Жывы гадзіннік, або Як даведацца пра час па кветках

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКалендула
Календула - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, як нашы продкі ставіліся да гадзіннікаў і чым дапамагала жывая прырода ў вызначэнні часу.
Гадзіннік у нашых продкаў быў сведчаннем дабрабыту. Заможны гаспадар вельмі ганарыўся кішэнным або насценным гадзіннікам з бомбамі.
Дзьмухаўцы - Sputnik Беларусь
Кухня нашых продкаў: як гатаваць прываротнае зелле і любімы соус Гётэ
У сярэдзіне ХХ стагоддзя ручны гадзіннік быў самым пажаданым і ганаровым падарункам. Нават робячы прапанову рукі і сэрца, малады чалавек часта замест пярсцёнка дарыў дзяўчыне гадзіннік.
Сёння, каб даведацца аб часе, дастаткова зірнуць на экран мабільнага тэлефона, і гадзіннік часцей за ўсё выкарыстоўваецца як модны аксесуар.

Замест гадзінніка — кветкі і сонца

Вясковыя ж людзі ўжо сто гадоў таму не мелі патрэбы насіць пры сабе гадзіннік. У лесе, полі ці на балоце арыентавацца ў часе напрацягу дня дапамагала жывая прырода — сонца, птушкі, расліны.
Увогуле ў нашых продкаў да часу было своеасаблівае, нязвыклае для сучаснага чалавека стаўленне.
Вось як пра гэта пішацца ў кнізе "Рэчыцкае Палессе" Часлава Пяткевіча: "Суткі маюць чатыры перамены: ранак, дзень, вечар і ноч. Перад ранкам, то шчэ е досьветак, зара, свет, а ўжэ як сонца ўзойдзе, то настае ранак. Дзень улетку ета найдаўжэйшая суткавая перамена, бо ад ранняе зары да змярку не мае ніякае перашкоды — дзень год. Перад вечарам пакуль сонца высакавата, то шчэ толькі вечарэе, а як зайдзе, настае зара, за ею зьмерк, а тагды ўжэ вечар. Ноч Пятроўская, то такая нічагічная ночка, што тут яшчэ не згасла вячэрняя зара, ужэ глядзі! Одблескі яе займаюцца на ўсходняй старане. Не то што зімою: "дзень толькі да полудня", як гутарыць старая прыказка".
Дзелячы дзень больш дакладна, арыентаваліся на час харчавання: сняданак — у 7-8 гадзін раніцы, абед — у 11-12 апоўдні, полудзень — у 15-16 гадзін папалудні, вячэра — у 19-20 гадзін вечара.
Ноч, як і дзень, падзялялі таксама на 4 пары: вечар — ад змяркання і да 24 гадзін, поўнач — ад 24 да 1 гадзіны, глыбокая ноч (глобасць) — 2 гадзіны ночы. Першыя пеўні — ад 2 да 3 гадзін, другія пеўні — ад 3 да 5 гадзін раніцы.
У зімовыя бясхмарныя ночы апоўначы час вызначалі, арыентуючыся на сузор'е Арыёна, якое на вёсцы часам называлі Касар або Матавіла. Так было ўзімку, а вось улетку звыклай справай было карыстацца кветкавым гадзіннікам.

Ад бульбы да шыпшыны

У Старажытнай Грэцыі і Рыме на кветніках высаджвалі расліны, кветкі якіх адкрывалі і закрывалі свае венчыкі ў розныя гадзіны дня. У шведскім горадзе Упсалекі быў створаны кветкавы гадзіннік. Яго распрацаваў вядомы шведскі натураліст Карл Лінэй. Такое вынаходніцтва было вельмі прыгожым, але не вельмі зручным — для яго працы патрэбны сонечны дзень.
У нашых краях спецыяльных гадзіннікаў не рабілі, але за кветкамі назіралі.
Напрыклад, цыкорый дзікі, мясістыя карэньчыкі якога выкарыстоўваюць як сурагат кавы, квітнее ў чэрвені і ліпені. Прыгожыя блакітныя кветкі раскрываюцца на досвітку ў 4-5 гадзін, і прыкладна ў 14-15 яны "засынаюць".
Дзьмухавец квітнее ад канца красавіка і ўвесь май. Кошыкі дзьмухаўца ў сырое надвор'е зусім не адкрываюцца, а ў сухі сонечны дзень прачынаюцца паміж 5-6 гадзінамі раніцы і "засынаюць" да 14-15 гадзін.
Мак расце як пустазелле на пустках і паабапал дарог на поўдні Беларусі. Яго чырвоныя кветкі, якія жывуць два дні, можна сустрэць у жыце і канюшыне. Квітнее гэтая прыгожая расліна ў чэрвені і ў ліпені. Адкрываюцца пялёсткі венчыка ў 5 гадзін раніцы і закрываюцца ў 14-15 гадзін.
Бульба радуе бела-ліловымі кветачкамі добрых гаспадароў ад чэрвеня і да пачатку жніўня. Дарэчы, кветкамі бульбы калісьці высакародныя дамы ўпрыгожвалі свае парыкі на балях у Версалі.
З клубняў гэтай расліны можна атрымаць больш за 200 розных прадуктаў, у прыватнасці эцілавы спірт, фотастужку, пластмасы, ацэтон, малочную кіслату і іншыя нечаканыя рэчы. Паміж 6-7 гадзінамі раніцы кветкі бульбы раскрываюцца і ў другой палове дня, у 14-15 гадзін закрываюцца.
Званочак раскрывае свае блакітныя кветкі ў 8 гадзін і закрывае ў 17 гадзін.
Календула ў Беларусі квітнее з чэрвеня і да канца кастрычніка. Раскрываюцца кветкі ў 9 гадзін і закрываюцца ў 17 гадзін.
Сціплы родапачынальнік ружы — шыпшына — сустракаецца паўсюдна на прасеках у лесе, у зарасніках каля рэк. Яе адмыслова вырошчваюць як вітамінную і дэкаратыўную культуру, а з пялёсткаў і пладоў вараць смачнае варэнне. Квітнее шыпшына ад паловы мая да канца ліпеня. Кветкі расліны заўсёды глядзяць на сонца, раскрываюцца ў 4-5 гадзін і закрываюцца ў 19-20 гадзін.
Лілейнік, або сарана, квітнее ў чэрвені і ліпені кветкамі, якія нагадваюць лілеі. Кветкі прачынаюцца ў 5 гадзін і засынаюць у 19-20 гадзін. А з сакавітага зялёнага лісця сараны, дарэчы, ранняй вясной можна рабіць смачную салату.
Прыемна думаць, што з пачаткам новага летняга дня ўсё паўторыцца ізноў і яшчэ колькі часу можна будзе адчуваць хараство навакольнага свету, поўнага прыродных цудаў.
Стужка навiн
0