява святога Антонія Падуанскага з маленькім Езусам на руках: яны сядзяць ля дроту, за якім адбудоўваецца касцёл святога Антонія Падуанскага ў цэнтры Віцебска — на сваім гістарычным месцы. У 1961 годзе будынак быў зруйнаваны ўладамі, а, з цягам часу, на гэтым месцы паставілі фантан. Фрэска была намалявана амаль паўгода назад, а нядаўна Міністэрства культуры дала дазвол парафіі святога Антона Падуанскага на перадпраектныя работы.

Прароцкі роспіс, на якім паказана адбудова касцёла Антонія Падуанскага на яго гістарычным месцы
© Sputnik / Павел Вур
Прароцкі роспіс, на якім паказана адбудова касцёла Антонія Падуанскага на яго гістарычным месцы

"Калі стваралася гэтая фрэска, яшчэ не было ніякіх дазволаў. Але я ведаў, што іх дадуць, таму што касцёл у свой час стаяў на тым месцы і, напэўна, ёсць воля Божая, каб ён адбудоўваўся менавіта там. Я гэта ведаў, кіруючыся не рэчаіснасцю сённяшняга дня і фактамі, але воляй Божай і сваёй верай. Пакуль што нам дазволілі правесці сбор навуковай інфармацыі і археалагічныя работы, калі ёсць на гэта патрэба, таму што на месцы гэтай пабудовы ёсць так называемы культурны пласт, які таксама знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Будзем капаць пад фантанамі, які перанясуць у бок. У рамках гэтых работ зацвердзяць эскіз касцёлу, які будзе будавацца", — расказаў айцец Вячаслаў.

Па словах святара, чыноўнікі, у сваёй большасці, хаця і не ўсе, ідуць насустрач, бо разумеюць карысць для людзей і горада ад будаўніцтва касцёла. Апарат упаўнаважанага па справах рэлігіі павінен даць свой дазвол на будаўніцтва храма і толькі пасля гэтага дакументы змогуць пайсці да прэзідэнта, які канчаткова дазволіць яго ўзвядзенне.

На ўсе першапачатковыя работы касцёлу святога Антонія Падуанскага спатрэбіцца мінімум два мільёны долараў, і хаця гэта не ўся неабходная сума, Вячаслаў Барок лічыць, што парафія здолее знайсці гэтыя грошы. Але ён за тое, каб сабраць iх самiм.

"Шчыра кажучы, я не разумею, навошта будаваць яшчэ адзін касцёл у Віцебску, калі і ў гэтыя мало хто ходзіць. Лепш аддалі б на лячэнне дзецям. Амаль штотыдзень у сацсетках шукаюць па 50 — 100 тысяч долараў на аперацыю каму-небудзь. А вось зараз палічыце, колькі малых можна было б выратаваць на гэтыя грошы!" — падзялілася са Sputnik Ганна.

Аднак некаторыя лічаць, што галоўны касцёл, асабліва, калі гэта частка гісторыі горада, Віцебску неабходны. Канешне, на такое будаўніцтва спатрэбяцца вялікія грошы, і будзе добра, калі нам дапамогуць у гэтай справе.

Сучасны касцёл святога Антонія Падуанскага
© Sputnik / Павел Вур
Сучасны касцёл святога Антонія Падуанскага

"Мне здаецца, што няправільна задаваць пытанне аб тым, хто да нас прыйдзе і дапаможа адбудаваць гэты кацёл. Калі мы самі яго ў ХХ стагоддзі знішчылі, а не ворагі звонку, то абсурдна было б чакаць дапамогі. Знішчваем мы за свае грошы, а адбудоўваць павінен чужы чалавек? Ну не будзе такога. Не будзе так, што іншаземцы прыдуць і збудуюць нам жыццё добрае. Я маю такую ідэю, каб мы самі ўзяліся за свой розум і каб у нашых сэрцах адрадзілася гэтая патрэба — адбудаваць святыню, бо толькі тады гэта мае сэнс, калі мы самі палічым, што касцёл нам патрэбны як сімвал пакаяння за грахі мінулага стагоддзя. Тады гэта быў бы для нас шанец на тое, што ў будучым ніколі не паўторыцца тая трагедыя, якая адбывалася ў ХХ стагоддзі. Канешне, ужо зараз ёсць людзі з-за мяжы, гатовыя нам дапамагчы, і гэта добра, бо паказвае салідарнасць каталікоў. Але, калі палічыць, асабліва ў параўнанні, то два мільёны долараў не такая ўжо касмічная сума. Уявіце сабе, што за год наша краіна прапівае два мільярды долараў! Калі я працаваў у Расонскім раёне, так там падавалася статыстыка, што за год раён прапіваў два мільёны долараў", — кажа Вячаслаў Барток.

Калі ўсё ж такі касцёл здолеюць адбудаваць, ён стане цэнтральным каталіцкім храмам у Віцебску. Яго плошча будзе каля 1000 квадратных метраў, і змесціць ён да дзвюх тысяч чалавек, у залежнасці ад таго, як шчыльна людзі будуць стаяць адзін да аднаго. Але гэта не значыць, што ён перацягне парафіян з другіх касцёлаў, — лічыць айцец Вячаслаў.

Увогуле, Вячаслаў Барок не бачыць дрэннага ў тым, што каталіцкі касцёл намагаецца адпавядаць часу.

Вячаслаў Барок упэўнены, што касцёл трэба будаваць уласнымі сіламі
© Sputnik / Павел Вур
Вячаслаў Барок упэўнены, што касцёл трэба будаваць уласнымі сіламі

"Безумоўна, прапаведваць трэба сучаснай мовай. Таму, што сам Бог, які любіць чалавека, робіць першы крок да яго, пасылаючы свайго сына ў гэты свет, а не чакае, пакуль той стане мудрым і вернецца да свайго любячага Айца. Будучы мудрэйшым за сваіх дзяцей-людзей, ён пасылае Хрыста дзеля таго, каб той прапаведваў Слова Божае і дапамог чалавеку знайсці зваротны шлях да валадарства Божага", — разважае Вячаслаў Барок.

А таму, згодна з логікай Божай, каталіцкі касцёл павінен прапаведваць чалавеку, які можа быць разгублены і не ведае, што дзеецца вакол, нязменлівыя праўды Божыя сучаснай і зразумелай мовай.

Тэги:
Рыма-каталіцкі касцёл у Беларусі, Далай Лама, Вячаслаў Барок, Барак Абама, Уладзімір Пуцін, Віцебск, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы