09:07 22 кастрычніка 2017
«Радыё Sputnik»
Гульні на Каляды

Шчадрую, шчадрую, каўбасу чую! Каляды на вёсцы

© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
Беларускія Каляды (18)
10660

Набліжаецца час святкавання другой, багатай куцці, альбо шчодрага вечара. У народзе гэты дзень яшчэ называлі Шчадрацом.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Вось ужо амаль тыдзень цягнуцца Каляды. Нават не цягнуцца, а пралятаюць, бо кожны дзень і асабліва ўвечары да гаспадароў хто-небудзь ды прыходзіць у госці. Калядуюць усе хто можа.

Зранку прыходзяць дзеці, а ўвечары — моладзь. Адзін толькі і паратунак — збегчы ў госці ці то да суседзяў, ці то да сваякоў. А то ж, калі частаваць кожнага калядоўшчыка, дык ніякіх прыпасаў не хопіць.

Смажаныя піражкі
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Смажаныя піражкі

Але ж нарэшце набліжаецца час святкавання другой, багатай куцці, альбо шчодрага вечара. У народзе гэты дзень яшчэ называлі Шчадрацом.

Раніцай, добра пад'еўшы крупніку, не елі на працягу дня больш нічога, чакаючы першай зоркі, калі ўжо можна будзе выпіць чарачку і добра пад'есці ўсялякай скаромнай смакаты. Мужчыны займаліся гаспадарчымі справамі; акрамя звыклага кармлення і паення жывёлы рыхтавалі корм назаўтра, а галоўнае, наводзілі паўсюдна парадкі.

Якое безладдзе ў гаспадарцы на Васілля, такое будзе ўвесь год, і нічога не зробіш, як ні старайся.

Гаспадыня з гэтай мэтай таксама прыбіралася ў каморы і ў хаце: шаравала стол, лавы і рознае драўлянае начынне, крэйдаю бяліла печ.

Гаспадыня прыбрала ў хаце
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Гаспадыня прыбрала ў хаце

Парада. Калі ў вас ёсць хаця б драўляныя лыжкі, то абавязкова пачысціце іх, а жалезныя мы разам з вамі чысцілі на "жалезным тыдні" ўвосені.

Без парсюка й Каляды не Каляды!

У народзе існавала перакананне, што трэба абавязкова перад Калядамі закалоць кормнага падсвінка, каб Каляда не гневалася і спрыяла добраму ўраджаю і прыплоду скаціны.

Не ведаю як вам, а мне дык добра вядомы такі малюнак. Яшчэ з самага ранку і амаль да вечара пылае ў печы. Там у вялікім чыгуне варацца каўбасы, сала ды мяса. У асобных гаршчках і гаршчочках розных памераў варыцца куцця і бульба, крупнік або капуста, халадзец.

Будзем гатаваць у печы халадзец
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Будзем гатаваць у печы халадзец

Сала, свежыя каўбасы, кравянка, сальцісон перад Калядамі ёсць у кожнай гаспадыні, якая з восені корміць свінку або парсючка менавіта да гэтага свята. У гэтым выпадку ёсць усё патрэбнае, каб зварыць халадзец. У нас яшчэ ёсць крыху часу, і я прапаную схадзіць на кірмаш, купіць кавалак свіной галавы (галавізну), вушы, хвасты, свіныя ножкі і прыгатаваць гэту смачную і любімую многімі беларусамі страву. Вось вам рэцэпт з Гарадзеншчыны.

Халадзец, або квашаніна

  • 3 свіныя ножкі
  • 500 г галавізны
  • 200 г поснага мяса (можна ялавічыны)
  • 2 морквы
  • 2 цыбуліны
  • лаўровы ліст
  • 5 гарошын духмянага перцу
  • некалькі зубкоў часнаку
  • 1 яйка
  • соль

Ножкі і галавізну добра выскрэбсці і вымыць, тое ж тычыцца вушэй і хвастоў, калі вы іх будзеце варыць. Падрыхтаванае такім чынам мяса пакласці ў халодную ваду на 3 гадзіны, потым перакласці ў рондаль і заліць халоднай вадой, давесці да кіпення і даць пакіпець 5 хвілін, ваду зліць, ножкі і мяса прамыць, зноў заліць халоднай вадой і варыць на малым агні 4-5 гадзін, пакуль мяса не будзе само адвальвацца ад костак.

З гэтага будзе халадзец
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
З гэтага будзе халадзец

Цыбулю можна не чысціць, а толькі памыць. Так яна не разваліцца ў булёне і надасць яму яшчэ і прывабны залацісты колер. Але, калі хочаце, то можна і пачысціць разам з морквай.

За гадзіну да канца варкі трэба булён пасаліць, укласці цыбулю, моркву, спецыі.

З гатовага булёну выняць мясное і абабраць косткі ад мяса. Мяса дробна нарэзаць.

Адвар працадзіць, зноў закіпяціць і ўбіць туды сырое яйка, хвілін пяць паварыць і зноў працадзіць.

Маскі калядных коз
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская

Апаласнуць формы халоднай вадой, дробна накрышыць туды часнок, пакласці лісцік зялёнай пятрушкі, мяса і заліць адварам. Усё, можна несці на балкон, або ў сенцы. (Абы там толькі ката не было, які таксама будзе не супраць паласавацца смачным). Няхай халадзец застывае. Як застыне, то перад тым як падаць на стол з хрэнам, трэба зняць зверху тлушч гарачай лыжкай. Пасля халадзец акуратна дастаюць з формы і пераварочваюць на талерку, а можна і не даставаць яго з формы, а нарэзаць на кавалкі і прапанаваць адразу ўсім жадаючым.

Меню святочнай вячэры практычна паўтарае меню абедаў першых святочных дзён і, акрамя асабліва смачных мясных страў, туды дадаюць бліны з грачанай мукі, клёцкі, піражкі і іншую выпечку. І абавязкова варыцца куцця з ячных або пшанічных круп, якую запраўляюць пасмажанымі з цыбуляй кавалачкамі сала.

Вячэру гэтую, хоць яна і завецца куцця, спажываюць не ў такім сур'ёзным настроі, як напярэдадні Раства Хрыстова. Вясёламу настрою спрыяе і выпітая гарэлка, за якой адмыслова ехалі ў бровар, дзе набывалі звычайна адразу вядро, бо поўвядра не прадавалі.

Калі б мы жылі ў тыя часы, то падслухалі  б такую гаворку паміж мужам і жонкай, запісаную Чаславам Пяткевічам у пачатку мінулага стагоддзя ў Рэчыцкім Палессі:

—  А што ты думаеш —  за гарэлку на багатую куццю да на Васілёў дзень?—  пытае жонка ў мужа напярэдадні Новага года.

— Ляндар (карчмар) абяцаўся заўтра прывезці цэлую бочку.

— Няхай ён сам п'е свае памыі! Хіба ты забыў, што на Новы год трэба, каб усё добрае, то ўвесь год будзе ўсё добра, а такі ж дась Бог Вялікдзень, прыйдзе наш гадавы хвэст, дак хіба ж можна піць чорт знае што?

— Дак што ж мы зробім? Мне ехаць ні..

— Ігнат Хведараў паедзе ў падвал, дак і нам прывезе.

— Дак жэ грошай немашэка, а ў лендара можна ўзяць напавер.

— Ты ж казаў, што ў цебе е на поўвядра.

— Поўвядра ў падвале не даюць, а трэба браць цэлае вядро.

— Ну, дак не твой клопат! Давай колькі есьцека, а рэшту я знайду; ляндарскую каламутку пій сабе ў карчме, а ў хату мне не прынось!

— На, на грошы да й адчапіся ад мяне.

Як тут не ўзгадаць старадаўнюю прымаўку: "На тое Бог даў Каляды, каб людзі весяліліся".

Пасля святочнай вячэры пераважна моладзь ішла на вуліцу шчадраваць.

Ой мы шчадравалі, у вакно заглядалі,

а што ж бабка напякла, прынясі нам да вакна.

Ямінь, ямінь, яміна, весяліся дружына Хрыстовая!

Каза на падлозе
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Каза на падлозе

Паўсюдна чулася музыка і спевы, накалядаваўшы, хлопцы і дзяўчаты збіраліся ў хаце, дзе падчас Піліпаўкі адбываліся попрадкі і вячоркі, наладжвалі танцы, спраўлялі вячэру ў складчыну, гулялі ў гульні, лушчылі арэхі і гарбузікі.

Міжволі думаецца, што нічога ў нашым свеце і не памянялася, хоць і мінула больш за стагоддзе. І цяпер гаспадары напярэдадні святкаванняў Новага года робяць усё тое, што і даўней. Бадай што толькі вядра гарэлкі ў бровары ніхто не купляе. А "ігрышчы" моладзі ў хаце — чым не вечарынка ў клубе? Галоўнае, застаўся добры настрой, з якім усе сустракаюць свята. Як тут не ўзгадаць залатыя словы, якія наш мудры народ казаў:

"Ці праўда, ці не, а людзі і цяпер робяць так, як рабілі дзяды, бо ведамо, дзяды як-небудзь перажылі свой век, а мы яшчэ не вядомо ці перажывём, ці Бог веку ўкароціць".

Шануймо сваё, даражэнькія, і каб Бог даў кожнаму шчасце, здароўе і розум у Новым годзе! Да сустрэчы!

Тэмы:
Беларускія Каляды (18)
Тэги:
Шчадрэц, Каляды
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы