МІНСК, 1 чэр — Sputnik. Урачыстая цырымонія перадачы карціны Восіпа Любіча "Нацюрморт са збанам" у дар ад пасольства Беларусі ў Швейцарыі прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі.
Як падкрэсліў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, у музеі існуе цэлая праграма па вяртанні гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Яна рэалізуецца пад патранатам Міністэрства культуры і пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Беларусі. Ён падкрэсліў, што творы Любіча будуць упрыгажэннем музея.
"Паўгады таму, калі мы сустракаліся тут, каб перадаць карціну "Маленькі букет кветак", я выказаў надзею, што ён пусціць карані і калекцыя павялічыцца. Сёння пакуль рана казаць пра сапраўдную калекцыю, але мы з'яўляемся сведкамі гістарычнай падзеі", — падкрэсліў часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч.
Карціна патрапіла ў музей дзякуючы фінансавай падтрымцы Ганаровага консула Беларусі ў Цюрыху Атанасіаса Акратаса. Ён набыў нацюрморт падчас прыватнага аукцыёну ў Ізраіле.
"Спадзяюся, што гэты мастацкі твор будзе ўзрушаць наведвальнікаў музея. У нас ёсць пагаворка, што добрых рэчаў павінна быць па тры, таму я спадзяюся, што я тут не апошні раз", — выказаў надзею спадар Акратас.
Гэта ўжо другі жывыпісны твор ураджэнца Гродна, прадстаўніка знакамітай Парыжскай школы, які папоўніць калекцыю музея. Першы — карціна "Маленькі букет кветак" — патрапіў у музей у студзені гэтага года таксама пры падтрымцы пасольства ў Швейцарыі.
Восіп Любіч — французскі мастак, які нарадзіўся ў Гродне ў 1896 годзе і пераехаў у сувязі з эвакуацыяй з прыфрантавой зоны. Вучыўся ў Адэсе, жыў і працаваў у Парыжы і Берліне. Творы вядомага мастака захоўваюцца ў музеях Францыі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, ЗША і Ізраіля. Самая вялікая калекцыя гравюр захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Парыжа.