02:36 22 жніўня 2017
«Радыё Sputnik»
Падчас масленічных гулянняў

Гурманскі тыдзень і бабскія розбрыкі

© Sputnik/ Сергей Лескеть
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
7652

Масленіца - адзінае свята ў годзе, калі замужнія жанчыны маглі "выпусціць пару", прымаючы ўдзел у асабліва разгульных масленічных забавах на Крывым тыдні.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Асабліва шанаваўся культ шлюбу

У хаце цёпла. А за вакном — люты, кароткі і нясумны месяц. Нясумны, таму што ў ім шмат цікавых і добрых старых і новых свят, і кожнае можа быць падставай прыгатаваць што-небудзь смачнае. А тым больш Масленіца, якая ў адрозненні ад іншых народных святаў, якія ўжо маюць на сабе хрысціянскі адбітак, з'яўляецца амаль цалкам язычніцкім.

Масленіца ў горадзе
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Масленіца ў горадзе

Асабліва ярка на Масленіцу ўшаноўваўся культ сям'і і шлюбу. Тут ніхто не застаецца без увагі: бацька — маці, дзеўка — хлопец, зяць — цешча, маладая жонка і сваякі мужа, кум — кума, бабка-павітуха — унукі. 

Усё гэта круціцца вакол сям'і — спрадвечнай аховы ладу ў чалавечым існаванні. Жанчыны, адказваючы за з'яўленне новага жыцця і яго абарону, заўсёды вастрэй адчуваюць патрэбу ў заключэнні шлюбных адносін. Таму становіцца зразумелым з'яўленне такіх масленічных гульняў, як вешанне калодкі на хлопца або чаплянне селядца да спадніцы дзеўкі на масленічным кірмашы. Гэтыя дзеянні быццам дакор ім і папярэджанне не марудзіць з уступленнем у шлюбныя адносіны.

"Масленіца міла дзевак падманіла, хлопчыкі гулялі, а замуж не ўзялі"

У народнай свядомасці Масленіца — весялуха, танцорка, рагатуха, пявуння, жартаўніца. Масленіца — гаспадыня праводзінаў зімы, якія ладзіліся на заснежанай вясковай вуліцы.

На Крывым тыдні жанчынам дазвалялася ўсё

Паводзіны замужніх жанчын тых часоў строга рэгламентаваліся вясковай супольнасцю. Забаранялася пярэчыць мужу, свёкру і свякрові, непрыстойным лічылася апранаць мужчынскае адзенне, упрыгожваць твар касметыкай, нельга было паказваць расплеценыя валасы і многае іншае. Звычнай з'явай былі не толькі маральныя, але і фізічныя пакаранні жанчын.

Бабскія гульні на Масленіцу
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Бабскія гульні на Масленіцу

Масленіца — адзінае свята ў годзе, калі замужнія жанчыны маглі "выпусціць пару", прымаючы ўдзел у асабліва разгульных масленічных забавах на Крывым тыдні.

Сабраўшыся разам, яны спачатку частаваліся тым, што прынеслі ў складчыну, гулялі, спявалі.

Масленіца ў музеі
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Масленіца ў музеі

З рогатам яны прыбіраліся ў мужчынскае адзенне або якія інакшыя лахманы, фарбавалі бурачным сокам шчокі, малявалі сажай бровы і ў такім выглядзе, прытанцоўваючы, выкульваліся на вуліцу, каб чыніць асаблівыя бясчынствы.

Там жанчыны спявалі прыпеўкі эратычнага характару, у якіх звычайна фігуравалі Кум і Кума, танцавалі, вадзілі карагоды, жартавалі над аднавяскоўцамі супрацьлеглага полу.

Мужчыны павінны былі сцерагчыся трапляцца на вочы такой разняволенай кампаніі, бо разагрэтыя віном жанчыны маглі накінуцца на якога небараку і сцягнуць з яго порткі, з мэтай праверыць "ці гадзён ён да самай адказнай работы".

Падчас масленічных гулянняў
© Sputnik. Ларыса Мятлеўская
Бабка-павітуха

Нават старыя жанчыны ў абрадзе пахавання Дзеда (культ ушанавання продкаў) рабілі пудзіла з саломы, апранутае ў мужчынскае адзенне, майстравалі яму геніталіі з морквы і буракоў, плакалі над ім, абзывалі п'яніцай і бабнікам, пасля чаго з рогатам закопвалі ў снег за межамі вёскі.

Уявіце, як дзіка ў вачах прадстаўнікоў царквы, асабліва еўрапейцаў, выглядала гэта свята ў пачатку хрысціянізацыі славянскіх земляў. Таму не дзіва, што царква ўспрымала Масленіцу як "д'ябальскае" свята і скараціла тэрмін яго святкавання да аднаго тыдня.

Сапраўдны карнавал гурманаў

Як на Масленіцу выглядаў стол палешукоў, прыкмеціў этнограф і фалькларыст Часлаў Пяткевіч:

"Масленіца" — гэта сапраўдны карнавал: хоць і нядоўгі і пазбаўлены любімай свінінкі і сланінкі, аднак іх недахопу нават найвялікшы гурман і абжора не адчувае дзякуючы дастатку пульхных бліноў з грэцкай мукі, якія плаваюць у масле, а таксама клёцак і разнастайных піражкоў з сырам, шчодра залітых маслам…

Масленічнымі стравамі запасаліся яшчэ з Піліпаўскага посту: збівалі масла, адтаплівалі сыры, потым іх падсольвалі і спрасоўвалі ў макатрах (гліняных паліваных гаршках часам памерам з вядро, а то і болей), залівалі растопленым падсоленым маслам, каб не было шчылін, і ставілі ў склеп. Гэта старажытная страва называлася сырніца, якая дала другую назву Масленіцы.

Дойная карова зімой лічыцца вельмі рэдкай з'явай, не кажучы ўжо пра слабы надой, што нават сцвярджаецца ў прыказцы:

Мілага госця зімою частуюць малаком, а вясной — мёдам.

Таму гаспадыня, якая ў гэты час апроч салёнага сыру і масла можа мець яшчэ і свежую смятану да бліноў, вельмі ганарыцца гэтым. Зрэшты, дзеля разнастайвання абрадавых страў служаць свежая рыба і пячкуры. Акрамя гэтага над усім пануе гарэлка.

Масленічныя пасядзелкі ў Асіповіцкім раёне
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Масленічныя пасядзелкі ў Асіповіцкім раёне

Гарэлку для жанчын разбаўлялі мёдам і настойвалі на насенні кмену, кропу, анісу. Такую гарэлку называлі "салодкай", і моцнасць яе звычайна была невялікай. Але гэтага хапала, каб разагрэтых смачным абедам і "салодкай гарэлкай" жанчын пацягнула на прыгоды.

Хрушчы на Масленіцу
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Хрушчы на Масленіцу

Дарэчы, у былыя часы Масленіцу святкавалі тры тыдні. Ну, як бы там ні было, а добра, што гэта цудоўнае свята дайшло да нас з глыбінь стагоддзяў і прыносіць радасць і ў нашыя дні. Вясёлых свят вам і некалькі цудоўных рэцэптаў бліноў ад аўтаркі першай беларускай кулінарнай кнігі "Літоўская кухарка" Вінцэнты Завадскай.

Грэцкія бліны

  • мука пшанічная — 400 г
  • мука грэцкая — 400 г
  • дрожджы сухія — 10 г
  • соль — 1 ч. л.
  • цукар — 1 ч. л.
  • Вада — 750 г

Замясіце цеста з пшанічнай мукі, сухіх дражджэй і абавязкова цёплай вады. Пастаўце ў цёплае месца. Калі цеста падымецца, трэба яго добра вымясіць драўлянай лыжкай або лапаткай. Далей усыпце соль, цукар і грэцкую муку, перамяшайце і зноў пакіньце ў цёпленькім, каб падышло.

Цяпер добра прагрэйце патэльню, нашмаруйце яе маслам або кавалкам сырой скваркі і выпякайце блінцы.

Масленица на Sputnik: гречневые блины с яблоками
© Sputnik / Людмила Янковская
Бліны на піве

Кажуць, што такія бліны вельмі смачныя з ікрой, але я люблю намазаць іх разагрэтым мёдам. або ўкруціць у іх начынку з грыбоў і тады ў вас атрымаюцца сапраўдныя грачанікі.

Бліны на піве без дражджэй

  • 6-7 яек
  • 2,5-3 шклянкі пшанічнай мукі
  • 3 шклянкі піва
  • 1 ст. лыжка масла
  • крыху солі
  • смятана або растопленае масла

Узбіць шэсць ці сем жаўткоў да белага колеру. Пасаліць, уліць тры шклянкі піва і сыпаць патроху столькі сухой мукі, каб маса была троху гусцейшай, чым на наліснікі. Узбіць пену з бялкоў, асцярожна вымешаць, распаленую патэльню пашмараваць растопленым маслам, наліць пару лыжак цеста, падсмажыць блін з аднаго боку, потым з другога. Стопку бліноў накрыць ільняной сурвэткай, каб не астылі, і падаць да стала са свежай смятанай або растопленым маслам.

Блины на пиве
© Sputnik / Людмила Янковская
Грэцкія бліны

Калі замест пшанічнай мукі ўжыць палову грэцкай, то бліны будуць пульхнейшыя.

Наліснікі паненскія

Спячы тонкія наліснікі з бульбянай мукі. Размяшаць густую свежую смятану з цукрам, карыцай і лімоннай цэдрай, намазаць гэтай масай наліснікі, загарнуць канцы да сярэдзіны, укласці ў форму для запякання, змазаную маслам, шчодра пакрапіць ім бліны зверху і паставіць у негарачую печ. Пры падачы абсыпаць цукрам.

Гатуйце, ешце самі і частуйце сяброў! Да хуткай сустрэчы.

 

Тэги:
Масленіца, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы