10:53 14 снежня 2018
«Радыё Sputnik»
  • USD2.12
  • EUR2.41
  • 100 RUB3.20
Унікальныя славянскія паселішчы знайшлі на Палессі

Унікальныя славянскія паселішчы знайшлі на Палессі

© Photo : Ганна Бяліцкая
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
529111

Акрамя супрацоўнікаў Інстытута гісторыі Акадэміі навук у раскопках удзельнічалі валанцёры-краязнаўцы і знакаміты беларускі фермер Міхаіл Шруб. Аб сенсацыйным адкрыцці карэспандэнт Sputnik Шаршнёва Алеся паразмаўляла з непасрэднымі сведкамі.

Каб зрабіць унікальную для сусветнай гістарычнай навукі знаходку спатрэбілася некалькі год, але працаваць было варта. Вынік дае падставу для перагляду існуючых гістарычных канцэпцый.

У мінулым годзе адкрыццё славянскіх паселішчаў на Палессі ўвайшло ў топ-10 дасягненняў па выніках Года навукі. Археолагі спадзяюцца, што гэта дапаможа паскорыць працу ў экспедыцыях, таму што можна толькі гадаць, якія таямніцы хавае палесская зямля. 

Ці была цывілізацыя ў Палессі?

Ганна Бяліцкая займаецца даследваннем Палесся каля трох дзесяткаў гадоў і заўсёды асобую цікаўнасць праяўляла да зарубінецкай культуры, якая належыць да ранняга жалезнага веку.

Унікальныя славянскія паселішчы знайшлі на Палессі
© Photo : Алеся Шершнёва
Ганна Бяліцкая заўсёды праяўляла асобую цікаўнасць да зарубінецкай культуры

Высновы аб завяршэнні зарубінецкай культуры II стагоддзем нашай эры навукоўцы рабілі, абапіраючыся на звесткі пра прыпыненне функцыянавання могільнікаў на Прыпяцкім Палессі. У сусветнай гістарычнай навуцы існуюць дзве здагадкі наконт гэтага — глабальная катастрофа ці нашэсце готаў. Па меркаванні Ганны Бяліцкай, і першая, і другая — памылковыя. Яна лічыць, што негледзячы на готскія паходы і міграцыі, нашчадкі зарубінецкай культуры адносна спакойна жылі на Палессі. Густыя бары і балоцістыя мясціны дазвалялі хавацца ад захопнікаў, а багатая флора і фауна — перажываць прыродныя катаклізмы.

"Лічылася, што зарубінецкая культура знікла раптоўна. Некаторыя даследчыкі нават меркавалі, што Палессе пуставала амаль 150 год, але па нашых даследаваннях бачна, што жыццё на паселішчах не перарывалася, у гэты час  якраз ішлоў працэс фарміравання раннеславянскай супольнасці", — падкрэслівае яна.

Унікальныя славянскія паселішчы знайшлі на Палессі
© Photo : Алеся Шершнёва
Самыя знакавыя знаходкі былі зроблены ў вёсцы Бярэжцы Жыткавіцкага раёна

Ганна Бяліцкая кіравала раскопкамі ў вёсках Бярэжцы і Малы Мелешаў Жыткавіцкага раёна, а таксама ў вёсцы Яськавічы Салігорскага раёна.

Раскопкі ў гэтай мясцовасці вяліся тры гады і кожнае лета даследчыкі адшуквалі тут штосьці новае. Першай яскравай знаходкай, якая стала своеасаблівым штуршком для далейшай працы, была прагнутая бронзавая фібула з падвязной ножкай (шпілька, якая выкарыстоўвалася, каб замацоўваць складкі адзення накшталт гузіка — прым. Sputnik). Яе знайшлі ў Бярэжцах.

Унікальныя славянскія паселішчы знайшлі на Палессі
© Photo : Ганна Бяліцкая
План аднаго з жытлаў і знаходкі - фрагменты посуду, праселкі і гліняныя хлебцы

Патрапіліся археолагам таксама гліняныя "хлебцы", кудмень з кіпцюром мядзведзя, керамічныя праселкі, косці жывёл і фрагменты ляпнога глінянага посуду. Усяго за гэты час было знойдзена чатыры жытлы, якія цалкам яшчэ не даследаваныя: у 2017 годзе праца вялася над двума.

Сенсацыйнае адкрыццё ўдалося зрабіць таксама і на паселішчы Яськавічы Салігорскага раёна. У жытловым комплексе знойдзены, некалькі агменяў, фрагменты праселак, посуду, лунніца з выямчатай эмаллю, якая датуе матэрыялы жытла другой паловай II — першай паловай III стагоддзя.

Унікальныя славянскія паселішчы знайшлі на Палессі
© Photo : Ганна Бяліцкая
Знаходкі з раскопак у Яськавічах

"Я лічу, што трэба перагледзець канцэпцыю перарывістага культурнага развіцця ў Прыпяцкім Палессі ў першай палове І тыс. н.э. Даследаванні паселішчаў паказваюць, што класічная зарубінецкая культура перарастае ў познезарубінецкія старажытнасці, апошнія ж сталі асновай для фарміравання раннеславянскай пражскай культуры. Такім чынам, галоўным працэсам была ўсё ж эвалюцыя. Добра вядома, што на гісторыка-культурную сітуацыю ў Прыпяцкім Палессі ў другой палове І тысячагоддзя да н.э. — першай палове І тысячагоддзя н.э. мелі моцнае ўздзеянне культуры, якія фарміраваліся пад латэнскім і рымскім уплывам. Раннеславянскія старажытнасці складваліся ў час заняпаду і падзення Рымскай імперыі. Карэннае насельніцтва Прыпяцкага Палесся прыняло непасрэдны ўдзел ў фарміраванні раннепражскай культуры.

Сенсацыйнага адкрыцця магло б не быць

Вялікую працу падчас раскопак робяць валанцёры-краязнаўцы, у тым ліку,  члены Тураўскага навукова-асветніцкага таварыства — спаткаемцы краязнаўчага руху, прадстаўнікі якога амаль што поўнасцю былі рэпрэсаваныя ў сталінскія часы.  

Напрыклад, мінчанка Вольга Харытановіч, якая колькі год таму пераехала са сталіцы ў Тураў, ездзіць на раскопкі з цікаўнасці — вядзе свой блог, дзе расказвае пра самыя яскравыя знаходкі. Ёй падабаецца знаходзіць старажытныя рэчы, уяўляць людзей, якія жылі ў гэтых мясцінах, вывучаць іх звычаі і дакранацца да матэрыяльных сведкаў мінулых дзён, якія хоць і нежывыя, але могуць расказаць вельмі многае.

Унікальныя славянскія паселішчы знайшлі на Палессі
© Photo : Ганна Бяліцкая
Вялікую працу падчас раскопак робяць валанцёры-краязнаўцы

Разам з ёй на раскопках кожнае лета гісторык Алена Байкоўская, якая раней працавала ў археалагічнай лабараторыі ў Казахстане, а зараз жыве ў Тураве. Пад кіраўніцтвам археолагаў Інстытута НАН Беларусі яна прайшла перападрыхтоўку і зараз можа працаваць як археолаг у Беларусі. Яе досвед вельмі быў бы дарэчы ў Тураўскім краязнаўчым музеі, які мае вялікі плошчы пад археалогію, але не праводзіць ніякай работы па ўзбагачэнню і аднаўленні археалагічнай экспазіцыі. Ганна Мікалаеўна колькі год спрабуе наладзіць сумесную з музеем працу, аднак разумення з мясцовымі ўладамі пакуль знайсці не ўдалося.

Ганна Мікалаеўна падкрэслівае, што калі б не дапамога энтузіястаў з Турава і Салігорска, працаваць было б складана і зрабіць адкрыццё славянскіх паселішчаў на Палессіі не давялося нават і ў гэтым годзе. З цікавасцю ставіцца да даследаванняў мясцовы кіраўнік сялянскай гаспадаркі Міхаіл Шруб, на землях якога, дарэчы, і праходзіць экспедыцыя ў Бярэжцах. Па магчымасці  дасылае і аплочвае рабочых для раскопак, падтрымлівае ў вырашэнні складаных тэхнічных задач. Міхаіл Рыгоравіч па ўласнай методыцы правёў працу па музеефікацыі і дастаўцы рэшткаў печы з старажытнага жытла ў Тураўскі краязнаўчы музей. Праца гэта вельмі складаная, патрабуе спецыяльнага абсталявання, фінансавых выдаткаў і, вядома, кемлівасці.

Унікальныя славянскія паселішчы знайшлі на Палессі
© Photo : Ганна Бяліцкая
Так дастаўлялі ў музей рэшткі печы

"Радуе тое, што ў нас складваецца грамадзянская супольнасць, якая цікавіцца археалогіяй. Ёсць людзі, якім не ўсё роўна, якія хочуць працаваць на карысць гістарычнай навукі. У іх ёсць неабходнасць ведаць сваю гісторыю", — падкрэслівае Ганна Мікалаеўна.

Негледзячы на цяжкасці, спыняцца на зробленым Ганна Бяліцкая і яе паплечнікі не плануюць. Гэтым летам таксама адправяцца на Палессе — на правы і левы бераг Прыпяці, каб лапік за лапікам змяншаць колькасць белых плям на карце гісторыі.

По теме

У Гродне знайшлі цэглу з гербам эпохі Вітаўта
Тэги:
археалагічныя знаходкі, Археалогія, Ганна Бяліцкая, Палессе, Беларусь

Галоўныя тэмы