Піва з гарохам і ніякага цукру: што вядома пра кулінарныя звычкі Багдановіча

Падпісацца
Чаму паэт адмаўляўся ад цукру і нават крыўдзіўся, калі знаходзіў салодкае ў гарбаце, карэспандэнт Sputnik Алеся Шаршнёва даведалася ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.
Выбітны беларускі паэт Максім Багдановіч памёр 25 мая ва ўзросце 25 гадоў у 1917 годзе, а інфармацыю пра яго пачалі збіраць значна пазней, таму звестак пра гастранамічныя перавагі засталося вельмі мала. Але тое, што вядома, дазваляе меркаваць: да свайго харчавання малады чалавек ставіўся несур'ёзна і нават неахайна.
Перапіска Максіма Горкага і Адама Багдановіча - Sputnik Беларусь
Горкі і Багдановіч размаўлялі на "свойскай" мове
"Сябры Багдановіча сведчаць аб тым, што да ежы ён ставіўся даволі абыякава, хаця хвароба патрабавала іншага стаўлення. Максім не вельмі сачыў за тым, як прымаць лекі, тое ж тычылася і харчавання", —  распавёў загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі.
Лічылася, што добрае харчаванне дапаможа ўмацаваць хворы арганізм і справіцца з сухотамі, але на практыцы гэты сродак быў не вельмі дзейсным. Напрыклад, дзеля прафілактыкі дзяцей Багдановічаў вазілі "на кумыс" у Башкірыю — бацька рабіў ўсё магчымае дзеля захавання здароўя дзяцей, у якіх вельмі рана выявілася хвароба.

Толькі грамадскае харчаванне

Верагодней за ўсё, асноўнымі кропкамі сталавання Багдановіча былі ўстановы грамадскага харчавання. Справа ў тым, што ў паэта былі вельмі напружаныя адносіны з мачыхай, якая адначасова была яго цёткай. Пасля смерці маці Максіма яго бацька Адам Ягоравіч быў жанаты яшчэ двойчы і апошні раз абраўся шлюбам з роднай сястрой сваёй першай жонкі.
Максім Багдановіч
Менавіта таму дома малады паэт еў вельмі рэдка і з вялікай неахвотай далучаўся да агульнага стала.

Да экзаменаў рыхтаваліся пад піва

Цікавая гастранамічная гісторыя пра Багдановіча звязаная з "піўной Данілыча" ў Яраслаўлі. Менавіта гэтая ўстанова ўзгадваецца ў яго апавяданні "Экзамен", якое можна лічыць аўтабіяграфічным. У ім дзейнічаюць рэальныя сябры і таварышкі Максіма, таму рэальнымі можна палічыць і апісаныя абставіны.
Сямікласнікі-гімназісты наведваліся сюды, каб рыхтавацца да экзаменаў і пісаць "сдувалкі", якія сучасным школьнікам і студэнтам больш вядомыя пад назвай "шпаргалкі".
"Пивную Данилыча, бывшую вблизи гимназии, по большим переменам стали навещать кучки семиклассников, спешно глотавших в задней комнатке горькое пиво, закусывавших моченым горохом и горячо споривших о возможности тех или иных спасательно-системных мероприятий", — гаворыцца ў апавяданні.
Нягледзячы на сваю хваробу, Багдановіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці і нават дазваляў сабе крыху падурэць.

Цукровы аскетызм

Цікавая гісторыя звязана з перыядам жыцця паэта ў Мінску, калі ён далучыўся да дзейнасці клуба інтэлігенцыі "Беларуская хатка". Падчас першай сусветнай вайны Таварыства дапамогі ахавярам вайны стварыла некалькі сталовак для бежанцаў. Пры адной з іх існаваў і так званы клуб, удзельнікамі якога былі многія знакамітыя грамадскія і культурныя дзеячы тых часоў.
Адна з удзельніц тых даўніх падзей Зоська Верас узгадвала  "цукровую" гісторыю Максіма — малады паэт адмаўляўся піць гарбату з цукрам. Сябры ніяк не маглі зразумець, чым выкліканы такі аскетызм, а калі пыталіся, Багдановіч пазбягаў адказу.
Аднойчы хтосьці з мясцовых жартаўнікоў нават падкінуў у гарбату цукерку, за што Максім вельмі моцна пакрыўдзіўся. 
"Справа ў тым, што часы былі вельмі суровымі. Максім жыў у прыфрантавым Мінску і бачыў, як складана жылося перасяленцам, і асабліва дзецям", — тлумачыць Міхаіл Бараноўскі.
Праз некаторы час высветлілася, што малады чалавек збіраў свой цукровы паёк, каб потым аддаць яго ў дзіцячы прытулак. Цукру назбіраўся цэлы мех, так што прыйшлося на дапамогу клікаць таварыша — разам несці прысмакі атрымлівалася лягчэй.
Тая ж Зоська Верас узгадвала, што, калі Максім харчаваўся ў адной са сталовак Камітэта дапамогі ахвярам вайны, ён еў звычайныя стравы  і катэгарычна адмаўляўся ад узмоцненага харчавання, на якім настойвалі дактары.
Магчыма, гэтае стаўленне і пэўны фаталізм у адносінах да свайго жыцця і саслужылі дрэнную службу здароўю паэта.
Чытайце таксама:
Стужка навiн
0