Што такое "хвэст " і як яго праводзілі ў беларускіх вёсках

© Sputnik / Альфрэд МікусГлушанскі хутарок-2018
Глушанскі хутарок-2018 - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра цікавы звычай беларускіх вяскоўцаў і вучыць гатаваць свініну ў капусным расоле.
Хвэст – гэта таварыскі звычай беларусаў, дзень, калі адзначаецца гадавое свята сваёй вёскі.
Вёска Свяцілавічы - Sputnik Беларусь
Фота
Амаль як у Шагала: звычайная беларуская вёска праз вакно
Звычайна хвэст адзначаюць у той вёсцы, дзе маецца якая-небудзь святыня, звязаная з абаронцай вёскі і легенда аб ёй. Калі такой не было, то жыхары імкнуліся пры дапамозе знакаў звыш вызначыць свайго святога заступніка.
Фалькларыст і этнограф Часлаў Пяткевіч пісаў, што ў Рэчыцкім Палессі на пачатку ХХ стагоддзя адбывалася гэта прыкладна так.  Напрыклад, да шанаванага старэйшага гаспадара быццам бы ўначы прышоў сівы, даўгабароды дзед, які ў народных вераваннях быў Богам і наказаў яму аб’явіць таго ці іншага святога заступнікам вёскі і нават вызначыў месца пад будаўніцтва царквы ці пад крыж. Ці нейкая набожная кабета ўбачыла ў аблоках Багародзіцу, якая прызначыла заступніка ці заступніцу. Здаралася, што град абмінуў вёску, знішчыўшы ў суседніх усе пасевы, і за гэта "шчаслівая" вёска прызначала заступнікам святога, які быў віноўнікам катастрофы ў суседзяў.
Існуе казка пра вельмі паслужлівага селяніна, які ў ноч на святога Яна пайшоў шукаць папараць-кветку і знайшоў скарб. Скарбам тым падзяліўся з усімі суседзямі, наўзамен жадаючы прызнання святога Яна (Петроўскага Івана) заступнікам сваёй вёскі. Гэтую казку ў розных варыянтах прысвойвае сабе кожная вёска з фэстам які прыпадае на гэты дзень.

Калі звычайна праводзіліся хвэсты

Большасць хвэстаў прыпадала на восеньскія і зімовыя святы, паколькі ўлетку ў сялян было багата земляробчай працы.
Галоўная мэта таварыскіх зборышчаў – добрае застолле.
На Восеньскі фэст у вёсцы, дзе мелася царква прыходзіла і прыязджала столькі гасцей, што ў жыхароў сталых паселішчаў усе падворкі былі застаўлены вазамі. Сярод вяскоўцаў і гасцей можна было сустрэць вандроўных гандляроў, яўрэяў, якія прадавалі плады з арэндных памесных садоў, цыганоў з мядзведзем. Перапоўненая царква не змяшчала ўсіх жадаючых, таму часта моладзь заставалася на царкоўным двары, таму тут панавалі смех і жарты. Пасля службы моладзь спяшалася на забавы, а старыя да сталоў, дзе гадзінамі напрацягу двух дзён лілася ручаямі гарэлка, а ў ёй патаналі горы свініны ў розных выглядах.
Абавязковае патрабаванне да восеньскага хвэсту - добрае застолле
Летнія ж фэсты ад красавіка да верасня праходзілі больш сціпла: госці прыязджалі і прыходзілі толькі з бліжэйшых вёсак, а пасля набажэнства і абеду спяшаліся дамоў. З нагоды летніх фэстаў у народзе казалі: "Улетку на празьніку доўга не папарышся: паслухаеш божае службы, пракаўтнеш у свята адну-другую чарку гаркухі, сёрбнеш баршчу з кашаю, да й наўцёкі дадому, бо хадзяйства рупіць".
У мястэчках ўлетку фэсты бывалі больш ажыўленыя, чым у вёсках. Але і сюды ўлетку прыязджалі толькі тыя, хто жыў паблізу. Прыязджалі часцей не з рэлігійных пабуджэнняў, а з патрэбы набыць такія сезонныя рэчы, як серп, касу, і сушаную рыбу таран.
Што тычыцца страў, то можна было пакаштаваць на святочным хвэсце шмат чаго арыгінальнага.
Свініна ў капусным расоле
Інгрыдыенты:
  • 300 г мяса (пажадана бекон)
  • 300 г капуснага расолу
  • 200 г кіслай капусты, адціснутай ад расолу
  • 2 морквы
  • 4 зубкі часнаку
  • 1 ст. лыжка тлушчу
  • 0,5 ч лыжкі кмену
  • Cумесь з каляндры, насення кропу і лаўровага ліста,
  • Cоль па смаку
Як гатаваць:
Кавалак любовага мяса не разразаючы адварыць у капусным расоле з буйна нацертай на тарцы морквай, дадаць соль па смаку, дастаць з чыгуна, крыху астудзіць, нацерці ціснутым часнаком, кменам і  прысмакамі.
Любовае — нятлустае мяса, проразь у сале. Любавізна — сала з прораззю (бэкон).
Нагрэць бляху, растапіць на ёй тлушч, пакласці мяса і запякаць у печы або духоўцы каля сарака хвілін. Тым часам у расол, дзе варылася мяса, пакласці  капусту і варыць без накрыўкі.
Пры падачы на стол спачатку на талерку пакласці капусту, а потым запечанае мяса.
Стужка навiн
0