00:33 20 студзеня 2018
«Радыё Sputnik»
Час калі плачуць бярозы

Час, калі плачуць бярозы, і гірос вам у талерку

© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (16)
8341

Пацяплела, і руплівым гаспадарам няма спакою. У сакавіку самы час нарыхтоўваць бярозавы сок. Збіраюць яго ўсяго некалькі тыдняў на год, і калі ў вас на падворку расце прыгажуня-бяроза, трэба паспяшацца з гэтай справай.

Бяроза расце паўсюдна ў лясной зоне Беларусі. Хараство гэтага дрэва захапляе, таму ім часта ўпрыгожваюць гарадскія вуліцы і паркі. Дрэва з белай, гладкай карой дасягае вышыні 20-30 метраў і жыве 120-150 гадоў, але ў добрых умовах можа дажыць да 300-400-гадовага ўзросту.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

На службе ў гаспадара

Здаўна нашыя продкі навучыліся выкарыстоўваць гэта дрэва з рознымі мэтамі. І хоць бяроза не мела ў гаспадарцы такога шырокага прымянення, як сасна, часам яе не магчыма было замяніць іншым дрэвам. З драўніы рабілі лапаты для гумна (імі правейвалі зерне), аправу (ложа) для стрэльбы, граблі, верацёны, тапарышчы, лыжкі, сальніцы (выраблялі з нараслі), люлькі, карэц (чарпак для набірання вады), з галінак вязалі мётлы для падмятання хаты, гумна і падвор'я.

Калі гаспадыня збіралася пячы хлеб або пірагі, то абавязкова паліла ў печы бярозавыя дровы, якія даюць моцны жар. Астылым вуглем лячылі стрававыя захворванні у скаціны і людзей.

Ад траўня і да сярэдзіны лета здзіралі са ствалоў бяросту для вырабу дзёгцю. Таксама з яе плялі кашалі, рабілі авальныя табакеркі, круглыя каробачкі, якія шчыльна зачыняліся, і розныя гаспадарчыя дробязі на нядоўгі ўжытак.

Берасцяная шкатулка
© Sputnik/ Виталий Арутюнов
Берасцяная шкатулка

Цікавостка

Хутка Вялікдзень, і, можа, вам будзе цікава ведаць, што выварам з каранёў бярозы фарбавалі яйкі ў ружовы колер, а з лісця — у зялёны.

Бабуля так лячыла

Бярозу шырока выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне. У лекавых мэтах выкарыстоўвалі почкі бярозы, маладое лісце, сок расліны, дзёгаць і грыб чагу. Знаўцамі лекавых уласцівасцяў расліннага свету былі знахары, да якіх часта звярталіся па дапамогу.

Ведала такую жанчыну і я. У сонечныя сакавіцкія дні цётка Лявоніха спяшалася ў бярэзнік па пупышкі, якія, часам, збірала і зімой. Яна настрыгала галінкі і сушыла іх ў цяні пад паветкай. Пасля драўляным пранікам акуратна абмалочвала іх з галінак і ссыпала ў палатняныя мяшэчкі. Духмяныя, клейкія лісцікі бабуля збірала ў траўні. У гэты час у іх шмат вітаміна С, сапанінаў, флаваноідаў, смалы, антыбіятычных рэчываў з моцнымі супрацьмікробнымі ўласцівасцямі. Яна распавядала, як у часы Вялікай Айчыннай вайны бярозай лячыла партызан. Тады водны настой з лісця бярозы ўжывалі ў якасці агульнаўмацавальнага напітку, вітаміннага сродку пры трафічных язвах, незагойных ранах і авітамінозах. Вось той рэцэпт.

Настой з бярозавага лісця

2 чайныя лыжкі нарэзанага лісця заліваюць 200 мілілітрамі кіпню, настойваюць 30 хвілін, ахалоджваюць, працэджваюць. Жоўта-зялёны, гаркаваты на смак настой пьюць 3 разы на дзень.

Вазьміце на заметку, што такі настой карысна піць пры нефрозах, нефрытах і мачакіслым дыятэзе.

Бярозавы сок

Дзівосная ўласцівасць бяроз шчодра выдзяляць сок увесну, "плакаць", вядомая ўсім. Пра тых, хто вельмі слёзна плакаў, проста разліваўся слязамі, звычайна казалі: "Плача, што бяроза ліецца". 

Метафарычнасць выразу ўзнікла па асацыяцыі з тым, як вясною з галінак бярозы капае сок. Чаму ён такі салодкі? Аказваецца, у каранях і ствале збіраецца крухмал, які з надыходам вясны раствараецца ў вадзе і пачынае падымацца па драўніне ўверх да пупышак. Пупышкі, падсілкаваўшыся салодзенькім сокам, ператвараюцца ў светла-зялёныя, клейкія лісцікі. Па іх краям сочыцца салодкая вадзіца, якой ахвотна жывяцца ўсялякія казюркі і асабліва пчолы. Калі сок выпарыць, то можна атрымаць сіроп, у якім будзе 60% цукру.

Шклянка свежага бярозавіка
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Шклянка свежага бярозавіка

Для гэтага трэба наліць бярозавік у эмаліраваную каструлю і выпарыць яго да 1/3 аб'ёму. Атрыманы сіроп будзе мець лімонна-жоўты колер і далікатны смак.

Спосаб нарыхтоўкі бярозавага соку

Каб сабраць бярозавы сок, пры дапамозе долата ў ствале дрэва робяць адтуліну ў форме трохкутніка, вяршыня якога накіравана ўніз. У яе ўстаўляюць спецыяльны бляшаны жолаб або марлевы кнот, які апускаюць у чысты шкляны посуд. Каб сок не выцякаў дарэмна, дзірачку залеплівалі воскам, садовым варам і нават гаспадарчым мылам.

Вядомы беларускі мастак Антон Бархаткоў, стагоддзе з дня нараджэння якога сёлета святкуюць, узгадваў як у маленстве хадзіў у Бялыніцкую школу па дарозе, абсаджанай паабапал бярозамі. Вясною амаль пад кожным дрэвам ляжалі драўляныя начоўкі, у якія сцякаў сок. Так на Магілёўшчыне вяскоўцы збіралі бярозавік у пачатку ХХ стагоддзя.

Піце на здароўе!

Эксперыментальна даказана мачагоннае, жаўцягоннае і дызенфіцыйнае дзеянне пупышак і лісця, настоянага на соку бярозы. Яно стымулюе выдаленне з арганізму шкодных прадуктаў, якія ўтвараюцца пасля такіх хвароб, як грып, запаленне лёгкіх, захворванні нырак. Бярозавы сок аказвае добры лекавы эфект пры такіх захворваннях, як экзэма, падагра, рэўматызм, для чаго ўжываюць замест вады па 2-3 шклянкі соку на дзень. Ён выкарыстоўваецца і як агульнаўмацавальны сродак пры туберкулёзе, фурункулёзе, лішаях, ім абмываюць твар пры пігментных плямах.

Бярозавік ад гаспадыні
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Бярозавік ад гаспадыні

Лепш за ўсё ўжываць свежы бярозавы сок, але ён хутка пачынае кіснуць, таму яго навучыліся захоўваць рознымі спосабамі. Цяпер яго кансервуюць у прамысловых масштабах і слоік сока можна набыць у любым гастраноме. З рознымі дадаткамі яго кансервуюць і хатнія гаспадыні. На Беларусі ж здаўна бярозавік нарыхтоўвалі бочкамі. З соку рабілі квас.

Бярозавы квас

У бочку з бярозавым сокам апускаем на вяровачцы торбачку з гарэлымі скарынкамі аржанога хлеба. Праз 2 дні з скарынак у сок пераходзяць дрожджы і пачынаецца бражэнне. Затым у бочку насыпаем вядро дубовай кары ў якасці кансерванту, а для водару можна дадаць лісце і галінкі вішні, кропу. Пасля бочку трэба шчыльна закаркаваць і паставіць у прахалоднае месца. Праз 2 тыдні квас гатовы і яго можа ўжываць. Такі квас захоўвацца цэлую зіму.

Зразумела, што колькасць інгрыдыентаў залежыць ад аб'ёму вадкасці, і з водарнымі раслінамі таксама можна паэксперыментаваць.

Для хуткага ўжывання робяць квас і без дубовай кары. Такі квас рэзка, спецыфічна пахне, але смакавыя якасці ў яго вельмі добрыя. Даўней на такім квасе шмат дзе па Беларусі гаспадыні гатавалі першыя стравы. У Капыльскім раёне ў вёсцы Лотвіны давялося пакаштаваць цікавы халодны суп-гірос, які гатуецца на аснове такога квасу.

Гірос

Для прыгатавання гіросу спатрэбіцца пучок пер'я зялёнай цыбулі і часнаку, пучок кропу, зялёны агурок, бярозавы квас, соль, лыжка смятаны.

Зеляніну часнаку і цыбулі дробна пакрышыць і расцерці з соллю, каб пусцілі сок і водар. Асобна пакрышыць агурок і кроп. Усё перамяшаць і заліць квасам, забяліць смятанай.

Гірос наліваюць у кубкі і запіваюць ім смажаную або тушаную бульбу.

Гірос - суп з бярозавага квасу
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Гірос - суп з бярозавага квасу

Калі соку мала і няма часу з ім валэндацца, вось яшчэ адзін "гультайскі" спосаб нарыхтоўкі сока. Для гэтага бяром 1,5 л бутэлькі і заліваем іх сокам, кідаем туды 5-10 шт разынак, плотна закручваем і ставім у склеп да лета. Будзе смачна.

Вясной, калі леташнія гародніна і садавіна паступова губляюць сваю спажыўную каштоўнасць, гірос і бярозавы сок будуць вельмі дарэчы нашаму знясіленаму за зіму арганізму, і тут бярозе вялікі дзякуй!

Смачна вам есці і да пабачэння!

Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (16)
Тэги:
Народныя традыцыі, беларуская кухня, Народная медыцына, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы