22:04 20 жніўня 2017
«Радыё Sputnik»
Вянок са стужкамі

Дзявоцкае лета: сонца на небе і ў душы

© Фото: Ларыса Мятлеўская
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
143110

Яшчэ не так даўно ў беларусаў была добрая традыцыя прысвячаць пэўны час ушанаванню дзяўчатак, якіх ужо прынялі "у дзеўкі".

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Ад Пакроваў і да 21 кастрычніка цягнецца кароткае "дзявоцкае лета". На гэтым тыдні варажылі пра характар будучых маладух: калі дні стаялі сонечныя, то і характар у дзяўчат павінен быў быць памяркоўны, дабразычлівы, ласкавы.

Прыгожа апранутыя дзяўчаты імкнуліся як найчасцей бываць на вуліцы, шукалі нагоды па якой-небудзь справе зайсці да сваякоў і суседзяў.

Дзяўчаткі ўбіраюцца ва ўзрост дзяўчат
© Фото: Ларыса Мятлеўская
Дзяўчаткі ўбіраюцца ва ўзрост дзяўчат

Па вечарах у хаце, дзе было шмат моладзі, наладжваліся вячоркі, каб у дзяўчат і хлопцаў была магчымасць паказаць сябе.

Месяц лізун

Быць прынятай "у дзеўкі" азначала для 16-17 гадовай дзяўчынкі-падлетка, што яна дасягнула юнацкага ўзросту. З гэтага часу паверх доўгай сарочкі дзяўчына пачынала насіць верхнюю спадніцу і фартух. Наяўнасць гэтых частак адзення для вясковай супольнасці азначала, што да дзяўчыны можна было засылаць сватоў.

Дарэчы, хлопцы ў гэтым узросце не адставалі ад дзяўчат у жаданні падабацца супрацлегламу полу.

Месяц лізун не за гарамі. Унукі з дзедам
© Фото: Ларыса Мятлеўская
Пакуль той лізун - пасядзім спакойна на прызбе з дзедам!

На 16-м годзе, паводле народных меркаванняў, у жыцці юнака надыходзіў "месяц лізун". У кожны зручны момант хлопцы імкнуліся дэманстраваць сваю сілу, зграбнасць і дасціпнасць, больш чым раней дбалі пра знешні выгляд, пра чысціню вопраткі, твару і рук, пра валасы. Як і дзяўчаты, яны пачыналі круціцца каля вады, выкарыстоўваючы яе замест люстэрка і "прылізваючы", зачэсваючы перад ім валасы — адсюль і "лізун".

За што маці пагражалі пабіць дачок

Праўда, у дзяўчат "месяц лізун" пачынаўся значна раней, прыкладна ў 12 гадоў, што вымушала матак сяды-тады навучць дачок, як належыць паводзіцца з хлопцамі, падкрэсліваючы ганебныя вынікі неасцярожнасці і даверлівасці.

Вясельні строй з Калінкавіцкага раёна
© Фото: Ларыса Мятлеўская
Вясельні строй з Калінкавіцкага раёна

Са слоў беларускага этнографа і фалькларыста Часлава Пяткевіча, такое навучанне адбывалася рэзка, пераканаўча і выразна: "Добрэ сабе ўдаўбі ў мазгавіну, што я табе кажу, да слухай, бо буду біць. Ні аднаму хлопцу не вер, хоць бы ён паказаўся табе ангелам; пакуль брэшэ і зубы скаліць, то нехай брэшэ, што хочэ, а ты адбрэхвайся, як знаеш… Але як лёстачкамі стане лезці к табе перш за пазуху, а далей і пад падол, а ты не лясніш яго па мордзі, да будзіш яму спагадаць, то… тады знаеш, што будзе? Адчураецса ад цябе Бог і людзі, а бацькі праклянуць" (З кнігі "Грамадская культура Рэчыцкага Палесся").

Парады дзяўчыне, каб валасы не выпадалі:

  • зрэдку мыць галаву малаком кабыліцы. Валасы будуць такія буйныя, як кабылячы хвост;
  • мыць вадой з добра разбоўтаным яйкам.

Каб валасы добра раслі:

  • мыць адварам бярозавага лісця, ільнянога семя, кветак рамонка, крапівы;
  • стрыгчы канцы валасоў на маладзік.

Для прыемнага колеру твару:

  • пачуўшы першы гром, памыцца чыстай вадой;
  • мыцца хлебным квасам і сыроваткай;
  • перад умываннем пакласці ў ваду велікоднае чырвонае яйка.

Як адгадаваць вялікія грудзі

Ідэалам жаноцкасці лічыліся паўнагрудыя жанчыны, таму дзяўчаты выкарыстоўвалі розныя магічныя прыёмы, каб адпавядаць ідэалу. Напрыклад, каб паскорыць рост грудзей, дзяўчынка павінна была больш ужываць у ежу акруглай гародніны: бульбы, буракоў, рэпы, бручкі. Перш чым з'есці, іх трэба было крыху патрымаць за пазухай на голым целе.

Хто ведае, можа, і праўда дапамагае!

Андарак на дзяўчыне — сведчанне "прасватанасці"

Засватаная напярэдадні Пакроваў дзяўчына пачынала насіць андарак. 

Андарак — даматканая спадніца з воўны яркага колеру з папярочнымі палоскамі. Апранаўся па святах. Колькасць андаракоў у пасагу маладой лічылася паказальнікам заможнасці сям'і. На думку даследчыкаў, беларускае "андарак" узыходзіць да нямецкага Underrock, што азначае "сподняя спадніца".

Андарак
© Фото: Ларыса Мятлеўская
Андарак

Дарэчы, немцы сяліліся на Беларусі з 16 стагоддзя, з тых часоў у беларускай мове жыве шмат слоў нямецкага паходжання, напрыклад "цукар" і "ланцуг".

А вось у яўрэйскай мове андараком называлі якраз верхнюю спадніцу. Хутчэй за ўсё ад яўрэяў і пайшла ў беларусаў гэта назва адной з самых прыгожых частак жаночага адзення.

У тым выпадку, калі бачылі прыгажуню ў андараку, усім станавілася зразумела, што сваты ў яе ўжо былі і дзяўчына "заручоная і запітая", а яе сям'я ўжо на ўсіх парах рыхтуецца да вяселля.

Бацькава любоў

"Таткаў дамочак-божы куточак. Заставайся здароў — жыві багата".

У наступную пасля вялікіх запоін нядзелю бацька нарачонай выязджаў на кірмаш у бліжэйшае мястэчка, каб набыць там што-небудзь на вясельны ўбор маладой.

Часта з ім разам выпраўлялася і маці, цётка або сястра маладой. Яны лепей за бацьку разумелі, што трэба. Звычайна гэта былі крамныя тканіны на гарсэт, спадніцы — карацей, моднае і дарагое.

У пасагу "крамніна" цанілася болей, таму што яе куплялі за грошы, а не рабілі самі. Таксама набываліся рознакаляровыя стужкі, тасьма, усялякія дробязі накшталт гузікаў і нітак і, калі дазвалялі грошы, то куплялі ўпрыгожванні і абавязкова вянок.

Упрыгожанні ў пасаг - пацеркі і завушніцы
© Фото: Ларыса Мятлеўская
Упрыгожанні ў пасаг - пацеркі і завушніцы

Трэба адзначыць, што пасаг любой дзяўчыны пачынаў рыхтавацца загадзя, і тое-сёе з дробязяў набывалася ў вандроўных купцоў-карабейнікаў. Бацька абавязкова набываў дачцэ куфар або шафу. Пасаг маладой заставаўся адзіным яе багаццем на працягу ўсяго жыцця, якім толькі яна мела права распараджацца.

Так, мая бабуля раздзяліла хустку-кашміроўку са свайго пасагу на чатыры часткі ў дарунак дачцэ і тром нявесткам.

Працавітасць і талент — заўжды ў цане

У час да вяселля нарачоная была ўвесь час занятая вельмі далікатнай справай, якая вымагала майстэрства: ткала абрусы, вышывала на рукавах сарочкі ўзоры, шыла бялізну, ткала вялікую колькасць паясоў, якія падчас вяселля мусіла раздаваць сваякам маладога.

Часам ёй дапамагалі сёстры і маці. Няздатную да гэтай працы дзяўчыну называлі "няўмехай", "няздзельніцай", і яна звычайна не хутка знаходзіла сабе мужа.

Здатная ж дзяўчына (работніца, здзельніца) — наадварот. Так хутка знаходзіліся жаніхі, што распачатай работы яна не магла скончыць. Жаніхі проста не давалі ёй гэтага зрабіць, пра што нават у песнях пяялася!

Рушнікі на пасаг
© Фото: Ларыса Мятлеўская
Рушнікі на пасаг

Звінела камора, звінела,

Гдзе ж наша Таццянка сядзела:

Тонкія абрусы заткала, мыслямі ўзоры паткала.

Прыехаў Васілька сам дзесят, пусціў коніка ў вішнёвы сад,

Да не даў абрусаў даткаці, да прасіў з сабою сядаці!

Вось так, дзяўчаты, працавітасць і таленты заўжды былі ў цане! Жадаю, вам, хто цяпер на выдані, прыслухоўвацца да парадаў продкаў і бацькоў, бо з іх усё пачалося!

Не лянуйцеся ўражваць сваёй дамавітасцю, майстэрствам у прыгатаванні страў, рукадзеллі, агародніцтве, іншымі талентамі каханага і яго бацькоў. 

Хусткі
© Фото: Ларыса Мятлеўская
Хусткі

І памятайце, што, як людзі кажуць: "Ласкавае цялятка двух матак ссе"!

Да сустрэчы і не сумнага вам дзявоцкага тыдня!

Тэги:
Нацыянальныя традыцыі, традыцыі, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы