03:33 17 снежня 2017
«Радыё Sputnik»
Маскі калядных коз

На год - сто прыгод! Першы дзень Каляд

© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
Беларускія Каляды (22)
37580

Як калядавалі і святкавалі першы дзень Каляд нашы продкі.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Кожны год з хваляваннем і радасцю чакаю надыхода Каляд. Нават не верыцца, што гэта вясёлае старажытнае свята ў сярэдзіне ХХ стагоддзя амаль знікла, як і многія іншыя народныя звычаі.

Каляда на ручніку
Каляда на ручніку

Але, як кажуць, усё цячэ, усё мяняецца і як толькі надышоў спрыяльны час — святкаванне Калядаў хутка адрадзілася не толькі на вёсцы, але і ў горадзе. Прынамсі, я калядую з пачатку 90-х на радасць сабе і суседзям.

Калядаванне ў пачатку 2000-х, архіўнае фота.
Калядаванне ў пачатку 2000-х, архіўнае фота.

А як жа іначай, памяць пра тое, што прыход пераапранутых калядоўшчыкаў з абавязковай каляднай атрыбутыкай прыносіць шчасце, здароў'е, дабрабыт у сям'ю на ўвесь будучы год, падсвядома жыве і цяпер. Калісьці на конт гэтага казалі:

"Каляда прыйдзе — добры год будзе", "Калядоўшчыкі ў хату шчасце нясуць", "Чыю хату каза міне, там цэлы год нялюцкае жыццё будзе".

Здаўна адладжаны парадак святкавання Калядаў у беларускай вёсцы жыве і пасёння. Шмат разоў у гэтым пераконвалася. Можа не кожная сям'я яго трымаецца, але як трэба адзначаць Каляды, ведаюць усе.

Калядная зорка на ручніку
Калядная зорка на ручніку

Пасля шматтыднёвага посту прадстаўлялася магчымасць уволю пад'есці скаромнага. Яшчэ перад Піліпаўкай калолі свіней, рэзалі авечак, гусей. Усё гэта мяса старанна перапрацоўвалася, каб смачных страў хапіла да Масленіцы.

 Каўбаса-крывянка
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Каўбаса-крывянка

З мяса гатавалі розныя прысмакі: мясныя, печанёвыя і каўбасы, крывянку, сальцісон, салілі сала, рабілі розныя мясныя кансервы, сушылі і вэндзілі кумпякі, варылі халадзец. Карацей, калі не ленаваліся на працягу года, было з чаго і разгавецца.

Калядны падарунак анёлак, народная лялька
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Калядны падарунак анёлак, народная лялька

З гэтага дня па сялу пачыналі хадзіць калядоўшчыкі. Пераапранутыя ў цыганоў, казу (нацягвалі вывернуты поўсцю наверх кажух), жорава, пеўня, кабылу, ражаныя спыняліся каля кожнага двара ў чаканні, калі гаспадар запросіць іх у хату. Пад вокнамі хаты разгортваліся цэлыя спектаклі:

Добры вечар вам! Ці рады вы нам?

Калі вы нам рады, то і мы вам да парады.

Дазвольце песні паспяваць і казу папускаць!

Калядоўшчыкі спявалі песні, скакалі пад скрыпачку і бубен. А ў заключэнні выконвалі велічальную песню гаспадарам дома з самымі шчырымі пажаданнямі.

На Каляды ўсе людзі рады

Радуйся зямля, бо жыта родзіць

Япручкі смаляць і Бога хваляць.

Гаспадар ідзе, каляду нясе,

Рэшата аўса, наверх каўбаса,

Ой, Каляда — Калядзец!…

У выніку калядоўшчыкі атрымлівалі пачастункі, якія складаліся ў торбу, якая ад двара да двара рабілася ўсё цяжэй.

Хто першы на Каляды прынясе вады - будзе здаровы цэлы год
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Хто першы на Каляды прынясе вады - будзе здаровы цэлы год

Як і многія іншыя традыцыйныя славянскія святы, Каляды спалучаюць у сабе старажытныя язычніцкія звычаі і больш познія хрысціянскія. Сімволіка гэтых культур з цягам часу так перамяшалася і сплялася ў адзінае, што і цяпер можна назіраць гурты калядоўшчыкаў, у якіх суседнічаюць язычніцкі персанаж каза і хрысціянскі сімвал Раства — зорка.

Калядныя прыкметы

 каб быць здаровым

  • Хто першы на Каляды пойдзе па ваду, той будзе здаравей усіх на цэлы год.
  • Нельга насіць на Раство Хрыстовае абутак "са скрыпам", бо пры павароце галавы кожны раз будуць рыпець шыйныя пазванкі.

 гаспадарам на заўвагу

  • На куццю першую чарку гаспадар павінен піць за жонку, каб гаршкі не біліся.
  • Калі на Каляды разаб'ецца гаршчок, міска ці якая ці якая-небудзь іншая пасудзіна, то яна будзе біцца увесь год.
  • Каб сад добра зарадзіў, трэба раненька на Каляды выграбсці попел і пасыпаць ім каля кожнага дрэва на карэнне.
  • Калі хто не нарыхтаваў дроў і змушаны сячы іх у святы дзень, то ён развядзе ў сваёй гаспадарцы столькі мышэй, колькі разоў махне сякераю.
  • Каб куры неслі шмат яец, трэба на Каляды раненька пасыпаць ім куцці.
  • Як бы ні правініўся сабака, яго нельга караць на Каляды, іначай ён не будзе брахаць цэлы год.

 для тых, хто ў дарозе

  • На Раство Хрыстовае той, хто ў дарозе, павінен як мага хутчэй прыехаць дадому, каб потым хутчэй справіцца з любой работай. Таму, як бы блізка ні было ад дома да царквы, туды выпраўляюцца на конях, каб хутчэй вярнуцца дадому пасля абедні. Пехатою вярталіся бабылі і бяздомнікі, але і тых падвозяць добрыя знаёмыя і сваякі.
Певень - сімвал Каляд, якога насілі па хатах як перасцярогу ад пажару, благога вока і злодзеяў.
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Певень - сімвал Каляд, якога насілі па хатах як перасцярогу ад пажару, благога вока і злодзеяў.

Сёлета па ўсходнім календары сімвалам года лічыцца певень, а для беларусаў певень здаўна сімвал сонца, агню, Калядаў. На Барысаўшчыне пераапранутаму ў пеўня падчас калядных ігрышчаў жадалі: "Глядзі, певень, каб хата была багата, каб яна стаяла і бяды не знала ні ад пажару, ні ад злодзея, ні ад благога вока ды суроку".

Адзначайце Каляды па магчымасці дома, бо гэта сямейнае свята і няхай да вас у госці прыйдуць разам са шчасцем і дабрабытам калядоўшчыкі! Вясёлых свят!

Тэмы:
Беларускія Каляды (22)
Тэги:
Калядоўшчыкі, Каляды, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы