МІНСК, 19 кра – Sputnik. Вярхоўны суд Беларусі працягвае разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да экс-старшыні Белгазпрамбанка Віктара Бабарыкі і яшчэ сямі абвінавачаных.
Зараз судовае следства знаходзіцца на стадыі допыту сведак па справе, на мінулым тыдні скончылі дапытваць сведак, якія з'яўляюцца фігурантамі іншай крымінальнай справы і знаходзяцца ў СІЗА КДБ. З гэтай катэгорыі ў судзе не дапытаны толькі адзін сведка, які цяпер хварэе.
Сёння ў судзе ў якасці сведак дапытваюць супрацоўнікаў банка, якія давалі паказанні на стадыі следства.
Паказанні сведак
Першай давала паказанні супрацоўніца, якая працуе ў аддзеле кіравання маніторынгу банка. Адказваючы на пытанні пракурора, жанчына казала так ціха, што суддзя некалькі разоў паказаў ёй на тое, што ў судзе трэба казаць так, каб адказы былі чуваць удзельнікам працэсу.
Пытанні пракурора тычыліся таго, якія ў банку існавалі ўмовы крэдытавання кліентаў, пытаўся ён і аб сістэме плацежных даручэнняў пры лізінгавых аперацыях.
Калі пракурор пачаў задаваць пытанні аб тым, ці былі ў банка VIP-кліенты з ліку лізінгавых кампаній, сведка адказала адмоўна. Тады пракурор заявіў, што з-за наяўных супярэчнасцей у паказаннях просіць абвясціць пратакол паказанняў гэтай сведкі ў кастрычніку 2020 года: тады яна сцвярджала, што адна з лізінгавых кампаній абслугоўвалася ў прыярытэтным парадку.
На пытанне пракурора аб тым, чаму яна следчаму КДБ казала адну інфармацыю, а цяпер у судзе дае супярэчлівыя паказанні, яна адказаць не змагла. У судзе яна таксама заявіла, што нікога з абвінавачаных асабіста не ведае, ніколі ў іх кабінетах не была, а выконвала даручэнні свайго непасрэднага начальніка.
У судзе таксама была дапытана яшчэ адна супрацоўніца банка, якая працуе ўжо 12 гадоў - прайшла шлях ад простага касіра да эканаміста. У судзе ў яе таксама пыталіся пра VIP-кліентаў банка, але яна адказала, што не валодае такой інфармацыяй.
Абвінавачаныя пытанняў сведкам не задаюць.
У чым абвінавачваюць Бабарыку і іншых фігурантаў?
Па дадзеных следства КДБ, на базе Белгазпрамбанка пад кіраўніцтвам Бабарыкі дзейнічала арганізаваная злачынная група, якая выводзіла грошы за мяжу. Паводле абвінавачання, зачытанага ў судзе, ядро злачыннай групы, якую Бабарыка стварыў са сваіх намеснікаў, сфарміравалася да 2008 года, а да 2020 года экс-банкір каардынаваў дзеянні яе ўдзельнікаў, займаўся размеркаваннем роляў і прызначаў сумы незаконнага ўзнагароджання.
Бабарыка абвінавачваецца ў атрыманні хабару арганізаванай групай і легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, у абодвух выпадках - у асабліва буйным памеры.
Яму ставіцца таксама здзяйсненне ў 2018 годзе фінансавых аперацый па набыцці двух капiтальных будынкаў у Мінску ў мэтах легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам. Па інкрымінаваных злачынствах Бабарыку, у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 15 гадоў.
Раней былы банкір адмовіўся заключыць пагадненне са следствам, каб паменшыць максімальнае пакаранне, сваю віну ў поўным аб'ёме ён не прызнаў.
Астатнія фігуранты справы далі прызнальныя паказанні.
Чытайце таксама:
- У судзе пачаўся допыт Віктара Бабарыкі
- Хабары ў працоўных кабінетах: працягваецца суд па справе Віктара Бабарыкі
- Важныя сведкі: абарона Бабарыкі прасіла выклікаць у суд бізнесменаў з Латвіі