21:01 23 чэрвеня 2018
«Радыё Sputnik»
  • USD2.00
  • EUR2.33
  • 100 RUB3.16
Іспанец Крысціян Рансэра вывучае говар беларускага Палесся

Іспанец на Палессі: складаней за ўсё адмовіцца ад ежы і не пакрыўдзіць гаспадароў

© Sputnik / Дмитрий Босак
Цiкавосткi
Атрымаць кароткую спасылку
7131

Крысціян Рансэра вывучае гаворку беларускага Палесся і піша дысертацыю, а каб сабраць матэрыял, яму даводзіцца не толькі з вяскоўцамі знаёміцца, але і "сіно грібты", і нават хадзіць у вясковую лазню.

Дзмітрый Босак, Sputnik.

Малады іспанец з Краіны Баскаў упершыню прыехаў у Беларусь яшчэ ў 2009 годзе на летнія курсы па рускай мове ў Мінскі лінгвістычны ўнiверсiтэт. Праз тры гады, скончыўшы вучыцца на перакладчыка з французскай і рускай моў, ён вярнуўся сюды і паступіў на спецыяльнасць "Беларуская філалогія" ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пушкіна. Адвучыўся адзін курс і з'ехаў на радзіму за дыпломам магістра. Увосень Крысціян паступіў ва ўніверсітэт Сурэя ў Англіі і пачаў працаваць над доктарскай дысертацыяй на тэму "Марфалогiя i фаналогiя заходнепалескiх гаворак".

Цяпер 26-гадовы аспірант ведае восем моў, сярод якіх мова баскаў, іспанская, англійская, французская, партугальская, польская, руская і беларуская.

"Усе ў Расію, а я ў Беларусь"

Ва ўніверсітэце Крысціян вучыў рускую мову з нуля. Першая паездка ў Беларусь не была выпадковасцю. Хлопец атрымаў стыпендыю на моўныя курсы ў рускамоўнай краіне. Месца знайшоў сам, прадставіў праект і прыехаў у Мінск.

Обряд провода русалок из деревни
© Sputnik / Сергей Лескеть
Іспанца зачаравалі жыхары Палесся і іх гаворка

"Звычайна наш універсітэт арганізоўваў паездку на курсы ў Піцер. Ахвотных было шмат. Але мелася магчымасць самому знайсці месца. Так і трапіў сюды. Усе ў Расію, а я ў Беларусь", — патлумачыў баск.

Пра краіну ў тую пару студэнт ведаў мала. Прызнаецца, у школе вучылі, дзе Беларусь знаходзіцца на карце, што ўдзельнічала ў Другой сусветнай вайне, і пра Чарнобыльскую трагедыю Крысціян чытаў. Спачатку іспанец нават не заўважыў розніцы паміж дзвюма дзяржаўнымі мовамі.

"У метро, калі ўбачыў рэкламу на беларускай, мяне апанаваў страх. Я думаў, што так дрэнна размаўляю на рускай, раз не разумею нічога", — згадвае аспірант.

Але ад гэтага цікавасць да новай краіны і яе мовы толькі ўзмацнілася. Праз тры гады хлопец стаў студэнтам брэсцкага ВНУ.

"У нас былі прадметы "Фалькларыстыка" і "Славянскі фальклор". Калі казалі пра традыцыі і звычаі, амаль заўжды гаворка ішла толькі пра Палессе. Калі б не было такіх прадметаў, я б і не думаў пра Палессе як пра нешта адметнае", — падзяліўся іспанец.

Больш за ўсё на выбар тэмы для даследавання хлопца паўплываў прафесар па стараславянскай. Пасля яго апавяданняў пра асаблівасці заходнепалескіх гаворак студэнт гэтым зацікавіўся сур'езна.

"Кажаце, калі ласка, на сваім. Я не хачу ведаць, як гэта па-руску"

У якасці аспіранта-даследчыка Крысціян прыехаў у Брэст зімой. Куратара для сваёй доктарскай працы шукаць яму давялося нядоўга — брэсцкі ўніверсітэт прызначыў чалавека, які займаецца дыялекталогіяй і разбіраецца ў тэме. Але ў Еўропе з гэтым узніклі складанасці.

"Шукаць куратараў там было няпроста. Даводзілася чытаць сайты многіх універсітэтаў, пісаць ўсім дактарам. Некаторыя казалі, што не гатовыя займацца маёй тэмай. Іншыя не маглі мяне ўзяць, так як у іх ужо было шмат студэнтаў. Каб знайсці падыходзячы ўніверсітэт і куратараў, сышло не менш шасці-сямі месяцаў", — распавёў даследчык.

Привыкнуть к полесской еде испанцу было не просто
© Sputnik / Дмитрий Босак
Прызвычаіцца да палескай ежы іспанцу было не проста

Праект Крысціяна — па заходнепалескіх гаворках. Ён вывучае формы слоў і гукавыя адзінкі мовы — фанемы. Дзеля гэтага іспанцу трэба слухаць і запісваць гутаркі носьбітаў дыялекту. Цяперашняя паездка — шасцімесячная лінгвістычная экспедыцыя, падчас якой аспірант ужо пабываў у чатырох вёсках з рознымі групамі дыялектаў у Драгічынскім, Пінскам і Лунінецкім раёнах, каб сабраць матэрыял для доктарскай.

Дзеля патрэбнай інфармацыі малады чалавек можа каля месяца жыць у адным сяле. Перад пачаткам паездкі ён выбудоўвае план, шукае знаёмых у вёсках, каб у іх можна было спыніцца.

"Першыя два тыдні людзі прывыкаюць да тваёй прысутнасці. Шмат інтэрв'ю браць не атрымліваецца. Таму трэба стаць прыкметным у вёсках. Калі ёсць дом культуры — заходзь у дом культуры. У краму, у сельскую лазню — куды толькі можна, каб цябе ведалі. Паціху людзі прывыкаюць, самі пачынаюць цікавіцца, запрашаюць да сябе",- растлумачыў Крысціян.

Іспанец сустракаўся з рознымі людзьмі. Дзесьці жыў у сацработніка, дзесьці ў старасты вёскі. У адным мястэчку атрымалася апытаць 20 чалавек. А ў іншым жыве ўсяго 40 — мала каго можна запісаць.

"Ёсць людзі, якія паміж сабой гавораць па-свойму. Але, калі ты прыехаў, яны пераключаюцца на рускую мову. Будзеш пакутваць і прасіць: "Кажаце, калі ласка, па-свойму. Я не хачу ведаць, як гэта па-руску". Некаторыя адразу разумеюць, з імі прасцей працаваць. Па магчымасці стараюся на іх дыялекце гаварыць", — падзяліўся баск.

"Дапамагаеш сіно грібты, і чалавек раптам скажа тое, што ты шукаў цэлы тыдзень"

Паводле словаў Крысціяна, часам атрымліваюцца вельмі смешныя і вясёлыя інтэрв'ю. Звычайна ён просіць, каб распавялі мясцовыя казкі, пытаецца пра дзяцінства, пра вайну, пра традыцыі. Калі не атрымліваецца разгаварыць суразмоўцу, у ход ідуць кніжкі з малюнкамі.

"Я прашу пераказваць гісторыі на малюнках сваімі словамі. Звычайна я ведаю, што тут будуць выкарыстоўвацца пэўныя граматычныя структуры. Яшчэ я прапаную прадставіць нейкія сітуацыі: "Зайшоў ды вас госць, а як вы будэтэ пытаты, шо він хочэ піты? Шо ты піты меш, або шо ты маеш піты, шо будэш піты", — патлумачыў будучы доктар філалогіі.

Як распавёў хлопец, часта бываюць сітуацыі, калі падчас апытання людзі кажуць адно, а ў размовах паміж сабой высвятляецца, што такія формы яны не ўжываюць. Шмат інфармацыі для будучага інтэрв'ю можна сабраць проста за кубкам гарбаты ў непасрэднай абстаноўцы.

"Калі можна, я ўдзельнічаў у сельскіх работах. Гэта было рэдка, але вельмі цікава. Гэта добры спосаб, каб слухаць. Ты дапамагаеш "сіно грібты", і чалавек раптам скажа тую фразу, якую ты шукаеш цэлы тыдзень. Ці, напрыклад, як толькі выключыш магнітафон, яны скажуць: "А чай піты меш?"

Я чакаў гэтага цэлую гадзіну!" — з усмешкай абураецца іспанец.

Малады чалавек дакументуе інтэрв'ю на відэа, вядзе блог пра жыццё на Палессі і сваё даследаванне і выкладвае ролікі на YouTube.

Полешуки щедры в своем гостеприимстве
© Sputnik / Сергей Лескеть
Палешукі - гасцінныя гаспадары

"Смятана, бульбачка, сала… Усё, я больш не магу"

Да цяперашняга сельскага побыту гарадскому еўрапейскаму хлопцу давялося прывыкнуць. Самая цяжкая для іспанца тэма — ежа. У кожным доме яго імкнуліся накарміць традыцыйнымі палескімі стравамі.

"Яны прывыклі рыхтаваць вельмі шмат, бо часцей за ўсё гэта ежа для людзей, якія фізічна працуюць у поле. Усе хочуць накарміць мяне. Ты кажаш "усё, дзякуй". А яны: "Што ж ты так мала з'еў? Што ты такі худэнкы? "Смятана, бульбачка, сала… Усё, я больш не магу. Некаторыя кажуць "бяры, а не то я пакрыўджуся". Калі першы раз у доме, адмова даецца нялёгка. Трэба рыхтавацца загадзя. Кажаш ім на ўсялякі выпадак, што я сёння буду вельмі мала есці", — са смехам распавёў Крысціян.

Па словах іспанца, у вёсках яго часта прымалі за сваяка каго-небудзь з мясцовых.

"Яны сто адсоткаў былі ўпэўненыя, што ты гэты чалавек. "Бабуля, я наогул не адсюль — замежнік". "Ды не, ну ты ж падобны", — кажуць. Мне гэта смешна. Вось, знайшлі мне сваякоў далёкіх тут на Палессе", — падзяліўся еўрапеец.

За час экспедыцыі ў Крысціяна было нямала прыгод. Аднойчы яго запрасілі да бабулі ў суседнюю вёску. Па асфальце ехаць трэба было амаль 90 кіламетраў, а па прамой праз лес — каля 12-ці.

"Гэта быў канец лютага або ранні сакавік. Снег толькі пачаў там раставаць. Праехаць там можна было на кані альбо на трактары. Мы знайшлі толькі мапед. Катацца па гэтай лясной дарозе было вельмі весела", — згадвае аспірант.

За час свайго даследавання іспанец набыў тут шмат сяброў, чаму вельмі ўдзячны і рады. Пасля экспедыцыі Крысціян Рансэра вернецца ў Англію, дзе працягне працу над дысертацыяй. А праз нейкі час ён зноў прыедзе на Палессе — і ў яго будзе яшчэ шмат пытанняў да мясцовых жыхароў.

Тэги:
Лінгвістыка, Палессе, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы