Золата 70 гадоў ляжала пад дахам: скарб яўрэйскага вязня знайшлі ў Гродне

© SputnikСкрынка з золатам
Скрынка з золатам - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Па самых сціплых падліках, кошт знойдзенай у Гродне скрынкі з золатам складзе не менш за 15 тысяч долараў ЗША.
ГРОДНА, 15 кра — Sputnik, Іна Грышук. Шкатулку з залатымі манетамі і ўпрыгажэннямі, якая больш за 70 гадоў праляжала пад бэлькай старога яўрэйскага дома і была знойдзена падчас рэканструкцыі старога будынка 15 красавіка, ацэняць ў мясцовым музеі. Па папярэдніх дадзеных, кошт выяўленага ў цэнтры Гродна скарбу складзе не менш за 15 тысяч долараў ЗША.
Скарб - Sputnik Беларусь
Скарб з золатам знайшлі будаўнікі ў Гродне

Скарб знайшлі выпадкова

"Калі мне сказалі, што будаўнікі знайшлі скарб, шмат золата, я не паверыў. Кажу, што за жарты? Аказалася, што праўда", — распавёў карэспандэнту Sputnik уладальнік будынка, у якім адшукалі залаты скарб, дырэктар медыцынскага цэнтра "Медэліт" Алег Разін.
Суботняй раніцай мужчына падаўся з жонкай на рынак купляць саджанцы, але раптоўны званок сарваў дачныя планы.
Дырэктар медыцынскага цэнтра "Медэліт" Алег Разін
Першым несамавітую скрыначку з-пад тытуню ўбачыў будаўнік, які разбіраў дах. Яна ляжала пад адной з бэлек. Мужчына хацеў яе выкінуць, але спачатку адкрыў з цікаўнасці. Аказалася, што шкатулка даверху набітая залатымі ўпрыгажэннямі, манетамі, зліткамі.
На будоўлю тут жа прыехала міліцыя і супрацоўнікі гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея і зрабілі падрабязны вопіс скарбу.

Залатыя кольцы, манеты, зліткі

У скрыначцы ляжалі 23 залатыя манеты Расійскай імперыі і міжваеннага польскага перыяду — так званыя "ядзвігі", больш за дзесятак кольцаў, два ланцужкі, некалькі зліткаў золата, пазалочаныя зубныя каронкі і некалькі купчых дакументаў. Агульная вага залатых вырабаў — амаль 500 грамаў.
"Можна сказаць, што гэта залаты дэпазіт. Магчыма, хтосьці на чорны дзень сабе адкладваў. Мы зараз грошы захоўваем у доларах і еўра, а гэты чалавек — у золаце", — сказаў гісторык, малодшы навуковы супрацоўнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Ян Лялевіч.
Каштоўнасці, знойдзеныя ў скрынцы
Ён удакладніў, што шкатулка была сабрана не раней 1937 году. Пра гэта кажа адна з папер з датай, у якую ўладальнік загарнуў частку каштоўнасцяў.
"Хутчэй за ўсё, шкатулку схавалі ў 1941 ці 1942 гадах. Мы ведаем, што тут знаходзілася Гродзенскае гета. Можна меркаваць, што гэта залатыя зберажэнні аднаго з гродзенскіх яўрэяў, вязняў гета", — паведаміў Лялевіч.

Пра скарб казалі два гады таму

Як распавёў цяперашні яго ўладальнік Алег Разін, дом, у якім знайшлі скарб, у даваенны час знаходзіўся на тэрыторыі яўрэйскага квартала. Цяпер гэта адзіны будынак на вуліцы 2-й Працоўнай — раней Жыдоўскай.
У канцы XIX стагоддзя толькі пабудаваны, яшчэ аднапавярховы драўляны домік апынуўся шчаслівым. Ён адзіны ацалеў ў яўрэйскім квартале, калі ў горадзе адбыўся моцны пажар. Крыху пазней над ім надбудавалі другі паверх.
Уладальнік успамінае, што аб шчаслівым доме і скарбе яны пачалі жартаваць яшчэ гады два таму, калі куплялі будынак для рэканструкцыі пад медыцынскі цэнтр. Падчас аўкцыёну цана на даўно пустуючы закінуты будынак ўвесь час павялічвалася, але ўладальнік пагадзіўся на здзелку.
"Мы тады пажартавалі, што раз такі высокі кошт, то мы павінны знайсці скарб. Бог нам кампенсуе затраты. Вядома, гэта былі толькі жарты", — успомніў Разін.
Месца, дзе знайшлі скарб у будынку
 У будынку шмат гадоў не было капрамонту, таму скрынка з каштоўнасцямі больш за 70 гадоў праляжала некранутай пад бэлькай столі. Рэканструкцыя будынка пачалася ў сакавіку гэтага года, а з надыходам цяпла рабочыя прыступілі да разборкі даху.

Не менш за 15 тысяч долараў

Залатыя вырабы зараз знаходзяцца на захоўванні ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, іх кошт будзе вядомы пасля экспертызы.
Па папярэдніх і сціплых падліках, кошт скарбу можа скласці як мінімум 15 тысяч долараў.
Па законе ўласніку будынка і будаўніку, які знайшоў скарб, дзяржава павінна выплаціць палову яго кошту. Кожнаму дастанецца па 25% — амаль па 4 тысячы долараў.
"Ужо цяпер можна сказаць, што будаўнік, які знайшоў шкатулку з скарбам, на атрыманую ад дзяржавы кампенсацыю зможа купіць машыну", — пажартаваў Лялевіч.
Праўда, самі мужчыны пакуль не думалі над тым, як распарадзяцца грашыма.

Другі скарб у Гродне

Скарб з дома па вуліцы 2-й Працоўнай стаў другім у Гродне, які перадалі дзяржаве. У пачатку 2016 года на вуліцы Антонава падчас рэканструкцыі старога будынка будаўнікі знайшлі тайнік з залатымі манетамі і кольцамі, на якіх былі яўоэйскія надпісы.
Самая каштоўная знаходка - цагліна з гербам князя Вітаўта, які захаваўся практычна цалкам. - Sputnik Беларусь
У Гродне знайшлі цэглу з гербам эпохі Вітаўта
Скарб з Антонава таксама перадалі дзяржаве, яго ацанілі ў некалькі тысяч долараў. Палову сумы пералічылі ўладальніку і брыгадзе будаўнікоў, якія выявілі каштоўнасці.
Яшчэ ў савецкі час у старых дамах у цэнтры Гродна перыядычна знаходзілі схованкі з каштоўнасцямі. Інфармацыі пра людзей, якія тады перадалі іх дзяржаве, няма.
Скарб з вуліцы Антонава быў прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю, цяпер захоўваецца ў гарадзенскім музеі і ўпершыню будзе выстаўлены ў пачатку лета на тэматычнай экспазіцыі. Падобны лёс чакае і новую знаходку.
Стужка навiн
0