Кухня нашых продкаў: гатуем бульбяныя стравы з дубовым лісцем і крывёю

© PixabayБульба, архіўнае фота
Бульба, архіўнае фота - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская прымярае на сябе ролю Тосі Кісліцынай і распавядае, што бульба – гэта не толькі "вараная, смажаная і пюрэ".
Можа падацца, што бульба была на беларускім стале заўсёды – нездарма яе лічаць сапраўднай нацыянальнай агароднінай. Але на самой справе, расліна з сямейства паслёнавых трапіла на беларускую тэрыторыю не так даўно: яшчэ ў ХVІ стагоддзі бульба лічылася экзотыкай у Еўропе, паколькі да адкрыцця Амерыкі пра яе ніхто не ведаў.
Паэт Якуб Колас - Sputnik Беларусь
Бульба з кіслым малаком і бланманжэ: якім было меню Якуба Коласа
Гісторыкі мяркуюць, што індзейцы Перу пачалі вырошчваць гэту культуру яшчэ прыкладна 8-5 тыс. год да н. э. Паспрыяў распаўсюджанню бульбы ў Еўропе ў ХVІІІ ст. кароль Францыі Людовік ХVІ. Адтуль у хуткім часе бульба трапіла на землі ВКЛ, паступова заваёўваючы сэрцы розных саслоўных груп.
У свеце існуе немала разнастайных кулінарных рэцэптаў з бульбы, шмат іх і у беларусаў. Патрапіць на кулінарную карту нашай краіны вартыя банды і бонды.

Банды ці бонды?

Бондай на Беларусі называлі звычай частаваць аднавяскоўцаў і сваякоў свежыной, хлебам, агароднінай новага ўраджаю, мясам дзічыны, мёдам і рыбай. Так называлі і круглую пшанічную булку. Магчыма, адсюль пайшлі назвы дзвюх цікавых народных страў, знойдзеных у падарожжах па Гарадзеншчыне.
БандЫ і бОнды – стравы, у якіх асноўным інгрыдыентам з’яўляецц цёртая як на дранікі бульба, але астатнія інгрыдыенты і спосабы прыгатавання – розныя.
Банды на дубовых лістах
Банды гатуюць на падсцілцы з дубовага лісця. Нашы продкі адпраўлялі гэтую страву ў печ на драўлянай лапаце, падобнай да хлебнай. Там, на чыста вымеценых ад попелу цэглах, банды хутка запякаліся. 
Добрыя гаспадынькі да надыходу восені назапашвалі дубовае лісце, бо менавіта яно надае страве адметны смак і адначасова служыць талеркай.
Інгрыдыенты:
  • 1 кг бульбы
  • 300 г сала
  • 300 г мяса
  • 2 цыбуліны
  • Соль
  • Перац
  • Дубовае лісце
Як гатаваць:
Бульбу для гэтай стравы лепш браць крухмалістую, жоўтую. Яе трэба пачысціць і пацерці як на дранікі, але не адцэджваць. Таксама робяць і з цыбуляй, якую змешваюць з бульбай. Сала і мяса трэба парэзаць на дробныя кубікі, прычым сала – драбней за мяса. Атрыманую масу добра перамешваюць, дадаюць крыху солі, перац і выкладваюць яе на памытае дубовае лісце.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБанды на дубовых лістах
Банды на дубовых лістах - Sputnik Беларусь
Банды на дубовых лістах
Лісце трэба складаць шчыльна, каб бульба падчас выпякання не прыстала да бляхі. Запякаць страву можна як у печы, так і ў духоўцы да 180 градусаў прыкладна 40 хвілін.
Страву ядуць як гарачай, так і хадоднай. Падаюць на талерку з дубовым лісцем, якое лепей аддзяляецца, калі банды яшчэ гарачыя.
Бонды з юшкай
Бондамі ў Ваўкавысскім раёне Гродзенскай вобласці называюць адразу некалькі страў – запяканку з цеста як на бабку, дранікі і асаблівыя дранікі з кравяной юшкай.
Інгрыдыенты:
  • 5-6 буйных бульбін
  • 1-2 цыбуліны
  • 0,5 ст л мукі
  • 1 ч л солі
  • 1 яйка
  • Каляндра
  • Кром
  • Кмен
  • Чорны молаты перац
  • 0,5 кубка свіной крыві
  • 100-150 г свінога тлушчу
Як гатаваць:
Надраць бульбу як для дранікаў, калі бульба маладая, то дадаць крыху мукі, убіць яйка, дадаць спецыі, соль і сырую пакрышаную цыбулю, асобна добра размяшаць кроў, каб не было камякоў, і ўліць яе ў бульбяную масу.
Драная, як на дранікі, бульба
Крыві павінна быць столькі, каб "цеста чорна было".
На раскаленых патэльнях неабходна распусціць тлушч і выліваць бонды ў выглядзе маленькіх аладак. Яны адразу павінны схапіцца хрусткай скарынкай. Смажыць, як дранікі. Страву падаюць да стала з салёнымі агуркамі.

Як выбраць добрую бульбу?

Айчынныя селекцыянеры штогод прапануюць насельніцтву новыя гатункі бульбы, паколькі яе вырошчваюць не толькі буйныя аграрныя гаспадаркі, але і вяскоўцы, агароднікі і аматары.
Айчынныя селекцыянеры штогод прапануюць насельніцтву новыя гатункі бульбы
Вось і цяпер ураджай бульбы спарадкаваны, і самы час ласавацца бульбянымі стравамі. Тыя ж, хто сваю бульбу не вырошчваў, могуць пайсці на кірмаш або ў краму і набыць яе там. Вось некалькі парад, як выбраць добрую бульбу.
  • Клубні павінны быць цвёрдымі, акруглымі, не вельмі бугрыстымі, каб іх было зручна чысціць, без зялёных плям, бо зялёная бульба – гэта атрута, а таксама без парасткаў і гнілі.
  • Не бярыце занадта брудную бульбу – з-за камякоў зямлі цяжка разгледзець хібы.
  • Для варкі лепей выбіраць крухмалістыя гатункі. Майце на ўвазе, што белая бульба больш плотная і варыцца даўжэй за жоўтую. Менавіта белую бульбу лепей смажыць, паколькі яна лепей захоўвае форму.
  • Смак бульбы найлепшых гатункаў залежыць ад умоў яе вырошчвання і захоўвання. Калі вы жыхар горада і ў вас няма дзе захоўваць карняплоды ва ўмовах кватэры, то не варта набываць яе шмат. Другі беларускі хлеб лепей трымаць у палатняных або папяровых мяшках, але не ў поліэтыленавых пакетах.
Стужка навiн
0