Велікодны тыдзень: што рабілі і што елі нашы продкі

© Sputnik / Альфред МикусВелікодныя яйкі
Велікодныя яйкі - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Вялікдзень дае пачатак цэламу тыдню святкаванняў. Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, як яго праводзілі нашы продкі, і вучыць гатаваць зразы.
Вялікдзень - адно з найважнейшых святаў для хрысціянскага свету. Адна з яго добрых традыцый – аб’ядноўваць сям’ю за святочным сталом. Завершаны Вялікі пост і цяпер можна парадаваць сябе і блізкіх смачнымі стравамі не толькі ў самы дзень свята, але і напрацягу наступнага тыдня, які называюць Велікодным.
Этнограф Ларыса Мятлеўская - Sputnik Беларусь
Сустракаем Вялікдзень: гатуем па рэцэптах Жоржа Чыжыка
Нядзеля, панядзелак і аўторак называліся Вялікімі. У гэтыя дні не працавалі і нават не палілі ў печы. Усе стравы гатавалі загадзя на некалькі дзён не толькі для сябе але і для хатніх жывёл. У валачобнай песні пра гэта спявалі так: "Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні дзень пагуляюць, а паследні дзень выпраўляюць".
У сераду святкаванне працягвалася. Дзень меў дзве назвы: Людаў дзень і Градавая серада. Апранутыя ў новае адзенне дзеці і падлеткі бавіліся час за традыцыйнымі гульнямі. Гулялі ў біткі і качалі яйкі з лубкоў. Каб лён рос доўгім, гушкаліся на арэлях.  Дарослыя не працавалі, асцерагаючыся каб летам поле не пабіў град. У  Драгічынскім і Пінскім раёнах гналі зіму, кідаючы на ваду шкарлупінне з яек і спявалі: "Ідзі, зіма, бо ты нам хліб выела".
© Sputnik / Альфрэд МікусГуканне вясны
Гуканне вясны - Sputnik Беларусь
Гуканне вясны
Гушкацца на арэлях - любімая забава не толькі малых
Чацвер пасля Вялікадня таксама меў розныя назвы: Наўскі Вялікдзень, Шопшы Вялікдзень, Бабскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўская Пасха, Наўскі чацвер.
Відэафакт: як мінчане асвячаюць велікодную ежу - Sputnik Беларусь
Відэа
Відэафакт: як мінчане асвячаюць велікодную ежу
У гэты дзень у некаторых мясцовасцях хадзілі на могілкі як на Радаўніцу. Парадкавалі магілы, вешалі новую хусцінку ці стужку на крыж, сцялілі на магілах рушнік або абрус і выстаўлялі ежу. Пасля памінання пакідалі на магілах чырвонае яечка і хлеб, памаліўшыся сыходзілі. Гэта старажытная традыцыя, якая спалучае ў сабе і язычніцкія і хрысціянскія звычаі і цяпер існуе ў некаторых раёнах Беларусі.
У пятніцу і суботу займаліся штодзённымі гаспадарчымі справамі, а завяршаўся  Велікодны тыдзень Праводнай нядзеляй. У Ельскім раёне менавіта гэты дзень лічылі днём памінання продкаў  Радаўніцай, а аўторак - Провадамі Радаўніцы.  Аб свяце вядомым ва ўсіх славян у народзе казалі: "Радаўніца – сталы засцілаць, дзядоў памінаць...". 
У гэты дзень у некаторых мясцовасцях хадзілі на могілкі як на Радаўніцу
Дзяды ўмелі адпачываць з размахам. У мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя вось так апісвалі невялікі банкет. Пісменнік Ігнат Ходзька даволі дакладна апісаў, што ела шляхта на поўначы Беларусі: "Поўнач. Ушачы. На вячэру ... былі пададзены кручаныя зразы, розная квашаніна, некалькі вазаў з расолам і такое мноства смажанай дзічыны, што аж стол прагінаўся... была смажаная ласіна, галовы і кумпякі дзікоў, мядзведжыя лапы – усё гэта займала сярэдзіну велізарнага стала; на шырокіх алавянных бляхах былі ўзведзены горы з зайцоў і рознага птаства, апрача таго, на асобных рантавых місах стаялі блінцы да зразаў і да расолу. Пакаштаваўшы па чарзе старой гарэлачкі, мы пачалі выдатна закусваць, запіваючы тлустыя кавалкі цудоўным трайным мёдам, якога поўныя пляшкі стаялі на каміне".
Праваслаўныя адзначаюць сёння Вялікдзень - Sputnik Беларусь
Праваслаўныя адзначаюць сёння Вялікдзень
Вядома, што традыцыі нацыянальнага харчавання  ў шляхты і сялян былі рознымі. Бяднота так не харчавалася, але і вясковыя гаспадыні, якія часта служылі кухаркамі пры фальварках,  умелі прыгатаваць і падаць да стала многія стравы з вялікім майстэрствам і густам. Добрых кухарак высока цанілі, імі хваліліся і нават пазычалі адно аднаму для прыгатавання страў на ўрачыстасці.
Далёка не ўсе стравы з пералічаных вышэй магчыма сёння прыгатаваць на сучаснай кухні, але квашаніна, зразы і блінцы па сілах кожнай гаспадыні.
Бліны - простая і смачная страва
Беларусачкі вельмі любілі гатаваць зразы. Пра тое сведчыць вялікая колькасць спосабаў іх прыгатавання. У "Літоўскай кухарцы" Вінцэнты Завадскай апісана 13 выдатных рэцэптаў гэтай стравы. Існуюць рэцэпты зразаў па-італьянску, па-англійску, з гароднінай, бульбяныя, з агурком, фаршыраваныя, з павяндліцай, з капустай, завіваныя літоўскія, зразы з печы са смятанай і шмат іншых. Вядома страва і нашым суседзям - літоўцам і палякам.
Гатаваць зразы не складана і, калі да справы падыйсці творча, то можна прыдумаць свой варыянт.
Зразы з печы са смятанай
Інгрыдыенты:
  • 1-1,5 кг  ялавічыны
  • 1 ст лыжка мукі
  • 1 ст лыжка сметанковага масла
  • 1 шклянка смятаны
  • 1 шклянка булёну
  • 0,75  шклянкі цёртага хлеба
  • Соль
  • Перац
Як гатаваць:
Парэзаць мяса на тоўстыя зразы, адбіць іх драўляным малатком, пасаліць, паперчыць, патушыць у масле, прысыпаўшы мукой. Змяшаць смятану, булён, цёрты хлеб. Зразы выкласці ў шкляны або керамічны посуд, заліць прыгатаваным соусам і паставіць у печ.
Кручаныя зразы з грыбамі
Інгрыдыенты:
  • 500 г ялавічыны (мякаць)
  • 150 г сала
  • 40 г сушаных грыбоў
  • 1 ст лыжка сметанковага масла
  • 3 цыбуліны
  • 2 ст лыжкі тоўчаных сухароў
  • 1 яйка
  • 100 г тлушчу для смажання
  • Соль
  • Перац
Як гатаваць:
Загадзя замачыць грыбы, адварыць, нарэзаць саломкай, змяшаць з абсмажанай на масле цыбуляй.
Мяса нарэзаць упоперак валокнаў, кожны кавалак адбіць драўляным малатком, пасаліць, паперчыць. На сярэдзіну пакласці брусочкі салёнага сала і грыбны фарш, скруціць у выглядзе каўбасак, замацаваць або завостранай драўлянай палачкай або абкруціць ніткамі. Каўбаскі змачыць у яйку і ўкачаць у сухары. Смажыць у вялікай колькасці тлушчу да ўтварэння румянай скарынкі. Затым паставіць у гарачую духоўку на 10-15 хвілін.
Зразы з пячонкай
Інгрыдыенты:
  • 500 г ялавічыны (мякаць)
  • 3 цыбуліны
  • 200 г пячонкі
  • 40 г сала
  • 2 яйкі
  • 2 ст лыжкі сметанковага масла
  • Соль
  • Перац
Як гатаваць:
Мяса прамыць, ачысціць ад жылак, дробна пасячы нажом або прапусціць праз мясарубку, дадаць злёгку абсмажаную пакрышаную цыбуліну, соль, перац, убіць яйка, добра перамяшаць.
Пячонку і сала нарэзаць невялікімі кубікамі, абсмажыць, змяшаць з дробна накрышанай злёгку пасмажанай цыбуляй, пасечаным вараным яйкам, соллю. З мяснога фаршу зрабіць кружкі, на сярэдзіну кожнага пакласці падрыхтаваны фарш, сфармаваць зразы. Выкласці іх на патэльню, нашмараваную маслам, і запячы ў духоўцы.
Пры падачы на стол паліць зразы распушчаным маслам.
Стужка навiн
0