19:10 23 жніўня 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.06
  • EUR2.28
  • 100 RUB3.13
Рабіны ў чыгунку

Рабіна – горкія слёзы Евы

© Photo : Ларыса Мятлеўская
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (42)
226100

Увосень, як і ўлетку, няма часу спаць у шапку! Самы час бегчы ў лес па ягады рабіны.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Восеньскай парой толькі паспявай паварочвацца, калі хочаш сустрэць зіму з поўнай прыпасамі клеццю.

Рабіна ў восеньскім лесе цяпер асабліва цешыць вока! Дрэвы навокал яшчэ зялёныя і толькі чырвань рабін відаць здалёк. Вабіць гэтае дрэва, хоць чырвоныя сакавітыя ягады — горкая несмач! Больш за адну не з'ясі — і тую выплюнуць хочацца.

На думку простага люду рабіна вырасла з горкіх слёз Евы, якую Бог выгнаў з Раю. Але, не зважаючы на гэта, з даўніх часоў з чырвоных рабін гатуюць розныя смачныя стравы. Людзі кажуць, што калісьці ягады рабіны былі салодкія і вельмі смачныя, але нячысцік, каб нашкодзіць людзям, апаганіў іх — і яны зрабіліся горкімі.

Праз гэтую гаркоту лічылася, што калі будзеш есці шмат свежых ягад рабін, то будуць балець зубы. Але я думаю, што рабіна тут ні пры чым, а той, хто прыдумаў тую прыкмету, проста не хадзіў да стаматолага.

Загадка: Паверх лесу агонь гарыць

Народныя ўяўленні

Чырвоны вогненны колер ягад рабіны і яе лісце крыжападобнай формы забяспечылі выкарыстанне гэтага дрэва ў якасці надзейнага абярэга.

Дрэва рабіны ля хаты
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Дрэва рабіны ля хаты

Вось чаму і цяпер на вёсцы і нават у горадзе часта каля жытла можна сустрэць рабінавыя дрэвы, а на свята Багач гронкамі рабін працягваюць упрыгожваць хаты і жытнія снапы.

 

 

Паводле народных меркаванняў, дрэва лічылася настолькі чарадзейным, што магло забіраць чалавечыя хваробы, скінутыя на яго знахарамі, але пры гэтым, каб расліна не адпомсціла за свае пакуты, трэба было шчыра прасіць у яго прабачэння. І яшчэ, лічылася, што выцяўшы ваўкалака рабінавай палкай, можна было вярнуць яму чалавечае аблічча!

Убранае арабінамі акно
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Убранае арабінамі акно

От жа ж ведай ты ўсё! Але, дзякуй Богу, ваўкалакаў сустракаць даводзілася толькі ў кіно, ды і заўважана, што ліхія людзі на тыя падворкі, дзе растуць рабіны, не захаджваюць. Ну то і добра.

Народныя прыкметы

Не ведаю, як вам, а мне змалку вядома, што калі на рабінах, як сёлета, шмат ягад, то будзе вельмі марозная зіма.

Калісьці бабуля мне тлумачыла, што рабінам вядома пра тое загадзя — і такім чынам яны клапоцяцца пра птушак, якія застаюцца зімаваць у лесе.

У падзяку за пачастунак птушкі разнясуць па лесе ягадкі, з якіх у будучым падымуцца маладзенькія дрэўцы. Вось такая паміж імі згода. Дарэчы, заўважана, што ў год, калі ягады рабіны доўга не спеюць, не бывае ні добрай восені, ні цёплага лета.

Цікава, чаму ў народзе з такой пяшчотай і любоўю ставяцца да рабінаў? Быццам бы гэта не дрэва, а дзяўчо безабароннае, якое ўсё туліцца то да магутнага дуба, то да стройнага клёна, то да ясеня. Пра тое і ў песнях спяваюць.

Каралі з арабіны
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Каралі з арабіны

Зламаць, ссячы рабіну лічыцца вельмі дрэнным учынкам, бо, паводле павер'я, знішчаюць не дрэва, а жывую душу маладой жанчыны, нялюбай нявесткі і яе дзяцей.

З гэтай нагоды ўзгадалася гутарка з адной вясковай жанчынай. На маё пытанне, ці ёсць дзе ў навакольных вёсках парныя дрэвы, напрыклад рабіны або каліна разам з клёнам ці ясенем, яна адказала: "Ой, дзіцятко, было!"

І далей распавяла, як малады гаспадар высек на сваім падворку магутны дуб і рабінку, якая выйшла з-пад кораня волата: "…а людзі ж прасілі, каб не чапаў, бо не добра тое. І што ж вы сабе думаеце, паразвадзіліся тыя хлопцы ў тэй сям'і і паспіваліся! От што было".

Вось такую сумную былічку распавялі мне пра лёсы дрэў і людзей. Выпадае, што дуб і рабіна былі абярэгамі той сям'і.

Цікава ведаць

Даўней рабіна мела вялікае гаспадарчае і харчовае значэнне.

Арабіна на гарышчы ў чаканні марозу
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Арабіна на гарышчы ў чаканні марозу

Для лячэння ўжывалі кветкі, лісце і ягады. У пладах рабіны знойдзены вітаміны С і Р, дубільныя рэчывы, арганічныя кіслоты, цукры. У ягадах караціну больш, чым у некаторых гатунках морквы, а па колькасці вітаміну Р рабіна — першая сярод пладова-ягадных культур.

З рабіны гатуюць сокі, пасцілу і варэнні, джэмы і жэле, вараць звычайнае і сухое варэнні, пераціраюць з цукрам, настойваюць гарэлку "рабінаўку" і нават марынуюць.

Усе гэтыя прадукты ў народнай медыцыне лічацца лекавымі. Рабіна дапамагае лекаваць хворыя ныркі, печань, шчытападобную залозу, сэрца, рэўматызм і іншыя захворванні. Гэта цудоўны полівітамінны і супрацьзапаленчы сродак.

Беларускія вучоныя распрацавалі спосаб пазбаўлення пладоў рабіны ад гаркаты. Для гэтага іх кладуць на 3-5 хвілін у даведзены да кіпення 2,5 — 5% раствор куханнай солі, пасля чаго прамываюць у халоднай вадзе.

Гатуем з рабіны разам

Прапаную вам два цікавыя старажытныя рэцэпты. Гэта "смоква з рабін" і варэнне ад Ганны Цюндзявіцкай "Рабіны ў мёдзе вельмі карысныя".

Гронка рабіны
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Гронка рабіны

 

 

У пару, калі не было цукру, варэнні варылі на мёдзе. Аўтарка гаспадарчай энцыклапедыі "Літоўская гаспадыня" Ганна Цюндзявіцкая раіла не разводзіць мёд вадой, бо гэта зробіць варэнне не стойкім. Колькасць яго бяруць на свой густ. Хто любіць салодкасць, той дае мёду і рабін пароўну. Для менш салодкага варэння дастаткова ўзяць чацвёртую частку мёда і тры часткі рабін.

Рабіны ў мёдзе вельмі карысныя

Ягады рабіны 1 кг, мёд 350 г

Добра прамерзлую рабіну пякуць у цеплаватай печы на жалезным лісце. Затым кладуць у падрумянены мёд і гатуюць як звычайна. Альбо не пякуць, а толькі вараць.

Гэтым варэннем нароўне з малінавым карыстаюцца ў зімовы час пры прастудзе, або ядуць на сняданак па 1 чайнай лыжцы з тварагом.

Гатуем смокву ў печы
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Гатуем смокву ў печы

Цікава, хто з вас каштаваў смокву? Гэта — адзін з гатункаў сухога варэння без костачак. Не палянуйцеся згатаваць!

Смоква з рабіны: беларуская экзотыка

Буйныя, спелыя і злёгку падмарожаныя плады рабіны, якія загадзя аддзялілі ад гронак, сыплюць у каструлю і трымаюць у горача натопленай печы, пакуль не стануць мяккія. Затым заліваюць ягады кіпенем, каб вада толькі пакрывала рабіны і разварваюць да такой ступені, каб лёгка было расцерці праз сіта.

На 1 кг атрыманага пюрэ дадаюць 1 кг цукру, добра перамешваюць і вараць, як павідла. Увесь час пюрэ перамешваюць, каб не падгарэла. Гатовай маса будзе лічыцца тады, калі лёгка стане аддзяляцца ад дна і сценак посуду, у якім варылася.

Добра загусцелае пюрэ выліваюць на плоскія талеркі тонкім слоем  у 1-2 см і падсушваюць у печы або духоўцы пры тэмпературы ў 50-55 градусаў 10-12 гадзін.

Затым смокву (менавіта так называецца гэта экзатычная страва) здымаюць з талерак, разразаюць на невялікія кавалачкі ў выглядзе ромбаў, квадратаў, кружкоў (можна скарыстаць фігурныя формы для печыва) і складаюць у слоікі, шчодра перасыпаючы кожны слой цукровай пудрай. Слоікі добра закаркоўваюць і захоўваюць у халодным месцы.

Слёзы Евы - горкія ягады арабіны
© Photo : Ларыса Мятлеўская
"Слёзы Евы" - горкія ягады арабіны

Не вельмі эканамічны рэцэпт што да энэрганосбітаў, паколькі гатаваць давядзецца амаль два дні. Але рабіны можна і не гатаваць увогуле, а зняць іх з гарышча ўзімку мерзлымі і з асалодай смактаць, седзячы на гарачай печы, пры гэтым узгадваючы яркія фарбы восені.

 

 

Смачна есці — і не сумнай вам восені!

Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (42)
Тэги:
Нацыянальныя традыцыі, традыцыі, Ларыса Мятлеўская, Беларусь

Галоўныя тэмы