Восеньскі сонцаварот: пачатак астранамічнага валадарства Восені

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяВосень ўступіла ў свае правы
Восень ўступіла ў свае правы - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Сёння – Дзень восеньскага сонцавароту. Так-так: у 14 гадзін 21 хвіліну пачнецца астранамічнае валадарства Каралевы Восені.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik.
Як і нашы продкі, мы, пасля Масленіцы і Купалля, абавязкова павінны ўшанаваць жыццядайнае Сонца. Карацей, у нас ёсць нагода не сумна сустрэць і правесці гэты цудоўны дзень, які да ўсяго іншага яшчэ і роўны ночы! Гэта азначае толькі адно — гуляць можна працягнуць і ўначы.

Вогнішча, застолле, спевы і танцы

Звычайна восеньскі сонцаварот прыпадае на 22 або 23 верасня, і ва ўсім свеце яго абавязкова ўшаноўваюць, хто як можа і разумее.
Напрыклад, сусветна бароняць сланоў ці адмаўляюцца ад карыстання аўтамабілямі, у ЗША ухваляюць жанчын, якія займаюцца бізнесам, у Мексіцы імкнуцца падняцца на вяршыню піраміды майя, каб там, сустрэўшыся з сонцам, загадаць жаданне і г. д.
У беларусаў гэты дзень не святкаваўся асобна, як іншыя восеньскія святы, такія як Дажынкі, Багач, Дзяды — і ўсё ж існавалі пэўныя мудрыя звычаі, якіх прытрымваліся нашы продкі, памятаючы аб незвычайнасці гэтага дня. 
А звычаі тыя былі накіраваныя на захаванне дабрабыту, здароўя і кахання. Што яшчэ патрэбна чалавеку!
Як святкавалі? Ды вельмі проста! Існаваў пэўны комплекс дзеянняў, які быў абавязковы для гэтага дня: вогнішча, застолле, адпачынак са спевамі і танцамі.
Спачатку прыбіраліся на падворку і ў хаце, з асалодай палілі старызну, уяўляючы, як разам з рэчамі знішчаюцца нястачы мінулага года.
Гэтым часам гаспадыні палілі ў печы і пяклі бліны, вялікія і маленькія булачкі з мукі новага ўраджаю, каб пачаставаць імі сямейнікаў, суседзяў, сваякоў і тых, з кім хацелі жыць у суладдзі.
Частуючы, жадалі ўсім дабрабыту, ладу і багатага ўраджаю!
Таксама на стале прысутнічалі стравы з мяса і рыбы, разнастайная гародніна новага ўраджаю.
Седзячы за святочным сталом, спявалі песні, наладжвалі танцы. Дзеці ўпрыгожвалі хату рабінавымі гронкамі.

Блінцы з тварагом

250 г тварагу, 1 жаўток, 3 ст лыжкі смятаны, 60 г тлушчу, соль, цукар.
Напячы тонкіх блінцоў, змазваючы патэльню кавалкам сала. Тварог працерці праз сіта, каб не было камячкоў, дадаць жаўток, цукар, соль па смаку, смятану, усё расцерці. Атрыманай тварожнай масай тонка намазаць блінцы і скруціць у тубачку. Скласці на бляху, нашмараваную тлушчам. Перад тым, як уставіць бляху ў печ або духоўку, блінцы абмазаць зверху растопленым маслам.
 
 
Запякаць да атрымання светла-залацістага колеру. Падаць гарачымі са смятанай ці так, без нічога.
Будзе смачна.

Блінцы

200 г мукі, 2 яйкі, 1 шклянка малака, 1 шклянка вады, соль, кавалак сала для змазвання патэльні.
Яйкі ўзбіць, дадаючы патроху муку і малако, змяшанае з вадой, пасаліць. На разагрэтую, змазаную салам патэльню апалонікам наліваць цеста і абсмажваць блінцы з абодвух бакоў на малым агні. З гэтых прадуктаў мусіць атрымацца прыкладна 20 блінцоў сярэдняй велічыні.

Абрады восеньскага сонцавароту

Ад гэтага дня пачыналася другая палова ласкавай восеньскай пары — "бабінага лета".
Бабіна лета заўсёды ўспрымаецца як жаданне ўхапіць за хвост хутка знікаючае лета, працягнуць аксамітныя вечары з чырванню закатаў.  Так і жанчынам заўжды хочацца захававаць як надолей хараство маладосці.
У гэты чароўны вераснёўскі дзень яны імкнуліся падняцца з цёплай пасцелі абавязкова да ўсходу сонца. Рабілі гэта не таму, што наперадзе шмат дзённых клопатаў, а таму, што спяшаліся апаласнуцца халоднай вадой, якая ў гэты час, маўляў, валодае незвычайнымі якасцямі. Вадзіца была здольная зрабіць любую жанчыну прыгажуняй да старасці, а незамужнім абяцала на працягу гэтага года сустрэчу з тым самым адзіным!
І яшчэ. Не памятаю, хто распавёў мне смешны звычай гэтага дня, што быццам бы калі жадаеш прасунуцца па службе ці хутка атрымаць грошы, трэба выпэцкаць далоні ў чорнае і пастаяць на веніку некалькі хвілін і тады, маўляў, здзейсніцца тое, што жадаеш.
Думаю, такое прыйшло ў галаву таму, хто шчыра працаваў, прыбіраючы хату і падворак, і, пабачыўшы свае рукі і венік, вырашыў загадаць жаданне, якое пасля нейкім чынам здзейснілася.
А мо паспрабаваць? Сажы ў печы хапае! І хто ведае, як нараджаюцца традыцыі!

Дзюркі ў небе і надвор'е

А народу ў свеце багата, і ў кожнага свае завядзёнкі, але ёсць сярод іх такія, якія шмат каму зразумелыя.
Вось, напрыклад, Японія так далёка ад Беларусі, а восеньскі сонцаварот людзі там сустракаюць амаль як мы.
У гэты дзень японцы паўсюдна наводзяць чысціню, гатуюць смачныя стравы і памінаюць продкаў. Нават свята гэта ў іх, як і нашы Дзяды, дзяржаўнае і, дарэчы, з 19 стагоддзя.
А яшчэ ў гэты дзень у 2006 годзе японцы з касмадрома Уцінаура пры дапамозе ракеты-носьбіта запусцілі свой навуковы спадарожнік для доследаў у галіне фізікі сонца. Вось якія яны, блізкія-далёкія дзеці краіны Узыходзячага Сонца!
Аднойчы на вёсцы пачула гутарку паміж старэнькімі бабулькамі аб зменах у надвор'і, якое перастала падпарадкоўвацца народным прыкметам. Гэта ж, маўляў, дзірак у небе ракетамі нарабілі, то дождж л'е і л'е безупынку!
Вось так, даражэнькія, ёсць пра што падумаць перад запускам чарговай ракеты…

Народная метэаралогія і  восеньскі сонцаварот

Згодна з народнымі прыкметамі, у перыяд восеньскага роўнадзенства можна меркаваць цалкам аб усёй восені.
  • Калі будзе цёпла і суха, то і восень будзе лагодная, а зіма надыдзе не хутка.
  • Калі птушкі ў гэты дзень пачнуць адлятаць у вырай, то чакай сцюдзёнай зімы.
  • Калі на бярозе і рабіне да гэтага часу пажаўцела лісце, то чакай хуткіх прымаразкаў.
Ну а калі, як учора, Каралева Восень ехала па небасхіле на "рабой кабыле" — гэта значыць, што дождж чарагаваўся з сонцам, то і восень чакай і з дажджамі і з сонцам!
А каб восеньскі дожджык не наганяў тугу, напячыце сонечных бліноў і запрасіце суседзяў на гарбату.
Добрай вам восені, даражэнькія!
Стужка навiн
0