05:53 14 снежня 2018
«Радыё Sputnik»
  • USD2.12
  • EUR2.41
  • 100 RUB3.20
Пятровіца - 2018

Ліпеньскія клопаты: як працавалі нашы продкі ў самы салодкі месяц лета

© Sputnik Альфрэд Мікус
Спадарожнiк
Атрымаць кароткую спасылку
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (37)
7020

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра народныя ліпеньскія прыкметы і вучыць гатаваць найсмачнейшыя рыбныя галушкі.

У народзе кажуць: "Хто ў ліпені на полі пацее, таго ўзімку печка грэе". Працы на агародзе і ў полі, сапраўды, хапае ўсім.

Народная мудрасць пра ліпеньскія клопаты:

  • Ранняя птушка зубкі цярэбіць, а позняя — вочкі трэць.
  • Зерне ў каласку, не валяйся ў халадку.
  • Святы Андрэй за ўсіх мудрэй, саху ладзіць, каня гладзіць.
  • На Андрэя азімыя наліліся, а татка-авёс да палавіны дарос.
  • Святы Данат коскі точыць, сянцо косіць.

Пакуль жанчыны працуюць з садавінай і агароднінай, мужчыны займаюцца нарыхтоўкай сена. Касавіца — мужчынская праца. Нарыхтоўка сена была заўсёды не меньш важнай справай, чым жніво. Чым больш было назапашана сена, тым больш упэўнена адчуваў сябе гаспадар зімой. Лішкамі сена нават гандлявалі на кірмашах. Асабліва цаніліся сакавітыя, духмяныя ліпеньскія ўкосы.

Луговые травы и цветы
© Sputnik / Игорь Подгорный
Траву нарыхтоўвалі паўсюдна: на паплавах, у полі і ў лесе

Траву нарыхтоўвалі паўсюдна: на паплавах, у полі і ў лесе. Часам на касавіцу выпраўляліся далёка ад хаты. Спяшаючыся накасіць як найболей, начавалі ў полі ў адмысловых буданах. Ежу бралі з сабой. Выпраўляючы гаспадара на касавіцу, гаспадыня клала ў яго торбу кавалак сала, хлеб, пер'е цыбулі і агуркі.

Часам гарачы абед хто-небудзь з жанчын прыносіў у поле. Бралі з сабой і пітво. Звычайна гэта быў укіслы да гэтага часу бярозавік або хлебны квас. Калі касьба адбывалася каля ракі, то стараліся ў вольную хвіліну налавіць рыбы, каб падсілкавацца юшкай, або проста пяклі яе на вуголлях. Сушыць у ліпені сена перашкаджалі частыя дажджы і вялікія росы, таму даводзілася пільна сачыць за надвор'ем па прыкметах, якіх было нямала.

Як прадказаць надвор'е ў ліпені?

  • Калі дажджавыя чэрві выпаўзаюць з зямлі, то яснае сонечнае надвор'е зменіцца дажджом з навальніцай;
  • Птушкі раптам змоўклі, а ластаўкі і стрыжы лётаюць над зямлёй — будзе навальніца;
  • Вераб'і сціхлі і схаваліся пад дах — набліжаецца навальніца;
  • Камары ўвечары "мак таўкуць" (клубяцца) — да добрага надвор'я;
  • Неба ў навальнічных хмарах, а пчолы не хаваюцца — дажджу не будзе;
  • Весела скачуць і стракочуць конікі — да сухога і яснага надвор'я;
  • Калі на шырокім лісці канаў раніцай з'яўляюцца кроплі вады, то ўдзень будзе дождж або навальніца.

Гарачы і сухі чэрвень прыспешыў зацвітанне ліпы, у гонар якой называецца другі месяц лета. Калісьці ж па часе зацвітання ліпы вызначалі  пачатак масавай уборкі азімага жыта. Ліпа зацвіла — праз тры тыдні пачынай жніво. Таксама аб спеласці жыта селяніну падказвалі паспелыя ў лесе ягады чарніц. Пачатак жніва прымяркоўвалі да святкавання ў народзе прысвятка Ганны, які прыходзіўся на канец месяца. Казалі: "Святая Ганна снапы кладзе".

Сбор черники в Омской области
© Sputnik / Алексей Мальгавко
Аб спеласці жыта селяніну падказвалі паспелыя ў лесе ягады чарніц

Гэтым жа часам у пятніцу перад Іллёй, якога святкуюць 2 жніўня, адзначалі дзень "зазубрывання" або вастрэння сярпоў — Серпавіцу, калі каля кузні стаяла чарга з вясковых баб. Асабліва цанілася кавальскае майстэрства вандроўных кавалёў-цыганоў. Лічылася, што яны ўмелі выкаваць і зазубрыць такі серп, якім было лёгка і скора жаць.

Пятровіца – 2018
© Sputnik Альфрэд Мікус
Гаспадынька з сярпамі

Аб жанчыне, якая за дзень больш за іншых накладала снапоў, казалі, што яна "мае цыганскі серп". Калі пачыналася жніво, усе іншыя гаспадарчыя працы адкладаліся ў бок. Усе сілы сялянскай сям'і былі скіраваныя на тое, каб як мага хутчэй звезці з поля ўраджай збожжавых.

Ліпень — месяц, поўны працы. У народных прыказках нават святыя ў ліпені не сядзяць без працы: "Святы Пятро жыта сцеліць, святы Кузьма сярпы робіць, а святы Дзям'ян сена грабіць".

Вядомы і добры звычай бескарыснай дапамогі ў працы нямоглым суседзям талакой. Адбывалася гэта на Пятра і Паўла. Пра такую талаку ёсць прымаўка: "Святы Пётра талаку збіраў копы сена вазіць, стагі мятаць".  Дарэчы, ў гэты дзень працаваць на ўласную гаспадарку забаранялася, паколькі лічылася грахом. Калі праца была завершана, па традыцыі гаспадары наладжвалі частаванне. Звычайна гэта былі простыя, але пажыўныя стравы. У гэты час на стале ў селяніна з'яўлялася маладая бульба, агуркі і цыбуля, у лесе было поўна грыбоў, а ў вадаёмах — рыбы. Таму гаспадарам было чым пачаставаць талакоўцаў.

Рыбныя галушкі

  • 500 гр рачной рыбы

  • 75 гр пшанічнай мукі
  • 2 яйкі
  • 1 ч. лыжка чорнага перцу гарошкам
  • 1 ст. лыжка насення кропу
  • 1-2 цыбуліны
  • 1,5 ч. лыжкі солі
  • 1 ч. лыжка масла

Як гатаваць:

Дробную рачную рыбу пачысціць ад костак, дробна насячы нажом, але не прапускаць праз мясарубку і расцерці. Дробна насечаную цыбулю, кроп, перац і соль стаўчы ў ступцы, дадаць у рыбу.

Рыбалка
© Pixabay
Для рыбных галушак можна браць любую рачную рыбу

Муку развесці ў малацэ, уліць узбітыя яйкі і перамяшаць, аб'яднаць з рыбным фаршам, усё разам добра расцерці і ўзбіць, каб атрымалася аднародная маса. Зварыць рыбную юшку з галоў, плаўнікоў і костак, пасаліць і адварыць у ёй галушкі на маленькім агні да гатоўнасці. Дастаць з юшкі і падаць асобна з маслам і бульбай.

Смачна есці!

Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (37)

По теме

Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі
Віно і смажаныя кураняты: што яшчэ гатавалі нашы продкі з агрэсту
Таблетка ад страху і абярэг ад нячысцікаў: чым яшчэ праславіўся часнок
Добра жыць і не тужыць, або Народныя парады для мужоў і жонак
Навошта кувае зязюля і што пра гэта кажуць у народзе
Кухня нашых продкаў: як гатаваць прываротнае зелле і любімы соус Гётэ
Кухня нашых продкаў: каперсы з капуцынаў і дзікія качкі з белым соусам
Тэги:
народныя прыкметы, беларуская кухня, Ларыса Мятлеўская, Беларусь

Галоўныя тэмы