23:09 12 ліпеня 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.43
  • EUR2.74
  • 100 RUB3.41
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (96)
7010

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра земляробчыя прыкметы беларусаў і асаблівую ўвагу надае другому хлебу – бульбе.

Май - час вялікіх клопатаў для гаспадароў. Асабліва цяжка гэтай парой прыходзіцца вясковай гаспадыні, бо ад пасаджанай своечасова агародніны залежыць яе будучы ўраджай. Нездарма нашы продкі казалі, што "вясновы дзень год корміць".

Калісці ў народзе верылі, што звароты да апекуноў палявых работ Барыса Кажалупа, Івана Доўгага, Арыны Расадніцы, Святога Пахома і іншых святых, пазначаных у маі ў народным календары, дапамогуць у працы і паспрыяюць яе плённасці.

Сяўбе кожнай сельскагаспадарчай  культуры адпавядаў пэўны прысвятак. Напрыклад, за высадку расады адказвала Арына Расадніца (18 мая), за авёс – Антоній (20 мая), за моркву, рэдзьку, гарбузы, агуркі – Іван Веснавы або Іван Доўгі (21 мая).

У Лельчыцкім раёне казалі: "Гуркі сеем, гарбузы, штоб доўгія булі, бо то ж Доўгі Іван". За добры ўраджай агуркоў адказваў і Пахом (28 мая). Паўсюдна па Беларусі казалі: "Сей агуркі на Пахом, то будзеш насіць мяхом".

Не прапускалі і дні, калі агароднымі працамі займацца было нельга. Напрыклад, чацвёртая пасля Вялікадня пераплаўная або градавая серада лічылася небяспечнай. Назва яе звязана з Божай Маці, якая па царкоўнай легендзе ў гэты дзень пераплывала раку. У Лельчыцкім раёне стараліся не палоць, каб градам поле не пабіла, у Столінскім – баяліся, каб не заліў поле дождж, у Мазырскім – каб не застала бура на рацэ. Дазвалялася толькі садзіць цыбулю, каб яна была горкай. У наступны пасля градавой серады дзень пачынаўся Пераплаўны або Чарвівы тыдзень і на Шуміліншчыне ў гэты дзень нічога не садзілі і не сеялі, каб не з’елі чэрві.

Сярод апекуноў палявых работ асабліва вылучаецца Барыс Кажалуп, якога ўшаноўвалі 15 мая. У валачобных песнях Барыс ляды паліць, зямлю грэе, ячмень, бабы сее, па межах ходзіць, поле дзеліць, збожжа высіць і засяе бульбу. Такім чынам, можна вызначыць час, калі продкі пачыналі сеяць бульбу.

Да пасадкі бульбы ў беларусаў было асаблівае стаўленне. Нездарма на нашых тэрыторыях яе дагэтуль называюць другім хлебам, а ў нацыянальнай кухне складана пералічыць пэўную колькасць страў з гэтым карняплодам.

На Беларусі бульбу пачынаюць садзіць у залежнасці ад таго наколькі прагрэлася глеба.  Для паспяховай пасадкі бульбы тэмпература ў лунцы павінна быць каля 8 градусаў.

Народныя традыцыі і прыкметы

Старыя людзі казалі, што зямля гатова тады, калі на ёй не халодна сядзець у тонкай сукенцы і рукам камфортна. Звычайна сеяць пачыналі, калі кветніела чаромха і добрым лічылася, каб сяўба трапіла на поўню, бо гэта самы спрыяльны для сяўбы час.

Садзячы першую бульбіну гаспадыня прыгаворвала: "Расці мая бульбачка круглая і гладкая, як поўня і каб у баразне было поўна". З гэтай жа прычыны ў Ляхавіцкім раёне разагнаўшы першую баразну гаспадыня сімвалічна клала ў яе сякеру, каб будучы ураджай быў такі вялікі, што аж разгортваў бы зямлю, як сякерай секануць.

Вядома ж цяпер часта можна пачуць спрэчкі пра тое ці варта сеяць бульбу на прысядзібных памерках, калі яе даволі лёгка ўвосені набыць на кірмашах, але ўсё ж многія працягваюць яе вырошчваць, кажучы, што "сваім гарбом здабытая смачнейшая".

Вось як адбываўся гэты працэс на Палессі ў канцы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя, апісаны этнографам Чаславам Пяткевічам ў кнізе "Рэчыцкае Палессе".

"Бульбу садзяць пад соху, у кожную боразну або чэраз боразну... калі земля пацяплее, бо ў халоднай папухне, покуль зыйдзе. За сахой ідзе жанчына з каробкай напоўненай клубнямі і кідае іх у баразну на адлегласці 30 см адзін ад аднаго па адным ці больш у залежнасці ад велічыні; наступны заход сахі гэту баразну закрывае".

А вось як у народзе вызначалі стан пасеваў у дачыненні бульбы.

  • Картопля цвіце, можна ўжэ падчас на вячэру накапаць;
  • Картопля адцвіла, можна націну рваць для кабана;
  • Націна пасохла, пара капаць.

Пра лёгкае выкананне якой-небудзь справы звычайна кажуць : "Разабрацца, як повар з бульбай". Магчыма, і слушная прымаўка, калі яна тычыцца пачышчанай і зваранай у вадзе бульбы. Што ж тычыцца астатніх страў прыгатаваных з гэтай гародніны, то любы повар скажа, што каб страва з бульбы атрымалася смачнай, трэба прыкласці да яе не толькі рукі, але і веды, розум, сэрца.

Піражкі бульбяныя з грыбамі

Інгрыдыенты:

  • 1 кг бульбы
  • 100 г сушаных грыбоў
  • 2 цыбуліны
  • 2 яйкі
  • 0,5 шклянкі паніровачных сухароў
  • 4 ст лыжкі вяршковага масла
  • Соль
  • Перац па смаку

Як гатаваць:

Абабраную бульбу зварыць, падсушыць, патаўчы, дадаць лыжку масла, 1 яйка, старанна вымешаць. Вараныя грыбы дробна пасячы, перамяшаць з нашаткаванай падсмажанай цыбуляй, соллю і перцам.

З бульбянай масы сфарміраваць невялікія шарыкі і распляскаць іх, на сярэдзіну кожнага пакласці фарш, краі зашчыпаць. Абмакнуць піражкі ў яйка, укачаць у сухары і абсмажыць у разагрэтым на патэльні масле.

Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (96)
Тэги:
Народныя традыцыі, Ларыса Мятлеўская

Галоўныя тэмы