МІНСК, 25 ліп — Sputnik. Работы па рэстаўрацыі Старога замка з самага пачатку праходзілі ў адпаведнасці з заканадаўствам, падкрэсліла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч падчас круглага стала ў Гродне.
Далейшы лёс і знешні выгляд гістарычнага аб'екта абмеркавалі спецыялісты падчас дыскусіі па ініцыятыве Гродзенскага аблвыканкама.
"Няма права на памылку"
На дадзены момант зроблена шмат: на падыходзе да замка з'явіўся часовы мост, грунт ля Замкавай гары на глыбіні 9 метраў узмоцнены спецыяльнымі палімерамі. Зараз ідзе праца над вежай над уваходнай аркай.
"Рэстаўрацыя — гэта складаны працэс, у нас няма права на памылку. Падчас работ на аб'екце ўзнікае шмат спрэчных пытанняў, але трэба разумець, што працэс рэканструкцыі і прыняцце праектных рашэнняў адбываюцца пасля дэталёвых навуковых прапрацовак. Усе змены ў праект уносяцца пасля абмеркавання з усімі зацікаўленымі службамі", — патлумачыла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.
Яна падкрэсліла, што ўсе работы з самага пачатку праходзілі ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Яе падрымаў і гісторык Уладзімір Бачкоў, які з'яўляецца аўтарам праекта рэканструкцыі і непасрэдным кіраўніком праекта. Ён распавёў, што праектная дакументацыя змяняецца ў адпаведнасці з археалагічнымі дадзенымі падчас даследвання замка. У мінулым годзе была адна заўвага — па купалу.
Што тычыцца купала, рашэнне аб яго знешнім выглядзе будуць прымаць у Міністэрстве культуры. Туды былі дасланыя тры магчымыя варыянты.
Прыйшоў час скончыць вайну
Адказваючы на прэтэнзіі гісторыкаў, якія называюць праект рэстаўрацыі "бязглуздзіцай", ён падкрэсліў, што ў яго няма ні сіл, ні часу, ні жадання спрачацца з навукоўцамі. Ён упэўнены, што даў абгрунтаваныя адказы на сумненні спецыялістаў.
Бачкоў падкрэслівае, што Мінкульт пільна сочыць за працамі на замку і ў адпаведнасці з заўвагамі праектныя рашэнні змяняюцца. Напрыклад, з-за зменаў у праекце архітэктару давялося адмовіцца ад запланаванага падземнага пераходу да Ніжняй царквы.
Нагадаем, што кандыдат гістарычных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Мікалай Волкаў неаднаразова выказваўся супраць аднаўлення Старога замка "па Бачкову".
"Галоўная праблема ў тым, што архітэктар не ведае гістарычных крыніц і не цікавіцца тым, што было ў замку да Баторыя і пасля яго. Атрымліваецца, што такім чынам ён спакойна ставіцца да знішчэння як слядоў ранейшых эпох, так і пазнейшых перабудоў. Стылістычная рэстаўрацыя была папулярнай 150 гадоў таму ў Еўропе, але зараз ва ўсім свеце адыйшлі ад гэтага", — падкрэсліваў спецыяліст у інтэрв'ю карэспандэнту Sputnik.
Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч распавёў журналістам, што інфармацыя, якую выявіў Волкаў, будзе выкарыстоўвацца для другой і трэцяй чэргаў рэканструкцыі.
У сваю чаргу намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Вадзім Лакіза заклікаў скончыць вайну і падысці канструктыўна да вырашэння праблем замка.