15:39 04 красавіка 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.58
  • EUR2.79
  • 100 RUB3.36
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
63951

Вадохрышча – свята народнага календара, звязанае з культам вады і яе асвячэннем. У хрысціянскай традыцыі ў гэты дзень адзначаецца хрышчэнне Ісуса Хрыста у рацэ Іардан Іаанам Хрысціцелем.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

На Хрышчэнскую каляду, пакуль вады свянцонай не пап'ець, ні даўжон ніхто нічога есці.

Так старыя людзі кажуць у Лёзненскім раёне, так робяць па ўсёй Беларусі.

Моц вады і слова

Галоўнай падзеяй на Вадохрышча з'яўляецца асвячэнне вады ў царкве і ў вадаёмах.

Людзі зранку ідуць у царкву на святочную службу, каб запасціся хрышчэнскай вадой на цэлы год.

На Крещение вода обладает чудотворной силой
© Sputnik Виктор Толочко
Гаючая Вадохрышчэнская вада

Жыхарка вёскі Новы Пагост, што ў Міёрскім раёне, Лізавета Кузняцова (1922 г.н.) так апісала свае ўспаміны аб Вадохрышчах: "Даўней на Храшчэнне на возера хадзілі. З цэрквы, колькі ёсць людзей, усе ідуць хрэсным ходам на возера. Іконы нясуць бальшыя і харугвіі нясуць. Наш прыход быў у Пераброддзі, там была цэрква і бацюшка быў, такі малады красівы манах. І ён дужа рабіў красівы абрад, сільна цэрква ўбіралася, дужа красіва. Зараней выражуць крэст з лёду і гэты крэст паставюць. Прымёрзніць ён, гэты крэст, а тады пакрасюць яго журавінамі краснымі, красак тады ж не было. Ну і ёлкі ж паставюць, чатыры ёлкі. Палонка выразана крастом, і бацюшка асвячае ў гэтым красце ваду. А тады, як запяюць пеўчыя: "Во Іардані крышчаюць Цібе, Госпадзі…" — выпускаюць галубоў, зараней налавіўшы іх у кашолку такую. Мальчык іх выпушчае, гэта ж ангел, галубок". Хацелася б і мне такое хараство пабачыць!

Освящение воды в Крещенский сочельник
© Sputnik / Сергей Пятаков
Асвячэнне вады

 

Хрышчэнская вада — вада вялікага асвячэння, агіасма, што ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае "вялікая святыня". Гэта вада спрадвечна шанавалася ў народзе і выкарыстоўвалася як універсальны сродак аховы і дапамогі ва ўсіх жыццёвых сітуацыях: ад бытавых да надзвычайных.

Як прынясеш гэту ваду — самі вып'еш і ў хляве пасвеціш, усюды і каб гэта вада была ў цябе год. І вада гэта ніколі не бывае мутнай.

Хрышчэнскай вадой апырскваюць зямлю перад пасадкай насення, асвячаюць хату перад тым, як засяліцца, магілу і нябожчыка, даюць хворым, "свянцуюць" велікодныя стравы, калі няма магчымасці быць у царкве і г. д.

Хрышчэнская вада змывае ўсе грахі

У народзе кажуць, што святая вада дапамагае ад усяго, бо ні адным словам у царкве благому не вучаць, а Бог ёсць і трэба верыць.

У ноч на вадохрышча калодзеж пакідалі адкрытым
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
У ноч на вадохрышча калодзеж пакідалі адкрытым

Вада ў народных павер'ях усходніх славян і іншых славянскіх народаў — адна з асноўных стыхій разам з агнём і зямлёй, першакрыніца жыцця, увасабленне жаночага (нараджальнага) пачатку. Яна — галоўны ачышчальны сродак, якім карысталіся ў асноўных рытуальных момантах чалавечага жыцця — так было пры першым купанні дзіцяці, мыцці нявесты перад шлюбам, абмыванні нябожчыка перад пахаваннем. Лічыцца, што хрышчэнская вада змывае ўсе грахі. Таму існуе звычай пасля малебна акунацца ў ваду. Дарэчы тыя, хто падчас Калядаў адзяваў маскі, павінны былі абавязкова пакупацца ў палонцы, каб ачысціцца ад грахоў.

Ты ж, вадзіца-царыца, пракрасная дзявіца, божая памачніца, вадзіца-васточніца, усяму свету памочніца.

Да вадзіцы ставіліся паважліва

Людзі вельмі шануюць ваду, нічога ў яе не кідаюць нячыстага, не плююць, каб Бог не скараў.

Мыцца ў лазні, мыць хату ці бялізну на Хрышчэнскую Каляду дазвалялася, толькі пакуль не "засвяцілася вада", што адбываецца каля поўдня; з таго часу "засвечаную ваду" можна ўжываць толькі ўнутр.

Мая ж бабуля казала, што напрацягу трох дзён пасля асвячэння вады ўвогуле нельга ні мыцца з мылам, ні праць бялізну, каб не "гнюсіць" святой вады. Усе гэтыя справы трэба паспець зрабіць напярэдадні.

Свянцоную ваду на Вадохрышча, на Грамніцы, у Чысты чацвер, або на Макавея хаваюць і ўжываюць як зелле, бо яна вельмі добра дапамагае ад усялякіх хвароб.

Вада ў дзежцы, прызначаная для піцця, павінна быць закрытая, іначай у яе можа ўвайсці нячыстая сіла.

Трэцяя або вадзяная куцця.

Дзень перад Вадохрышчам строга посны. На куццю напярэдадні Вадохрышча рыхтаваліся тыя ж абрадавыя стравы, што і на першую посную куццю.

Шчупак на запяканку
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Шчупак на запяканку

Узімку шчупак не дыфіцыт, таму раю, калі ў хаце няма рыбака, то паспяшайцеся на кірмаш або ў супермаркет і купіце шчупака. Прыгатуйце сёння шчупака, запечанага з квашанай капустай. Гэту старадаўнюю беларускую страву гатаваць не цяжка, а паколькі страва павінна быць поснай, замяніце каровіна масла на алей.

Шчупак, запечаны з квашанай капустай

  • 1 шчупак на 1,5-2 кг
  • 2 цыбуліны
  • 1 морква
  • 1 корань пятрушкі
  • 1 карняплод сельдэрэю
  • 1 парэй
  • соль
  • 1 кг квашанай капусты
  • 100-150 г масла (алею)
  • 2-3 сухарыкі

Пачышчанага і пасоленага шчупака заліць халоднай вадой разам з карэннем і зварыць; квашаную капусту асобна зварыць да мяккасці з лыжкай масла; рыбу і капусту астудзіць. Нарэзаць шчупака на кавалкі і выбраць косткі.

Квашаную капусту ўжываюць як самастойную посную страву, а таксама тушаць, дадаюць у салаты, гатуюць першыя стравы
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Квашаную капусту ўжываюць як самастойную посную страву, а таксама тушаць, дадаюць у салаты, гатуюць першыя стравы

Тоўстым слоем змазаць алеем форму для запякання, пакласці на яго слой капусты, потым слой рыбы, потым зноў масла, капусту, рыбу — пакуль форма не будзе запоўненая. Сочым, каб апошнім быў слой капусты і масла.

Накрыць форму крышкай і паставіць у печ альбо духоўку на паўгадзіны, потым выняць, пасыпаць страву цёртымі сухарамі, шчодра паліць растопленым маслам, праколваючы страву відэльцам, каб масла дайшло ўглыб, і на паўгадзіны зноў паставіць запякацца, каб страва падрумянілася. Смачна есці!

Крыжык ад нячыстай сілы

А яшчэ на Вадохрышча засцерагалі дом і гаспадарку ад уздзеяння нячыстай сілы. Для гэтага гаспадар дома ставіў крэйдай крыжыкі над варотамі, дзвярыма, вокнамі, над уваходам у хлеў. У адной з вандровак па Беларусі такія дзверы я пабачыла ў Валожынскім раёне. Рухавая гаспадыня з нязвыкла зычным для амаль стогадовага чалавека голасам ахвотна распавяла:

Крыжы на дзвярах
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Крыжы на дзвярах

"Хрысты ставілі, і яны патом стаяць дзве нядзелі. Тады можна змыць іх. А знаеце, нашто ставілі хрысты? Анціхрысты каб, чэрці не хадзілі, нячыстая сіла. Яна стала хадзіць…"

Намалюю сёння такія крыжыкі і я. І няхай у вас і ў мяне ўсё будзе добра.

Дапамагай вам Бог, і са святам! Да хуткай сустрэчы!

Тэги:
Вадохрышча, Беларусь

Галоўныя тэмы