Дай Бог знаць, з кім век векаваць: непрыдуманыя гісторыі

© Sputnik / Марына СерабраковаРоўная саломіна - добрае здароўе
Роўная саломіна - добрае здароўе - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Каму не хочацца зазірнуць у невядомае і даведацца аб сваёй будучыне? Мы раскажам вам, як варажылі нашы продкі.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik.
Каму не хочацца зазірнуць у невядомае і даведацца аб сваёй будучыне? Асабліва будучы лёс цікавіць маладых дзяўчат і хлопцаў. У дарослых жа пытанні да сусвету выключна гаспадарчыя, бо іх лёс ужо вырашаны.
А вось якое Бог дасць надвор'е у тую ці іншую пару, ці будзе яно спрыяць атрыманню добрага ўраджаю, ці будуць усе, і асабліва гаспадар, здаровыя? Усе гэтыя пытанні хвалявалі старэйшае пакаленне, паколькі ад вынікаў атрыманых праз варажбу ведаў залежыў лёс сям'і.
Варажба — комплекс магічных дзеянняў, закліканых прадвызначыць будучыню, прасвятліць невядомае ў мінулым.
Найбольш распаўсюджана варажба на Каляды. Можа гэта звязана з зімовым сонцаваротам, а можа з тым, што гэтай парой паміж Піліпаўскім і Вялікім постам працягвалі складацца сямейныя пары і адбываліся вяселлі.
Варажба на агароджы
Як варажылі? Вызначалі лёс пад вокнамі ў суседзяў, па сабачым брэху, па голасе, па рэху, пры дапамозе кія, дроў, ключэй, абутку, ежы і многага яшчэ. Падказаць, ці хутка пойдзеш замуж і які будзе жаніх, маглі сабакі і куры. Варожбы былі вельмі разнастайныя. Дарэчы, варажылі напрацягу ўсіх Каляд — ад ночы на Раство і да самых Вадохрышчаў. Самымі праўдзівымі лічыліся варожбы напярэдадні кожнай святочнай вячэры. Вось некаторыя спосабы тых даўніх варажбаў, запісаных этнографамі ў розныя часы.

Гаданне моладзі на Каляды

"На Каляды дзеўкі абносяць шматок старога сала ўкруг вёскі, каб прыманіць хлопцаў здалёк".
"Першы блін, які маці спячэ на Багату Каляду на Васілля, дачка возьме, пойдзець на крыжавую дарогу, там яго з'есць і слухае, дзе сабакі забрэшуць: у тую старану выйці замуж".
"Дзяўчаты варожаць па адной саламінцы, якую цягнуць рукамі з-пад абруса або зубамі са страхі новай хаты. Калі выцягнулі роўную і доўгую, то хутка будуць у пары. Калі саламінка з коласам, то дзеўка пойдзе замуж за хлопца, калі без коласа, то за ўдаўца. Колас з зярнятамі кажа, што суджаны будзе багаты, а пусты колас значыць суджанага беднага. Таксама па саламіне вызначалі здароўе. Калі трапляла роўная ці доўгая — то год прынясе здароўе і даўгалецце.
"Кожная дзяўчына кладзе ў адну шапку якую-небудзь сваю дробную рэч: пярсцёнак, завушніцу, напарстак і г. д. Складзенае падкідваюць угору, і чыя рэч падляціць вышэй — тая дзяўчына раней пойдзе замуж".
"Набіраюць вады ў міску і туды кусочкі хлеба пускаюць. І вось як адплыве мой кусок, то я замуж выйду, а як не адплыве, то буду дзеўкай сядзець".
"Пасля вячэры дзеўкі хуценька хапаюць вёдра і бягуць увыперадкі адна перад адной па ваду; каторая дзеўка прынясе хутчэй дамоў вады, тая хутчэй выйдзе замуж".
"Замужняя жанчына трымае пад накрыўкаю хлеб, пярсцёнак, шчотку, шыла, іголку і інш. І запрашае дзяўчат — удзельніц па чарзе падыходзіць і браць адну якую-небудзь рэч. Хто дастане хлеб — будзе мець багатага жаніха, пярсцёнак — каханага і прыгожага, шчотку — злоснага, шыла — шаўца, іголку — краўца".
"У талерцы з крупамі дзяўчына навобмацак павінна з першага разу дастаць пярсцёнак, і калі намацала, то быць вяселлю ў гэтым годзе".
"Выйшаўшы на двор, дзяўчаты абдымаюць плот і ў адлегласці паміж рукамі лічаць штакетнік. Перабіраючы кожную штакеціну, прамаўляюць: белы, чорны, лысы. На якой штакеціне скончыцца лік, такі і будзе жаніх. У другім варыянце робяць тое самае, толькі нічога не прамаўляюць, а лічаць, цот ці лішка. Калі лішка, то пара ў бліжэйшы час не складзецца".
"Падкідаюць у гару лапаць і назіраюць: у які бок ён ляжа носам на зямлю, туды і замуж ісці".
Прынамсі, мне варажыць на Каляды даводзілася неаднойчы. Узгадваецца такі выпадак, калі аднойчы 16-гадовай дзяўчынай, акурат напярэдадні Калядаў, прыехала на вёску да дзядоў. Бабуля зварыла куццю і паставіўшы гаршчок з куццёй на покуць, пачала распавядаць, як варажыла на будучы лёс у маладосці. Як бы жартам пачала навучаць: сцягнуўшы дзедавы ці бацькавы порткі, трэба ціхенька ўзяць з покуці жменьку куцці і, загарнуўшы яе ў мужчынскае, пакласці пад сваю падушку, а перад сном папрасіць будучага жаніха прысніцца і больш ні з кім не размаўляць.
Тады варажба ўспрымалася, як гульня, і, здаецца, ніхто так і не прысніўся. Мусіць, космас сам вырашае, каму ў які час дасылаць якія знакі, бо праз некалькі гадоў, варожачы на Каляды з сястрой, мне такі пабачылася ў сне нешта цікавае і важнае. Толькі варажба была інакшая. Яна заключалася ў тым, каб употай ад дзяўчыны хтосьці з блізкіх паставіў пад яе ложак пасудзіну з вадой, паверх якой трэба было пакласці дзве палачкі або саламінкі, каб утварыўся масток. Лічылася, што на тым мастку пабачыцца суджаны. Вось такія непрыдуманыя гісторыі!
Паваражыць на лёс на Каляды ў вясковай моладзі было звыклай справай ажно да сярэдзіны 20-га стагоддзя. Нават тата распавядаў, як выбягаў на двор у калядную ноч, каб у дрывотні адным хапком узяць бярэмя дроў. Пасля іх прыносілі ў хату і лічылі. Калі быў цот, то будзеш у пары, калі не — то чакай наступнага года.
Як бы там ні было, але моладзь і цяпер не супраць паваражыць на будучы лёс, калі выпадае такая магчымасць. Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту існуе нават адмысловая экскурсійная праграма, у якой наведвальнікаў знаёмяць з рознымі каляднымі звычаямі ва ўмовах скансэну. У тым ліку і з варажбой, якая з'яўлялася калісці адным з самых істотных кампанентаў традыцыйнай духоўнай культуры ўсіх славян і, безумоўна, беларусаў.
А ад сябе параю: не сумна правядзіце гэты цудоўны святочны вечар. Збярыцеся разам і добра адпачніце ў гэту чароўную навагоднюю ноч. Рабіце, як нашы продкі: гуляйце ў калядныя гульні, танцуйце і спявайце нават пад караоке, калі няма сярод вас музыкаў, частуйцеся смачнымі стравамі, прыгатаванымі сваімі рукамі, паспрабуйце паваражыць, і самае галоўнае — любіце і паважайце адно аднаго, і тады нават без варажбы ўсё ў вас будзе добра! Да сустрэчы.
Стужка навiн
0