03:11 20 чэрвеня 2018
«Радыё Sputnik»
  • USD2.02
  • EUR2.33
  • 100 RUB3.14
Цэнтральная фігура комплексу - бронзавы партызан, паводле задумы стваральнікаў мемарыяла павінна была чытацца з усіх бакоў

Замест вады ў рацэ цякла кроў: як ва Ушачах захоўваюць памяць пра вайну

© Sputnik / Павел Вур
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
5211

Многія гарады і вёскі сталі вядомымі з-за вайны, але нямногія перажылі яе.

Сёння цяжка паверыць у падзеі, якія адбываліся ва Ушачах падчас Айчыннай вайны. Пра гэта захоўваюць памяць нешматлікія ўдзельнікі тых падзей і мемарыяльны комплекс, адкрыты ў 70-х гадах мінулага стагоддзя.

Карэспандэнт Sputnik Павел Вур наведаў тыя месцы, дзе 75 гадоў таму была Полацка-Лепельская партызанская зона — унікальная з'ява ў партызанскім руху Беларусі.

Аперацыя "Зорачка"

Ці дастаткова для развіцця і росту дзіцяці 80 грамаў аўсянага хлеба ў дзень і дробкі солі? Канечне не. Гэтага дастаткова толькі для таго, каб яно не памёрла з голаду. Але ад дзяцей, у якіх бралі кроў, больш і не трэба.

Падчас вайны немцы нярэдка выкарыстоўвалі сірот з акупаваных тэрыторый у якасці донараў для сваіх салдат, паколькі дзіцячая кроў лепш засвойваецца дарослым арганізмам. Знясіленых і змучаных дзяцей літаральна абяскроўлівалі да смерці.

Береза, которую посадил губернатор в 2016 году
© Sputnik / Павел Вур
Бяроза, якую пасадзіў губернатар у 2016 годзе

У канцы 43-га адна з разведгруп байцоў Полацка-Лепельскай партызанскай зоны знайшла мноства дзяцей у вёсцы Бельчыцы пад Полацкам, дзе размяшчаўся нямецкі акупацыйны гарнізон. Гэта былі дзеці рознага ўзросту з Полацкага дзіцячага дома №1, якіх трымалі тут як донараў крыві.

Камандаванне партызанскай брыгады імя Чапаева вырашыла вызваліць іх, вывезці на тэрыторыю, якую кантралявалі партызаны, а затым пераправіць на Вялікую зямлю. Для гэтага была распрацаваная аперацыя "Зорачка". Партызаны настолькі хутка і добра яе правялі, што абыйшлося без перастрэлкі.

Дзяцей накіравалі ўглыб "Партызанскай рэспублікі", у вёску Славені. Там знясіленых хлопчыкаў і дзяўчынак адкармілі і сталі рыхтаваць да перадачы ў савецкі тыл, паколькі гітлераўцы пачалі паляванне на партызан.

"Перад тым як немцы канчаткова ўзялі партызан у блакаднае кальцо, пілоты Аляксандр Мамкін і Дзмітрый Кузняцоў пачалі перапраўляць дзяцей і параненых байцоў на самалётах праз лінію фронту. Аперацыя расцягнулася на шмат дзён. Рэйс 10 красавіка стаў для Мамкіна апошнім. Пры перасячэнні лініі фронту яго самалёт падбілі фашысты. Па інструкцыі пілот павінен быў падняць машыну высока ў неба і выскачыць з парашутам. Але ў яго на борце было дзесяць дзяцей, двое параненых партызан і адна выхавательніца, таму ён вырашыў цягнуць да канца", — распавяла Sputnik дырэктар Ушацкага музея народнай славы імя В. Е. Лабанка Наталля Бугаева.

Землянки партизан были реконструированы по фотографиям
© Sputnik / Павел Вур
Зямлянкі партызан былі рэканструяваны па фатаграфіях

Калі Мамкін заходзіў на пасадку, кабіна была цалкам ахопленая агнём, і ўжо пачынала прагараць перагародка, што аддзяляла яго ад пасажыраў. Саджаў самалёт ён з нагамі, апаленымі да касцей і з акулярамі-"бляшанкамі", якія ўплавіліся ў твар. Да дзяцей пілот выбраўся сам, але далей перасоўвацца ўжо не мог. Апошняе, што ён спытаў перад тым, як страціць прытомнасць: "Дзеці жывыя?".

Праз шэсць дзён Аляксандр Мамкін сканаў. Потым лекары яшчэ доўга здзіўляліся, як з такімі моцнымі апёкамі лётчык змог пасадзіць самалёт.

Як праходзіў легендарны прарыў

Аперацыю "Зорачка" правялі байцы Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, створанай увосень 1942 года. Зона займала плошчу каля 3,2 тысяч квадратных кіламетраў з 1220 населенымі пунктамі, дзе пражывала больш за 80 тысяч чалавек. На гэтай тэрыторыі ў нямецкім тыле ўтварылася незвычайная "Партызанская рэспубліка" са сталіцай ва Ушачах. Там былі свае заводы, электрастанцыі і майстэрні, а таксама тры аэрадромы. У рэспубліцы дзейнічала Савецкая ўлада, ахоўвалі яе 17 партызанскіх брыгад пад агульным камандаваннем палкоўніка Уладзіміра Лабанка, і немцы доўга не маглі яе зноў акупаваць.

Партызаны пастаянна праводзілі баявыя і дыверсійныя аперацыі, адцягваючы на сябе ўвагу нямецкіх тылавых і ваенных частак. Толькі ў снежні 1943 года — лютым 1944 года фашысты пяць разоў безвынікова спрабавалі прарваць партызанскую абарону.

В каждой землянке у входа стоит печка-буржуйка
© Sputnik / Павел Вур
У кожнай зямлянцы каля ўваходу стаіць печка-буржуйка

Да вясны 44-га года супраць партызан накіравалі адразу дзве карныя экспедыцыі колькасцю больш за 60 тысяч чалавек, якія ўзялі Полацка-Лепельскую зону ў кальцо блакады. Кальцо хутка сціскалася. Да канца красавіка 44-га года партызаны і частка мірных жыхароў апынуліся адрэзанымі ў Матырынскім лесе, недалёка ад Ушачаў. Камандаванне прыняло рашэнне аб прарыве, вывадзе мірнага насельніцтва і злучэнні з часткамі Чырвонай арміі. Для нападу выбралі самы ўмацаваны нямецкі ўчастак, нападу на якім праціўнік не чакаў…

"Мемарыяльны комплекс "Прарыў" зроблены так, каб наведвальнікі ішлі па тым маршруце, па якім партызаны прабіваліся скрозь кальцо блакады. Тады загінула больш за сем тысяч партызан і мірных жыхароў, але асноўную задачу яны выканалі — сышлі да сваіх. Пазней відавочцы распавядалі, што ў рачулцы, якая працякала побач, вады не засталося, была толькі кроў ", — распавяла Наталля Бугаева.

Мемарыяльны комплекс узвялі ў 1974 годзе на месцы легендарнага прарыву. Побач з ім — поле, якое, па сутнасці, з'яўляецца брацкай магілай для пяцісот чалавек, якіх не ўдалося апазнаць.

У цэнтры комплексу сямімятровы бронзавы партызан, "які разбівае" велізарную бетонную сцяну, якая сімвалізуе сабой кальцо блакады. Скульптура байца выканана так, каб першай прыцягваць увагу з любой кропкі, адкуль бы на "Прарыў" ні глядзелі.

Эта 45-тка стояла у штаба Владимира Лобанка и принимала участие в боях
© Sputnik / Павел Вур
Гэтая "45-тка" стаяла ля штаба Уладзіміра Лабанка і прымала ўдзел у баях

"У комплексе ўсе сімвалічна, і дарога, па якой паднімаюцца прыезджыя, і гай з 16 дубоў, высаджаных у 1982 годзе партызанамі брыгад, якія ўдзельнічалі ў прарыве, і кампазіцыя з трох вінтовак "Апошні партызанскі прывал", якая сведчыць аб тым, што многія байцы знайшлі тут свой "апошні прывал"… А бяроза, пасаджаная пасля рэканструкцыі комплексу нашым губернатарам, нагадвае аб кожным трэцім беларусе, які загінуў падчас вайны. Тут наогул вельмі шмат знакаў", — завяршыла экскурсію дырэктар музея.

У "Прарыве" сімвалічныя нават матэрыялы, з якіх выраблены мемарыял. Па словах стваральнікаў, подзвіг партызан варты таго, каб яго помнілі вечна, таму былі абраныя бетон, бронза, сілумін, мармур і граніт.

У 2016 годзе правялі рэканструкцыю "Прарыву".  З'явіліся макеты зямлянак: штабной і жылой, друкарня, лясная школа, а таксама ўчастак для прыгатавання ежы. Гэта значыць, у мініяцюры быў цалкам адноўлены партызанскі побыт, прычым рабілася гэта па фотаздымках.

Юны партызан, які стане мастаком

Да гэтага часу ва Ушачах ёсць жывы сведка легендарнага прарыву. Гэта мясцовы мастак Дзям'ян Крупеня, якому ў гэтым годзе спаўняецца 90 гадоў.

Успамінаючы тыя часы, яму часта здаецца, што ўсё адбывалася не з ім, і ён проста пераказвае ваенную кінахроніку.

"У 41-м годзе я скончыў пяты клас і думаў, што ўжо стаў зусім дарослым хлопцам. Памятаю, як 22 чэрвеня мы вярталіся з рэчкі і ўбачылі, што на вуліцы сабралася шмат народу. Плакалі жанчыны. Падумалі, што хтосьці памёр, але нам сказалі, што пачалася вайна. Спачатку ў нас, чатырнаццацігадовых хлопцаў, быў баявы настрой, але потым, калі немцы пачалі забіваць яўрэяў, калі танкі ўтрамбоўвалі зямлю на іх масавых магілах, мы адчулі, што гэта страшна", — успамінае Дзям'ян Крупеня.

Тады Крупеня і двое яго сяброў пачалі пісаць на выдраных з сшыткаў старонках друкаванымі літарамі лістоўкі, дзе заклікалі людзей не верыць фашыстам і сцвярджалі, што хутка Чырвоная армія разаб'е ворага. Лістоўкі гэтыя падкідвалі ва ўстановы або прыклейвалі смалой на дрэвы.

Аднавяскоўцы, чытаючы іх, былі ўпэўненыя, што гэта праца чырвонаармейскіх выведнікаў. Хлопцы ж так старанна выконвалі канспірацыю, што нават сваякам баяліся прызнацца ў сваім аўтарстве.

Потым яны выкапалі ў лесе зямлянку і пачалі вырабляць лістоўкі накшталт друкаваных: выразалі літары з кардона, наклейвалі на кардонныя лісты, потым змазвалі іх сажай з газай і рабілі адбіткі. Але такія лістоўкі былі вельмі лаканічнымі.

Потым сталі з'яўляцца першыя партызанскія атрады. Бацька Дзям'яна сышоў у партызаны, а сам ён з сябрамі насіў байцам ежу, вывозіў іх за лінію фронту. Хлопцы таксама хацелі ў атрад, але да 44-га года іх туды з-за ўзросту не бралі.

Демьян Крупеня повидал многое, но остается жизнерадостным и активным человеком
© Sputnik / Павел Вур
Дзям"ян Крупеня пабачыў многае, але застаецца жыццярадасным і актыўным чалавекам

Але напрыканцы зімы Дзям'ян ўсё ж такі трапіў у атрад. Падчас прарыву яму і яго сябру цудам удалося выжыць. Калі асноўныя сілы кінулі ў атаку, 20 чалавек, сярод якіх былі і Дзям'ян з сябрам, пакінулі прыкрываць фланг. Немцы іх адсеклі і акружылі. Затым фашысты сталі прачэсваць лес. Хлопцаў выратаваў партызан, які сказаў ім схавацца ў балоце, дзе сябры ўвесь дзень і прасядзелі пад гукі перастрэлкі і кананаду выбухаў.

Выйшлі з балота ўжо пад вечар, калі ўсё сціхла. Там, дзе іх прыкрываў старэйшы таварыш, была толькі варонка ад выбуху. Адправіліся шукаць сваіх.

… А праз час Дзям'яна накіравалі служыць у разведку.

У канцы вайны Крупеню з пяццю таварышамі з атрада і некалькімі жанчынамі адправілі ў Германію за скацінай. Ім трэба было прыгнаць праз усю Еўропу статак з трохсот кароў. І яны давялі жывёлу ў цэласці і захаванасці. Жанчыны па дарозе даілі кароў, а хлопцы рабілі з малака масла і смятану, паколькі прыхапілі з сабой сепаратар і маслабойку. Елі самі, здавалі ў пункты прыёму для шпіталяў, і за гэта ім выдавалі муку, хлеб, цукар, крупы. Тады маладыя людзі і наеліся ўпершыню пасля вайны.

Демьяну Крупене вручили юбилейную медаль 100 лет Белорусской Армии и военный китель
© Sputnik / Павел Вур
Дзям"яну Крупеню ўручылі юбілейны медаль "100 гадоў Беларускай Арміі" і ваенны кіцель

Ні дня без малюнка

Пасля перамогі Дзям'яна Крупеню заклікалі служыць у ВДВ у Магілёў. Там на мастацкі талент хлопца звярнула ўвагу камандаванне і прызначыла яго загадчыкам ленінскага пакою.

"Я маляваў алоўкам і акварэллю яшчэ да вайны. Больш за тое, мой бацька таксама маляваў, ён нават напісаў пяром партрэты нашых. У вайсковай частцы я напісаў сваю першую сапраўдную карціну. Мне дазволілі хадзіць у студыю і паралельна скончыць школу пры Доме афіцэраў, таму я "наскакаў" з парашутам менш сваіх таварышаў па службе, усяго 25 скачкоў замест 50, як у таварышаў", — успамінае Дзям'ян Крупеня.

Калі малады чалавек дэмабілізаваўся, яму далі адрас Завочнага народнага універсітэта мастацтваў у Маскве, куды Крупеня і паступіў на аддзяленне малюнка і жывапісу. Потым ён вярнуўся ва Ушацкі раён, дзе прапрацаваў на розных пасадах, ад сакратара камсамольскай арганізацыі да кіраўніка Дома культуры. Але ўвесь час, практычна кожны дзень, Дзям'ян Крупеня маляваў карціны.

Яго любімы накірунак у жывапісе — рэалізм, а любімы мастак — Шышкін. Большасць жа сучасных напрамкаў Крупеня лічыць данінай модзе.

"Я перыядычна гляджу праграмы з аўкцыёнаў. Дык вось, карціны, выкананыя ў жанры рэалізму, купляюць адразу, а на шматлікія сучасныя абстрактныя палотны вядучаму даводзіцца памяншаць кошт. Каму цікава вешаць у сябе дома ўсялякіх чарвякоў, квадраты, трохкутнікі? У мяне праўнукі лепш малююць", — усміхаецца Крупеня.

Мастак малюе да гэтага часу. Многія яго карціны набылі музеі Масквы, Мінска, Полацка, Ушачаў. Работы Крупені выстаўляліся за мяжой, ён узнагароджаны граматамі Вярхоўнага савета БССР. Але пры гэтым у Саюз мастакоў Дзям'ян Крупеня так і не ўвайшоў.

"У 70-х з Масквы даслалі паперу чамусьці ў Мінск, а не ў Віцебск пра тое, каб мяне прынялі ў Саюз мастакоў. Мяне выклікалі ў сталіцу і папярэдзілі: паколькі я жыву далёка ў вёсцы, у мяне будуць пастаянныя праблемы з выплатай узносаў, а таксама з заказамі. І прапанавалі не ўступаць у Саюз, паабяцаўшы забяспечваць фарбамі па першым патрабаванні. Я пагадзіўся. І сапраўды, фарбы мне давалі кожны раз, калі я прыязджаў у Мінск, аж да развалу СССР", — кажа мастак.

До весны картины Демьяна Крупени висят в холле музея как временная экспозиция, а к 90-летию художника будет организована его большая персональная выставка
© Sputnik / Павел Вур
Да вясны карціны Дзям"яна Крупені вісяць у холе музея як часовая экспазіцыя, а да 90-годдзя мастака будзе арганізавана яго вялікая персанальная выстава

Дзям'ян Крупеня лічыць, што гэта нават лепш, што ён не знаходзіўся ў Саюзе мастакоў, паколькі з-за пастаянных заказаў не змог бы займацца творчасцю для душы. А зараз у яго больш за тысячу карцін, большасць якіх ён падарыў, паколькі мастак — гэта пакліканне, а не прафесія.

У гэтым годзе да 90-гадовага юбілею Дзям'яна Крупеню Ушацкі музей Народнай славы арганізуе персанальную выставу мастака. А да стагоддзя Ўзброеных сілаў Беларусі ветэрану ўручылі юбілейны медаль і падарылі ваенны кіцель.

… З кожным годам становіцца менш тых, хто перажыў і памятае вайну. А тых, хто, нягледзячы на ўзрост, працягвае тварыць, як Дзям'ян Крупеня, — і зусім адзінкі. Дык няхай жа іх памяць стане і нашай памяццю, а наша шчырая падзяка назаўжды застаецца з імі!

Тэги:
Вялікая Айчынная вайна, Дзям'ян Крупеня, Віцебская вобласць, Ушачы, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы