Беларускі народны сэкс: што хавае наш эратычны фальклор

© Sputnik / Альфрэд МікусАбрад "Жаніцьба Цярэшкі"
Абрад Жаніцьба Цярэшкі  - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Што каваль каваў уначы, не паліўшы свячы, і якога каня хлопец просіць напаіць дзяўчыну - амаль не чырванеючы, разбіраўся Sputnik.
Так павялося, што беларусы лічацца вельмі сціплай нацыяй: яны нібыта неахвотна разважаюць на тэму сэксуальных зносінаў і ўвогуле быццам саромеюцца ўласнай сэксуальнасці. Аднак беларускі фальклор – песні, загадкі, вершы – багаты як яўнымі, так і глыбока схаванымі адсылкамі да стасункаў мужчыны і жанчыны.
Старажытны абрад Цягнуць Каляду на дуба - Sputnik Беларусь
Беларускія народныя загадкі для дарослых
Якое месца эротыка займала ў жыцці старажытных беларусаў і што змянілася ў нашым поглядзе на сэкс, карэспандэнту Sputnik Анастасіі Ваўчок распавяла загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Таццяна Валодзіна.

У чым сувязь паміж даўжынёй пупавіны і мужчынскага органа

Трэба заўважыць, што ў мінулыя часы эротыка ў жыцці чалавека займала іншае месца, чым сёння. Міжполавыя зносіны мелі шэраг сэнсаў, якія на сёння ўжо згубленыя і могуць быць патлумачаныя толькі ў рэчышчы міфалагічнай карціны свету.
"Эротыка натуральна суправаджала, упрыгожвала сферу зносінаў мужчыны і жанчыны, якія ва ўсе часы, хочацца ў гэта верыць, складалі значную частку радасці ў жыцці чалавека", - адзначае Таццяна Валодзіна.
Цэлы шэраг эратычных матываў уваходзіў у склад ледзь не кожнага буйнога свята, як каляндарнага, так і сямейнага, і быў накіраваны на магічнае забеспячэнне нараджэння дзяцей у сямейнай пары. Навуковец распавядае, што літаральна з дня нараджэння дзіцяці існаваў цэлы шэраг звычаяў, накіраваных на тое, каб яно было самадастатковае і шчаслівае ў міжполавых стасунках.
Самым першым магічным актам пасля нараджэння дзіцяці было адразанне пупавіны.
"Пупавіну адразалі на вызначаную колькасць пальцаў. У хлопчыка, калі адрэжаш даўжэй ці карацей, такі ў яго будзе мужчынскі орган, даўгі або занадта кароткі", - кажа Таццяна Валодзіна.
Што цікава, для дзяўчынкі гэта таксама мела значэнне, бо ўплывала на яе пажадлівасць.
"Калі адрэзаць занадта доўга, дзяўчынка будзе занадта палкая ў дачыненні да мужчын, што ў шлюбным, асабліва традыцыйным жыцці не вельмі ўхвалялася", - тлумачыць навуковец.

У малацэ купалася не толькі Клеапатра

Купалі дзіця звычайна на 3-4 дзень пасля нараджэння і зноў жа прадпрымалі шэраг крокаў, якія тлумачацца ў тым жа рэчышчы.
Паўлава: ручнік суправаджаў беларуса ад нараджэння да смерці - Sputnik Беларусь
Радыё
Паўлава: ручнік суправаджаў беларуса ад нараджэння да смерці
"Дзяўчынцы падлівалі ў ваду для купання трошку малака або кідалі драбінку цукру, кропельку мёду, каб яна была "салодкай", - распавядае Таццяна Валодзіна і адзначае, што ў дачыненні да купання хлопчыкаў нейкіх падобных дзеянняў не сустракала.
Наступным крокам было спавіванне дзіцяці, і тут на беларускіх землях існуе шырокая варыятыўнасць.
"Хлопчыка звычайна прымалі ў матчыну спадніцу, а дзяўчынку – у бацькаву кашулю, таксама з тлумачэннем "каб дзяўчынку любілі хлопцы, а хлопец падабаўся дзяўчатам". Але ў асобных вёсках, мне даводзілася запісваць, наадварот кажуць: лепш не трэба гэтага рабіць, бо дзяўчынка будзе "гуляшчая", - распавядае навуковец.

"Бутэлечка" па-беларуску

Зразумела, што раней нават не існавала такога паняцця, як "сэксуальнае выхаванне", але пачаўшы нават не з падлеткавага ўзросту, а ранняга юнацтва ў гульнях, карагодах, нават дзесьці ў паэзіі ўжо пачынаюць узнікаць элементы эротыкі, але вельмі мяккія, іншасказальныя.
Пачаўшы з ранняга юнацтва ў гульнях, карагодах, нават у паэзіі ўжо пачынаюць узнікаць элементы эротыкі, але вельмі мяккія, іншасказальныя
"Гэта толькі намёк, тыпу гульняў у пацалункі, тая ж самая бутэлечка, вядомая сучасным дзецям. Толькі там выбар партнёра для пацалунка ажыццяўляўся не прымітыўна, а ў сцэнары танца, карагода або гульні", - тлумачыць Таццяна Валодзіна.
Сваты - Sputnik Беларусь
Спяваць і плакаць: як згуляць сапраўднае беларускае вяселле
Па словах навукоўца, калі падлеткі пераходзілі ў перыяд "актыўнага жаніхання", паэзія, гульні, карагоды, вячоркі ўжо пачыналі поўніцца, набрыньваць эратычнай тэматыкай, аднак і ў гэтай паэзіі няма наўпроставага апісання або пазначэнняў.
"Уся эратычная паэзія гэтага перыяду грае на намёках, на сімвалах, метафарах. Гэта яшчэ толькі падрыхтоўка для ўспрымання. Але вельмі важная – моладзь вучылася паводзінам у дачыненні з іншым полам", - распавядае Таццяна Валодзіна.

Бацькі не займаліся "сэксуальным выхаваннем" падлеткаў

Этнограф распавядае, што, калі ў час экспедыцый у яе часам узнікала даверлівая размова з пажылымі, тыя прызнаваліся, што ў сваёй маладосці не ведалі, як адбываецца палавы акт або нават адкуль бяруцца дзеці.
Пажылыя жанчыны ў вёсках часта прызнаваліся, што ў сваёй маладосці не ведалі нават, адкуль бяруцца дзеці
"Жанчына ўспамінае выпадак са свайго юнацтва: ціскаліся з хлопцам дзесьці на сене ці на лавачцы, з пацалункамі, і вось яна назаўтра ў роспачы кідаецца да сяброўкі ці да сястры: "Ай-ай-ай-ай, а што ж рабіць, а ў мяне ж цяпер дзіця народзіцца, мяне ж цяпер з дому выганяць!" - успамінае Таццяна Валодзіна.
Па словах навукоўца, маці не распавядала дачкам падрабязнасці "дарослага жыцця". Маглі нешта расказаць старэйшыя сяброўкі, але ўсяму гэтаму было вельмі далёка да сучаснага сэксуальнага выхавання.
Маці не распавядала дачкам падрабязнасці "дарослага жыцця", але маглі нешта расказаць старэйшыя сяброўкі
"Як правіла, кожная жанчына спасцігала гэты вопыт на сваёй, што называецца, уласнай скуры. Прайшоўшы ўвесь шлях страху, болю, расчаравання або радасці – гэта ўжо, натуральна, залежыць ад партнёра", - расказвае Таццяна Валодзіна.

Беларускі мат – з'ява позняя і прынесеная

Выразна і непрыхавана эратычныя матывы пачынаюць гучаць ужо толькі з часу вяселля, прычым другога дня - пасля шлюбнай ночы. Але трэба заўважыць, што для эратычнай паэзіі беларусаў, у адрозненне ад рускай, скарыстанне абсцэннай лексікі характэрна ў нязначнай ступені.
Свята роднай ежы ў Мінску - Sputnik Беларусь
Суп з крадзеных курэй і жаніх у сукенцы: як спраўлялі вяселле на Беларусі
"Яно таксама ёсць, і адмаўляць гэта – не бачыць дрэва ў лесе. Але такога наўпроставага апісання і брутальнага абазначэння ўсіх гэтых дачыненняў няма, ці яно вельмі рэдкае і хутчэй за ўсё пазнейшае", - сцвярджае Таццяна Валодзіна.  
Тым не менш, ужо пачаўшы з другога дня вяселля тэма сэксу гучыць вельмі адкрыта, пазначыўшы, так бы мовіць, усе падзеі, якія адбыліся ўначы. І ўжо ў дарослай паэзіі: на радзіны, бяседы, вячоркі, на попрадкі - калі толькі гэта не пост! - эратычныя матывы гучаць ужо ў даволі непрыхаваным выглядзе.
Узроставае падзяленне ўдзелу ў розных абрадах і нават размовах традыцыйна існавала ў Беларусі. Гэта азначае, што дзеці ніколі не прысутнічалі ў час дарослай бяседы.
Узроставае падзяленне ўдзелу ў розных абрадах і нават размовах традыцыйна існавала ў Беларусі
"Калі, напрыклад, гэта хрэсбіны, свята, якое і прысвечана выніку гэтых самых стасункаў, а таму асабліва напоўнена эратычнымі матывамі, прысутнасць дзяцей наогул не дапускалася. Гэта зараз ідуць на хрэсбіны, дзіця валакуць і на кут пасадзяць", - распавядае Таццяна Валодзіна.

"Сэкс" на полі… са святаром

Эратычныя матывы ў паэзіі і абраднасці не толькі беларусаў, увогуле, у сусветнай культуры, можна ўбачыць у тэрміналогіі самых розных іншых вытворчых працэсаў, перад усім земляробчых. Стасункі між мужчынай і жанчынай сімвалічна раўнаваліся да ворыва поля і ўраджаю.
Ехаў плуг на чорны луг,
З ім пара слуг.
Туды ехаў – весел,
Адтуль – галаву звесіў.
У даўніну нават існаваў звычай займацца сэксам на полі, каб падвысіць урадлівасць глебы, аднак у аглядны перыяд гісторыі такія абрады ўжо не зафіксаваныя.
Этнографы фіксавалі звычаі, калі жанчыны качаліся па полю ў абдымку са святаром, святар лічыўся прадстаўніком вышэйшых сфераў, гэта быў магічны акт, які будзе стымуляваць урадлівасць зямлі", - распавядае Таццяна Валодзіна.
Этнографы фіксавалі звычаі, калі жанчыны качаліся па полю ў абдымку са святаром
Сэксуальныя стасункі паміж жанчынай і мужчынай прачытваюцца таксама і ў тэрмінах іншых вытворчых працэсаў, напрыклад, каванне.
"Асабліва гэта адчуваецца ў хрэсбіннай паэзіі: "Дзякуй таму кавалю, што скаваў нам гульню, а каваў ён уначы, не паліўшы свячы", - распавядае навуковец.
Наогул асоба мужчыны-стваральніка, майстра, гаршэчніка, каваля, аратага, мельніка і іншых станавілася заземленым увасабленнем бога-стваральніка, дэміурга.
Не той столяр, не той муляр,
Што пры яснай свячы.
А той столяр, той муляр,
Што па цёмнай начы.
Высталяраваў, вымуляраваў,
Гутата, гуляля, 
Усім суседачкам – гульня.
"Можна наогул расцягваць такі ланцужок, калі стварэнне ўсяго існага прачытваецца як эратычныя стасункі", - кажа Таццяна Валодзіна.

Конь-агонь і пажадлівыя казуркі

У зборах класікаў эратычная паэзія паўстае як дзівосны свет метафар, сімвалаў, вобразаў, кожны з якіх пазначае або мужчынскі, або жаночы пачатак і іх узаемадзеянне. Са сферай жаночага, напрыклад, звязана ўсё датычнае да зямлі, вады, па форме - круглае, з адтулінамі і гэтак далей. Пачынаючы ад прадметаў хатняга начыння і заканчваючы прадметамі адзення, усё гэта класіфікуецца згодна з апазіцыяй мужчынскі-жаночы. Гэты шэраг сімвалаў працягваецца ў жывёльным і раслінным свеце.
Унікальны абрад "Пахаванне Дзяда" бытуе толькі ў вёсках Даўгапольскага сельсавета Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці
"Напрыклад, усе маленькія пушныя звяркі, ласкі, вавёркі, мышкі – жаночыя, а мужчынскія - воўк, заяц. Нават на ўзроўні свету насякомых усё вельмі сімвалічна", - распавядае Таццяна Валодзіна.
За речкой за криницей
Прасив заяц у лисицы:
"А лисица-мамычка,
Пыкажи нам мохну,
А то я тут здохну".
Усе маленькія пушныя звяркі, ласкі, вавёркі, мышкі – жаночыя вобразы, а мужчынскія - воўк, заяц
Яскрава гэта бачна таксама ў шматлікіх жартаўлівых загадках:
Не хадзі, дзеўка, па саду,
Як даганю, дык уссяду.
Я такую моду маю:
Як усуну – не вымаю.
Аднім з самых вядомых жывёл - сімвалаў мужчынскага пачатку з'яўляецца конь. Калі хлопец просіць дзяўчыну напаіць яго каня – што, здаецца, можа быць больш цнатлівым? Але навукоўцы даказалі, што эратычны падтэкст у гэтай просьбе ёсць, і яшчэ які!
"Я слухала проста феерычны даклад  - разгляд песні "Ой, мороз, мороз, не морозь меня, не морозь меня, моего коня". Уладзімір Іванавіч Коваль аналізаваў кожны радок, таму што рацыянальнай логікі ў песні няма ніякай: "Я прыехаў, паўгода не быў, абняў жонку – і каня бягу паіць? Яго ж нельга з дарогі паіць, ён жа ў пене, яму ж трэба пастаяць. Не той гэта конь", - смяецца Таццяна Валодзіна.
Стужка навiн
0