23:30 18 кастрычніка 2017
«Радыё Sputnik»
Цацкі розных часоў

Проста Новы год - вяртанне ў дзяцінства

© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
8530

Першы дзень новага года быў абвешчаны выхадным у 1946 годзе.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Чым пахне навагодняе свята? Хвояй, свежым паветрам ад выбітых на снезе дываноў, мандарынавымі скарынкамі і апетытным водарам з кухні, дзе гатуюцца святочныя кулінарныя шэдэўры. Вакол мітусня, а на сэрцы радасна і крыху трывожна. Ці ж жартачкі, заўтра надыйдзе новае, невядомае жыццё і так хочацца спадзявацца на лепшае для ўсіх!

Адна справа, чакаць гэта свята, калі табе 6 гадоў, другая, калі табе 36 і трэцяя, калі табе пераваліла за паўстагоддзе. Смак гэтага свята заўсёды розны. Самы лепшы варыянт сустрэчы Новага года, канечне, калі ты дзіця. Ціскай сабе паціху цукеркі ды мандарынкі з упрыгожанай ёлкі, і вер у Дзеда Мароза, які абавязкова прынясе падарунак. Аднак і даросламу чалавеку можна адчуць той непаўторны смак Новага года з дзяцінства.

Перанос у мінулае лёгка ажыццявіць, дакрануўшыся да навагодніх цацак. Сустрэча гэтага свята напаўняецца глыбінёй адчування хутка бягучага часу і дарагіх сэрцу ўспамінаў.

Цацкі некалькіх пакаленняў
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Цацкі некалькіх пакаленняў
Бабуля Новы год не святкавала

Нарадзіўшыся ў горадзе, у дзяцінстве мне часта даводзілася бываць на вёсцы не толькі ўлетку, але і зімой. Добра памятаю, што бабуля і дзядуля ніколі не сустракалі Новы год, бо працягваўся піліпаўскі пост. Усё святкаванне гэтай падзеі сыходзіла да стука ў дзверы паштаркі, якая прыносіла віншавальныя паштоўкі ад дзяцей і далёкіх родзічаў. Гэта ўзрушвала і асвятляла сэрца старых радасцю ад магчымасці праз сціслыя радкі на «адкрытым лісце» даведацца пра новае ў жыцці сваякоў і адчуць павагу і любоў дзяцей і унукаў. Такія паштоўкі доўга ляжалі на бачным месцы і іх шмат разоў перачытвалі.

Паштоўка для дзеда з бабуляй 1977 год
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Паштоўка для дзеда з бабуляй 1977 год
Нават калі ўзімку мы перасіджвалі ўсялякія эпідэміі зімовых хвароб на бабулінай печы, сустракаць Новы год нас абавязкова забіралі ў Мінск. Добра памятаю, як тата аднекуль прынёс вялікую скрынку з ёлачнымі цацкамі. Гэта ўспрымалася як дзіва і мы цэлы вечар корпаліся ў гэтых бліскучых скарбах, акуратна разблытваючы шкляныя гірлянды. Феямі, зрабіўшымі гэты падарунак, былі бацькавы сёстры Стэфа і Волька, якія добра разумелі, што маладая сям'я не ў стане набыць адразу шмат вельмі дарагіх па кошце ёлачных упрыгожванняў.

Вялікія шышку і шар да елкі мацавалі першымі.
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Вялікія шышку і шар да елкі мацавалі першымі.
У 60-70-я гады мы жылі недалёка ад ЦУМа і з тых часоў гэта мой любімы універмаг. Нават без грошай я любіла глядзець на прыгожыя вітрыны, асабліва напярэдадні Новага года. Разглядаючы елачныя цацкі, хацелася на час стаць зусім маленькай або нябачнай, каб застацца на ноч у краме, пабыць сам-насам сярод гэтага хараства. Чамусці верылася, што цацкі гэтыя жывыя і толькі ўдзень робяцца нерухомымі. І цяпер гэты аддзел — мой самы любімы ў гэтай краме, тым больш, што з'явіліся такія шыкоўныя шары і цацкі беларускай вытворчасці.

Харчовыя цацкі хрушчоўскіх часоў
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Харчовыя цацкі хрушчоўскіх часоў

Самы любімы касцюм — снягуркі

Асаблівыя ўспаміны пра ранішнікі ў дзіцячым садку. У той час усе дзяўчынкі марылі быць на гэтым маленькім карнавале снягуркамі і сняжынкамі. Касцюмы гэтых персанажаў набыць не было магчымасці нідзе. Іх рабілі сваім дзецям мамы, цёткі і бабулі, штосці заставалася ў спадчыну ад старэйшых дзяцей. Каб зрабіць строй сняжынкі, патрэбна было набыць у тым жа ЦУМе марлю для сукенкі, мець вату, кардон і пацерушыць пару пабітых елачных цацак для наклейвання бліскучых асколкаў на карону.

Сняжынка кожны год -  сярэдзіна 60-х
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Сняжынка кожны год - сярэдзіна 60-х
За вечар да ранішніка строй быў гатовы і хто тады ведаў, што мама не спала цэлую ноч, каб дачушка сняжынкай пырхала ў вясёлым карагодзе вакол ёлкі. А пасля Дзед Мароз раздаваў наборы цукерак ад прафкама і надыходзіў доўгачаканы момант, калі можна было разгарнуць прыгожую каробку, каб вышукаць у ёй не ледзянец, а рэдкую шакаладную цукерку. Цукерка адразу ж трапляла ў рот, таму на фотаздымку каля ёлкі шчокі ў некаторых тапырыліся.

Дарэчы, маю вогненна рыжую сястрычку сняжынкай не абіралі, а вось касцюм лісічкі ёй вельмі пасаваў.

З гісторыі ёлачнай цацкі

Дастаткова толькі ўзяць у рукі скрынку са старымі цацкамі, як пераносішся ў гісторыю жыцця некалькіх пакаленняў і нават вялікай краіны Прыходзіць вострае адчуванне сустрэчы з блізкім людзмі, якія калісці трымалі іх ў руках або проста збіраліся за навагоднім сталом, каб пад звон курантаў з бакалам шампанскага сустрэць «новае шчасце» ў новым годзе.

Навагодняе застолле ў 60-х гадах
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Навагодняе застолле ў 60-х гадах

Першы дзень новага года быў абвешчаны выхадным у 1946 годзе.

Навагодняе свята пачалі святкаваць паўсюдна. З гэтай нагоды з'явілася вялікая патрэба ў елачных цацках. У 1950-1960-х адкрылася адразу некалькі фабрык елачных цацак — у Маскве, Ленінградзе, Кліну, Кіеве, Кіраве. У Мінску навагоднія цацкі пачалі вырабляць яшчэ ў 1946 —м годзе на мастацка-галантарэйнай фабрыцы, дзе быў створаны адмысловы цэх па вытворчасці такіх цацак. Да сярэдзіны 1960-х ён знаходзіўся на вул Няміга, 13а. Мінскія цацкі былі якаснымі і вельмі прыгожымі. Кожная цацка выдувалася і распісвалася асобна.

Кот і сабака - штучныя цацкі 1950-х
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Кот і сабака - штучныя цацкі 1950-х
У1959 годзе газета "Советская Белоруссия" заклікала пакупнікоў: "К сведению покупателей. В Минском универмаге "Белунивермаг" организована продажа в широком ассортименте ёлочных украшений из стекла, ваты, картона и фольги. Имеются в продаже ёлочные электрогирлянды. Производится комплектование ёлочных наборов. Минск, проспект Сталина, 21».

Учора цэлую ноч сядзела ў інтэрнэце і праглядала старонкі каталогаў, на якіх адлюстраваны старыя цацкі савецкіх часоў. Зразумела, што адной ночы мала. Як дзіця радавалася, калі знаходзіла ўпрыгожванні, якія ёсць і ў мяне, а пасля з хваляваннем чытала водгукі такіх розных і адначасова адзіных у сваёй любові да гэтага свецкага свята людзей. Нездарма яно стала такім сапраўды народным і любімым. Ну і што з таго, што мы прывыклі яго бачыць такім, якім яго прыдумалі святкаваць у 1935 годзе. Ну і што, што свята прапагандавала савецкі лад жыцця! Затое ў некалькіх пакаленняў ёсць дарагія ўспаміны, а ў іх нашчадкаў захаваныя ў музеях і прыватных калекцыях унікальныя ёлачныя ўпрыгожванні, зробленыя ў СССР — краіне, якой больш няма. Дарэчы, рашэннем міжнароднай арганізацыі калекцыянераў елачных цацак "Golden Glow" — старадаўнімі лічацца цацкі, вырабленыя да 1966 года. Аказалася, што такіх цацак у мяне нямала.

Цацкі з савецкай сімволікай, 50-я гады
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Цацкі з савецкай сімволікай, 50-я гады
Самым старым ўпрыгожаннем на маю ёлку аказалася просценькая з выгляду гірлянда з папяровых сцяжкоў канца 40-х гадоў. Разглядаць сюжэты малюнкаў вельмі цікава. Адразу відаць, чым жылі савецкія людзі ў першыя пасляваенныя гады.

Папяровая гірлянда ў 40-50-х гадах
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Папяровая гірлянда ў 40-50-х гадах
Далей ідуць тэматычныя цацкі, вырабленыя ў арцелях Савецкага Саюза ў 50-60-я гады пры Сталіне і Хрушчове. Гэта цацкі:

  • з выявай савецкай сімволікі
  • харчовыя цацкі хрушчоўскіх часоў. Матавыя, вельмі рэалістычна выкананыя перцы, яблык, кукуруза, вінаград, арэшкі — самыя мае любімыя з дзяцінства
  • звяркі, птушкі, шышкі, грыбкі.

Асабліва ганаруся рэшткамі шкляруснай гірлянды і парачкай мантажных цацак, якія калісці не лічыліся намі прыгожымі і таму мала захавалася. А вось гісторыя з'яўлення ў Расіі такіх вырабаў зыходзіць ў часы Першай сусветнай вайны, калі палонныя немцы трапілі ў горад Клін. У тыя часы там быў завод па вырабу шкла, на якім рабілі лямпы, бутэлькі, аптэчны посуд. Трапіўшы туды на працу, немцы навучылі рускіх майстроў выдуваць са шкла шары і пацеркі. Дарэчы такімі дутымі пацеркамі ўпрыгожвалі не толькі ёлкі. Сялянкам спадабаліся яркія маністы з клінскага шкла. Насілі іх і беларускі.

Шкляныя пацеркі
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Шкляныя пацеркі
Калі б ведала, якую слынную гісторыю нясе ў сабе мая папяровая курыца, то не выкінула б нават памятага «лебедзя», «Кракадзіла Гену», «глушака» і г. д. Такія карданажныя цацкі не былі рэдкасцю і дорага не каштавалі, таму і не захоўваліся як шкляныя. У крамах іх можна было набыць яшчэ ў 1980-я. Аднак паходзяць яны ад саксонскіх карданажных ёлачных упрыгожванняў. На рубяжы 19 і 20 стагоддзяў іх выраблялі з цяснёнага кардону на фабрыках Дрэздэна і Лейпцыга. Асаблівым майстэрствам славіліся майстры з Дрэздэна, таму і тэхніка вырабу гэтых цацак носіць назву «дрэздэнскі картанаж». Лісты з выявамі розных фігурак можна было замовіць па пошце і самастойна выціснуць і склеіць палавінкі фігурак паміж сабой.

Карданажная цацка
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Карданажная цацка
У канцы 60-х наступіла эра стандарцізацыі і вытворчасць цацак стала серыйнай. Цацкі страцілі сваю былую разнастайнасць і тым не менш я рада, што парачка цацак гэтага перыяду ў маёй скарбонцы таксама ёсць. У 80- я сталі модныя вялікія рознакаляровыя распісныя шары і вострыя, як піка навершшы, якія нібыта сімвалізавалі касмічную ракету. Яны хутка выцеснілі з верхавіны ёлак зорку.

Ёлачная верхаліна
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Ёлачная верхаліна
У 90-я на рынак былога СССР хлынулі цацкі кітайскай вытворчасці, праз Польшчу на Беларусь трапіла еўрапейская цацка, а вось савецкая вытворчасць навагодніх цацак паступова прыйшла ў заняпад. У гэтыя ж гады з"явілася мода адзначаць свята па Усходнему календару. Пачалася традыцыя выпускаць цацкі з выявамі жывёл-сімвалаў надыходзячага года. Сёлета гэта прыгажун чырвоны певень. Што ж, цудоўна, ў славянскай міфалогіі — певень сімвал сонца. І ўсё ж паступова адбываюцца перамены да лепшага і вось ужо ў мінулым годзе я набыла ў сваю калекцыю прыгожы беларускі ёлачны шар!

Шар з беларускай сімволікай
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Шар з беларускай сімволікай
Шкада, што з цягам часу шмат цацак пабілася, некуды дзелася, аднеслася на елкі ў школы і дзіцячыя сады… Але тое, што ўсё ж ацалела, немагчыма ацаніць толькі грашыма, кожная цацка дарагая сэрцу.

Жадаю Вам сустрэць Новы Год «як мае быць»: каля ўпрыгожанай ёлкі, за багата накрытым сталом і. галоўнае,разам з людзьмі, якія вам дарагія. Памятайце, што як Новы Год сустрэнеш, так яго і пражывеш. Вясёлага свята, даражэнькія і да сустрэчы ў Новым Годзе!

Тэги:
Новы год, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы