Пераможца "Славянскага базару" Аляксей Грос стаў студэнтам

© Sputnik / Виктор ТолочкоАляксей Грос
Аляксей Грос - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Спявак набраў 291 бал на іспытах і прайшоў на бюджэт у БДУКМ, дзе будзе вучыцца на рэжысёра святаў.

МІНСК, 28 ліп — Sputnik. Пераможца "Славянскага базара-2016" беларус Аляксей Грос стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, паведаміў Sputnik куратар выканаўцы Сяргей Андрыянаў.

Паступаць ва ўніверсітэт Грос вырашыў падчас падрыхтоўкі да ўдзелу ў "Славянскім базары". На ЦТ у чэрвені ён здаваў гісторыю Беларусі і беларускую мову, а пазней і ўнутраныя іспыты ў БДУКМ. У суме спявак набраў 291 бал, а ў чацвер яго афіцыйна залічылі на бюджэт завочнага аддзялення па спецыяльны "рэжысёр святаў".

На ўнутраных выпрабаваннях Грос дэкламаваў адну з баек Кандрата Крапівы і ўрывак з апавядання Івана Буніна "Арэлі". Таксама па жаданні камісіі ён распавёў дзіцячую казку і абмеркаваў з імі творчасць Уладзіміра Мулявіна.

У якасці выпрабавання прадставіў Грос і сваё бачанне сцэнарыя "Славянскага базару" — у прыватнасці, артыст прапанаваў стварыць "славянскі праспект" з пляцоўкамі славянскіх краін-удзельніц фестывалю і весці канцэрты на беларускай і англійскай мовах.

"Цяпер ён, нарэшце, сыдзе ў заслужаны адпачынак да восені", — распавёў куратар выканаўцы.

Аб далейшых планах Гроса казаць рана — зараз выканаўца вызначаецца з рэпертуарам. Нельга пакуль сказаць і пра магчымы ўдзел яго ў адборы на "Еўрабачанне".

"Удзелу дзеля ўдзелу зараз не будзе. Толькі калі будзе такая песня, якая яму, што называецца, "ляжа на душу" і спадабаецца", — запэўніў Андрыянаў.

Аляксей Грос — пераможца конкурсу маладых выканаўцаў на "Славянскім базары-2016". Таксама спявак неаднаразова ўдзельнічаў у адборы нацыянальнага конкурса "Еўрабачанне" і станавіўся лаўрэатам іншых конкурсаў вакалістаў.

Стужка навiн
0