22:51 15 снежня 2017
«Радыё Sputnik»
Свята народнай творчасці Вясновы букет

Свята "Вясновы букет" сабрала лепшых майстроў з усёй краіны

© Sputnik/ Юлія Хвошч
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
20571

Сёлета спаўняецца 25 гадоў Беларускаму саюзу майстроў народнай творчасці, з гэтай нагоды свята майстроў і рамеснікаў "Вясновы букет" упершыню праходзіла ў цэнтры Мінска.

МІНСК, 22 мая — Sputnik. У Верхнім горадзе ў суботу стракатала ў вачах ад яркіх фарбаў — народныя майстры з'ехаліся з усёй Беларусі, каб прадставіць публіцы свае працы і вырашыць, які рэгіён лепшы.

Сумныя вясельныя каты ручной працы
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Сумныя вясельныя каты ручной працы

Кірмаш праходзіў у дзевяты раз, на яго з'ехалася каля 400 майстроў з розных рэгіёнаў Беларусі, на пляцоўцы ля ратушы былі прадстаўлены ўсе вобласці. Характэрна, што гэтым разам фестываль упершыню прайшоў у Верхнім горадзе, што стала добрым падарункам Беларускаму саюзу майстроў з нагоды юбілею.

Рэспубліканскі фестываль майстроў і рамеснікаў прайшоў у Верхнім горадзе — >> відэа

Юная майстрыца з Валожынскага раёна
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Юная майстрыца з Валожынскага раёна

"Рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў "Вясновы букет" ладзіцца апошнім часам штогод напрыканцы мая ў Мінску. Сёлета ён праходзіць у цэнтры горада, да гэтага праходзіў у Лошыцкім парку, але майстры папрасілі, каб мерапрыемства наведала як мага больш людзей. Калі гарадскія ўлады ўбачылі, якое гэта прыгожае свята, вырашылі зладзіць яго ў цэнтры Мінска", — распавёў карэспандэнту Sputnik старшыя Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута. 

Свята народнай творчасці Вясновы букет у Верхнім горадзе
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Свята народнай творчасці "Вясновы букет" у Верхнім горадзе

Цягам усяго дня ладзіўся конкурс — майстры змагаліся ў дзевяці намінацыях. Арганізатары вырашылі зрабіць так, каб ні адна вобласць Беларусі не была пакрыўджана і не засталася без узнагароды, бо ў кожнай з іх ёсць нейкая адметнасць, якую варта адзначыць.

На свяце былі прадстаўлены ўсе віды рамёстваў
© Sputnik/ Юлія Хвошч
На свяце былі прадстаўлены ўсе віды рамёстваў

Святочны кірмаш распачаў сваю працу а 10-й раніцы і працаваў да 17 гадзін. Мерапрыемства было аздоблена музычнай праграмай ад беларускіх фальклорных калектываў. У Верхнім горадзе былі прадстаўлены ўсе віды беларускіх народных рамёстваў, промыслаў і відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

"Тут прадстаўлены літаральна ўсе віды беларускіх рамёстваў, у тым ліку і тыя, што былі адроджаны Беларускім саюзам майстроў з нуля — гліняная цацка, выцінанка, кавальства, нізанне бісерам, апрацоўка бяросты — усе гэтыя віды рамёстваў у савецкія часы практычна не існавалі, і мы іх адрадзілі", — распавёў старшыня Беларускага саюза майстроў.

Са слоў Яўгена Сахуты, адноўленыя віды промыслаў сёння ўжо выступаюць не як бытавыя з'явы, а як творы мастацтва і выдатныя беларускія сувеніры. Некаторыя з іх, да прыкладу, роспіс па дыванах, трапілі у спіс нематэрыяльнай спадчыны.

Госць фестывалю вывучае прыклады гальванапластыкі
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Госць фестывалю вывучае прыклады гальванапластыкі

"Традыцыйныя рамёствы сёння атрымалі новае жыццё ў сувязі з шырокай цікавасцю грамадскасці да забытых відаў народнай творчасці", — распавёў Яўген Сахута.

Фестываль сабраў каля 400 майстроў з усіх рэгіёнаў Беларусі
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Фестываль сабраў каля 400 майстроў з усіх рэгіёнаў Беларусі

Кожны прылавак быў адметны — сваёй тэматыкай, каларытам, унікальным афармленнем. Карэспандэнта Sputnik прывабіла лаўка з тканымі дамавікамі і лялькамі.

"Гэта лялька-Манілка. Яна вабіць добрых жаніхоў да дзяўчыны і дапамагае ўтрымаць каханага. У старадаўнія часы іх выстаўлялі на акно, каб маладыя хлопцы бачылі, што тут жыве нявеста. Каб абярэг пачаў дзейнічаць, дзяўчыне варта прышыць да спадніцы лялькі ўласны гузік, інакш жаніх можа пераблытаць дзяўчын і прывабіцца да іншай", — распавяла Ганна, майстар па ляльках з Пухавіцкага раёна.

Лялька-Манілка вабіць добрых жаніхоў і дапамагае ўтрымаць каханага
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Лялька-Манілка вабіць добрых жаніхоў і дапамагае ўтрымаць каханага

Часам ля гандляроў адбывалася сапраўднае дзейства — жанчыны вышывалі і спявалі народныя песні аўтэнтычным шматгалоссем, майстры па бяросце выраблялі кошыкі, майстрыцы ткалі на станках, некаторыя станкі былі самаробнымі.

Майстар-клас па ткацтву паясоў ад Бярэзінскага раёна
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Майстар-клас па ткацтву паясоў ад Бярэзінскага раёна

"Я раблю паясы з дапамогай дошчачак — так спадручней, ніткі не блытаюцца. Але гэты від ткацтва патрабуе шмат цярпення", — распавяла майстрыца з Бярэзінскага раёна.

Майстар-клас па пляценні з саломкі ад Алы Аўсяннікавай
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Майстар-клас па пляценні з саломкі ад Алы Аўсяннікавай

Шмат майстроў адначасова з гандлем давалі майстар-класы — кожны наведвальнік фестывалю меў магчымасць прысесці, узяць у рукі пучок саломы ці камячок гліны і самому паспрабаваць зрабіць сабе сувенір. Усе прадстаўленыя сувеніры былі ручной працы, але кошты на іх былі таннымі, нават, сімвалічнымі. 

Тэги:
Народная творчасць, Нацыянальная культура, Беларускі саюз майстроў народнай творчасці, Верхні горад, Мінск
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы