08:07 21 верасня 2017
«Радыё Sputnik»
Свет ваш музыкай напоўню: час прыйшоў рабіць шпакоўню

Свет ваш музыкай напоўню: час прыйшоў рабіць шпакоўню

© Sputnik/ Ларяса Мятлеўская
Цiкавосткi
Атрымаць кароткую спасылку
7051

На Беларусі птушак любяць і шануюць. Многім з іх прысвячаюць асобыя дні. Так буслоў ушаноўваюць на Дабравешчанне, у вераб’ёў ёсць вераб’іная ноч, у гусей — гусёўнік на св. Марціна, а жаўрукам і іншым веснавым птушкам належыць народнае свята Саракі, якое святкуюць 22 сакавіка. У народзе казалі, што на Саракі прылятае 40 "выраяў".

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Не ведаю, як для вас, а для мяне сапраўдная вясна пачынаецца, калі прылятаюць з выраю хатнія шпакі і на двары пачынаецца жыццё. Птушкі чысцяць старую шпакоўню, у якой зімой кватэравалі вераб'і, а ўлетку, калі маладыя шпакі пакінулі бацькоўскую хатку, там жылі дзікія пчолы, таму смецця назбіралася багата. Час ад часу птушыныя шляхцюкі ў чорна-зялёных фраках вылятаюць на агляд тэрыторыі, шпарка ходзяць па зямлі, вышукваючы зазяваўшыхся казюрын. А яшчэ весела пасвістваюць, седзячы на галінках стогадовага клёна. Гэты посвіст, як і спевы жаўрука ў полі за вёскай, нараджаюць у душы беспрычынную радасць.

Слухаючы іх, можна доўга стаяць, падставіўшы твар веснавому сонцу, і ні пра што не думаць. Сапраўдная птушкатэрапія. Пасля такіх працэдур прынамсі ў мяне з'яўляецца творчы настрой і справы ідуць неяк весялей. Сяброўка Люба пра шпакоў склала вершык: "Свет ваш музыкай напоўню. Час прыйшоў рабіць шпакоўню!"

Актуальна! Напрыклад, мне абавязкова трэба зрабіць яшчэ адну шпакоўню, бо ў мінулым годзе ў сад прыляцела новая пара шпакоў. Шукаючы месца, яна пасялілася пад страхой хаты. І ўсё б было добра, але ж у хаце з'явіўся кот, таму маладой птушынай сям'і тэрмінова патрабуецца асабістая кватэра.

Таму ў пошуках добрай шпакоўні ў канцы лютага я адправілася ў выставачны павільён НВЦ "БелЭкспа" на выставу-кірмаш "Млын". А выбраць было што. Дзівіцеся самі!

Свет ваш музыкай напоўню: час прыйшоў рабіць шпакоўню
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Шпакоўні на выставе-кірмашы Млын

Дарэчы, не так даўно кожны хлопчык мог зрабіць хатку для птушак. Гэтаму навучалі на ўроках працы ў савецкай школе, а шпакоўні, зробленыя рукамі вучняў, падчас суботнікаў развешвалі ў гарадскіх парках. Шкада, што гэтая карысная справа прыпынілася. Вось і застаецца толькі адно — ісці па шпакоўню ў краму ці на кірмаш. Каштуюць яны не танна, ды і якасць хатак часта не лепшая, а так хочацца, каб прыгожым птушкам было ўтульна!

Але не ўсё так сумна! Неяк у сеціве вычытала, што ў горадзе з'явілася сталярная майстэрня, у якой бацькі з дзецьмі могуць самастойна зрабіць нейкую рэч. Абавязкова наведаюся і туды.

Свет ваш музыкай напоўню: час прыйшоў рабіць шпакоўню
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Кармушка для птушак ад майстроў Нарушэвічаў

Калісьці шпакоўні да дрэў прымацоўвалі менавіта на Саракі і ў сярэдзіну абавязкова крышылі абрадавае печыва ў выглядзе птушак.

Вось вам рэцэпт гэтых посных булачак.

Цеста:

вада — 0,5 літра,

дрожджы свежыя — 30г,

цукар — 0,5 шклянкі,

соль — 1 ч. лыжка,

алей — 0,5 шклянкі,

мука — 6-8 шклянак,

некалькі разынак для "вочак".

Спосаб прыгатавання:

Зрабіць дражджавое цеста, раскатаць у валік і падзяліць яго на 40 роўных частак. З кожнага кавалачка зрабіць кілбаску даўжынёй у 15 см. Завязаць яе вузлом і сфармаваць з аднаго канца галоўку з дзюбкай і вочкамі, а з другога хвост. Яго варта расплюшчыць і зрабіць некалькі надрэзаў нажом. Вочкі робяць з пакрышанай на дробныя кавалачкі разынкі, але калі іх няма, то можна скарыстацца зярняткамі грэчкі. Цяпер на нашмараваную алеем бляху выкласці булачкі і паставіць у цёплае месца, каб жаўрукі крыху падраслі. 

Пасля гэтага змазваем булачкі алеям, ставім бляху з печывам у прагрэтую духоўку на 20-25 хвілін і выпякаем пры тэмпературы 180°С.

Абрадавае печыва на Саракі
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Абрадавае печыва на Саракі

 

Гатовую выпечку здымаюць з бляхі, злёгку пырскаюць вадой, накрываюць ільняной сурвэткай і пакідаюць на 10-15 хвілін.

Усё, можна частаваць жадаючых!

Тэги:
шпакоўня, Птушкі, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы