17:39 25 верасня 2018
«Радыё Sputnik»
  • USD2.09
  • EUR2.45
  • 100 RUB3.17
Дзяўчына ў плеценым вянку

Жыццё ў вянку – і цыбрыкі на пачастунак

© Фото : Ларыса Мятлеўская
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
30980

Восень – вясельная пара! 31 кастрычніка адзначаюць прысвятак Лукі. Калісьці ў гэты час паўсюдна спраўляліся восеньскія вяселлі, і шчаслівыя сваты з гонарам канстатавалі: "На Лукаша — дзеўка наша"! І – ва ўсю рыхтаваліся да вяселляў.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Беларускае традыцыйнае вяселле даўней уключала ў сябе цэлы комплекс абрадаў. Некаторыя з іх жывуць і цяпер. Ну як уявіць сабе вяселле без дзявічніка ці хлапечніка? Трэба ж развітацца з вольным жыццём!

У беларускіх дзяўчат такі дзявоцкі вечар называўся "суборная субота", або "вянкі".

Перад вяселлем дзяўчаты-сяброўкі прыходзілі да маладой, каб падрыхтаваць яе да вясельля. На вечарынцы дзяўчаты ўзгадвалі ўсялякія прыгоды, рабілі блакітныя і ружовыя кветкі для сябе і хлопцаў, спявалі і смяяліся, тужылі, што маладая пакідае іх.

Калі бацька чамусьці не набыў вянка, дзяўчаты рабілі яго самі. Паколькі вечарына часам доўжылася да глыбокай ночы, маці маладой выстаўляла дзяўчатам пачастунак. Звычайна гэта было салодкае віно з парэчак, вішань, маліны і пірог, а таксама частавала іншымі стравамі — напрыклад, цыбрыкамі.

Цыбрыкi
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Цыбрыкi

У адной з кулінарных вандровак мне пашчасціла пазнаёміцца з цудоўнай гаспадыняй Святланай Іванаўнай Клімковіч, якая жыве ў вёске Замасточча, што пад Мінскам. Яна навучыла мяне гатаваць маленькія галачкі з дранай бульбы, якія гатавала яшчэ некалькі пакаленняў жанчын яе роду. Знаёмцеся — цыбрыкі!

Цыбрыкі

1 кг адціснутай бульбы

1 яйко

80 г мукі

60-80 г алею

соль па смаку

200 г смятаны

Бульбу абабраць, дробна нацерці на драчцы, пакласці ў палатняны мяшочак і добра адціснуць, у нацёртую бульбу дадаць соль і муку, перамяшаць. З атрыманай масы скачаць шарыкі велічынёй з вішню, абкачаць іх у муцэ і падсмажыць у алеі на патэльні да залацістага колеру. Пакласці цыбрыкі на талерку і паліць зверху смятанай або растопленым сметанковым маслам.

Вянок маладой

Вянок маладой — рэч не танная. У розных частках Беларусі ён вырабляўся з дарагіх матэр'ялаў: штучныя кветкі з парафіну, шклярус, бісер, карункавая тасьма са срэбных нітак, парчовая тканіна, атласныя стужкі… Не кожны мог сабе дазволіць такі вянок! Таму, калі яго не маглі зрабіць самастойна, бралі такое хараство ў арэнду ў знаёмай маладзіцы. Праўда, дарам вянка не пазычалі. Калі за пазыку не плацілі грошы, то можна было пасля вяселля адпрацаваць яго арэнду на жніве, праполцы ці яшчэ якой гаспадарчай працы.

І ўсё ж бацька стараўся набыць для любімай дачушкі ўласны вянок, які быў бы сапраўдным гонарам для маладой і, натуральна, лепшым за вянкі сябровак, якія ўжо пабраліся шлюбам.

Вясельныя вянкі і строі
© Фото : Ларыса Мятлеўская
Вясельныя вянкі і строі

Так у вясельнай песні, прыехаўшы з кірмаша, бацька апавядае маладой, які добры вянок для яе ён набыў:

Учора на таргу я бываў

Я табе вяночак старгаваў:

Да з рутай, да з мятай,

Да з белай лялеі,

Да з чырвонай паперы,

Што ні дожджык яе не замоча,

Да ні сонца яго ні ссуша,

Да ні ветрык яго не звее.

Ветрык павее — лялее,

Сонца прыгрэе — ён спее,

Дожджык пакропе — пазлоце.

Ах, чыё бацькоўскае сэрца не напоўніцца слязамі смутку і радасці ў гэтую хвіліну!

Смутку праз тое, што любмае дзіця пакідае родны кут, радасці — праз спадзяванне добрай долі ў будучым: "Прапіла мамка дочку ў зялёным садочку. А напіўшыся скача, а праспаўшыся плача", — спяваецца ў песні.

Вянок — упрыгожанне з кветак, стужак і зеляніны, якое надзяваецца на галаву. Гэта дзявочы галаўны ўбор, які вылучаецца разнастайнасцю па спосабах вырабу і мастацкага аздаблення.

Існуе безліч варыянтаў вянкоў, кожны з якіх павінны адпавядаць мастацкаму вырашэнню касцюма таго ці іншага этнічнага строю. На Беларусі выраблялі вянкі чатырох відаў.

Плецены, або віты вянок

Яго плялі або вілі з палявых кветак.

Вянок "абручык"

Вянок-абручык
© Фото : Ларыса Мятлеўская
Вянок-абручык

Выраблялі з пруцікаў лазы, якія сагіналі па аб'ёму галавы і абгортвалі рознакаляровай тканінай. Да абручыка прымацоўвалі рознакаляровыя кветкі, зялёныя лісточкі, вырабленыя з тканіны, паперы і васковыя ці з фальгі бліскучыя ягадкі. Да гэтага віду належаць і вянкі з нітак воўны, у кутасы, пампоны, махры, да якіх на патыліцы мацавалі ад 5 да 10 рознакаляровых стужак.

Вянок "сіцечка"

Вясельны строй
© Фото : Ларыса Мятлеўская
Вясельны строй

Адзін з самых распаўсюджаных на Беларусі ў 19-м і да сярэдзіны 20 стагоддзяў. Гэта вянкі на цвёрдым каркасе вышынёй 5-16 см.

Вянок "шапачка"

Дзявочыя галаўныя ўборы, якія закрываюць макаўку галавы. Да іх можна аднесці стаўбуновы вянок Пінска-Івацэвіцкага строю — вянок-куст. Пышным круглым букетам ён закрываў увесь верх галавы. Пасля вяселля маладая разбірала такі вянок і раздорвала стужкі і пацеркі сёстрам мужа і свякрусе.

Да гэтага тыпу можна аднесці вянок-шапачку Ляхавіцкага строю з прымацаваным з боку букетам кветак і пер'я. Часам выкарыстоўваліся жывыя кветкі.

Строй для маладой
© Фото : Ларыса Мятлеўская
Строй для маладой

Касцюм дзяўчат Лепельскага строю дапаўнялі розныя віды вянкоў, а таксама своеасаблівая надвічка, якая называлася "карона". Яе звычайна насілі мяшчанкі-нявесты на вяселлі і першы месяц пасля шлюбу. Выраблялі карону з залацістай або серабрыстай парчы, расшытай бісерам, бліскаўкамі, рассыпнымі каралямі.

Вянкі і абрады

Вянок асэнсоўваўся як магічны, абавязковы атрыбут многіх абрадаў — Купалля, Троіцы, дажынак і вяселля. Лічылася, што ён здольны ўплываць на жыццё людзей, іх лёс і ўраджайнасць нівы.

Магічнай перш за ўсё з'яўляецца фома вянка — круглы прадмет з адтулінай. Лічылася, што ён аберагаў ад нячыстай сілы, хвароб і чарадзейства.

Вянок-карона
© Фото : Ларыса Мятлеўская
Вянок-карона

На Купаллі з дапамогай вянкоў дзяўчаты варажылі аб замужжы, у абрадзе провадаў Русалкі вянок разрывалі як сімвалічнае пажаданне ніве ўрадлівасці, у якасці абароны ад малочных ведзьмаў у купальскую ноч яго надзявалі на рогі карове.

У Дажынках вянок з каласоў — сімвал новага ўраджаю, плёну, багацця. Яго старанна абмалочвалі і гэта зерне першым кідалі ў зямлю ўвесну. Круг вянка ў гэтым абрадзе як бы ўвасобіў у сабе гаспадарчы кругазварот: сеянне-жніво-сеянне.

Вянок. Драгічынскі раён
© Фото : Ларыса Мятлеўская
Вянок. Драгічынскі раён

Вянок — сімвал дзявочай чысціні

Вянок у вясельнай абраднасці з'яўляўся сімвалам дзявоцтва. Матыў згублення вянка, які сустракаецца ў народных лірычных песнях, азначаў згубленне дзяўчынаю нявіннасці да шлюбу: "Удованька сваю дачку біла: дзе ж ты, дочка, вянок згубіла?" Таму, калі жанчына выходзіла замуж другі раз, то яна ўжо не мела права ўпрыгожваць сябе гэтым сакральным атрыбутам.

Цікава. Вянок — атрыбут не толькі дзявочы, але і хлапечы. Узгадайце Купалле і хлопцаў у вянках з дубовых галінак. І зусім забыты звычай, калі памерлым хлопцам у труну клалі вянок з руты, а жанатым мужчынам — вянок з папараці (Віцебская губернія).

Прымаўкі

І цяпер павага да гэтага вянка жыве ў трапных выслоўях. Так, калі хочуць сказаць "вельмі добра, хораша", то кажуць "як у вянку"; пра спрытную, вясёлую гаспадыню кажуць, што яна "як вянок".

Вянок-куст
© Фото : Ларыса Мятлеўская
Вянок-куст

Што ж, даражэнькія, наразе досыць балбатаць пра беларускія завядзёнкі.

Жадаю каб усе вашы справы былі як у вянку, а я пайду смажыць цыбрыкі.

Да сустрэч!

Тэги:
Нацыянальныя традыцыі, традыцыі, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы