Як заквасіць капусту ў хатніх умовах па старажытным беларускім рэцэпце

© Pixabay / RitaEКапуста
Капуста - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца старажытнымі рэцэптамі нарыхтоўкі агародніны – хуткім і доўгім.
З надыходам першых восеньскіх маразоў у Беларусі з палёў пачынаюць прыбіраць капусту і гэтай жа парой пачынаюць нарыхтоўваць яе на зіму.
Журавіны - Sputnik Беларусь
Нованароджанае дзіця неслі дадому з ягадамі: як на Беларусі збіралі журавіны
У беларускай нацыянальнай кухні колькасць страў, якія гатуюць з капусты, вельмі вялікая і гэта не выпадкова. Са старажытных часоў гэтая расліна цудоўна адчувае сябе на нашых не вельмі ўрадлівых землях.
З гістарычнай і мемуарнай літаратуры вядома, што ў Беларусі з даўніх часоў вырошчвалі і спажывалі розныя яе гатункі. Так пры дварах беларускай шляхты вырошчвалі квяцістую, белакачанную (белую), ліставую, чырвоную, савойскую, брусельскую капусты. У белакачаннай капусты выкарыстоўвалі не толькі белае, але і шэрае лісце. Просты ж люд на сваіх сціплых агародах аддаваў перавагу белакачаннай капусце, з якой гаспадыні рабілі нарыхтоўкі на зіму, захоўваючы яе  квашанай і свежай напрацягу доўгага часу. Лічыцца, што капусту лепш за ўсё квасіць, паколькі пры такім спосабе нарыхтоўкі максімальна захоўваюцца каштоўныя рэчывы.

Шаткуем і квасім капусту

Капусту на Беларусі квасілі ў вялікай колькасці і ўжывалі яе ў ежу амаль да новага ўраджаю.
Гаспадыні не спяшаліся квасіць капусту адразу пасля першых маразоў, а чакалі, пакуль марозік прыхопіць расліну некалькі разоў.
Калі галоўкі заледзянелі, напярэдадні засолкі іх кідалі ў цэбар і залівалі халоднай вадой, пакідаючы так на ноч. На наступны дзень прыступалі да працы.
Некаторыя гаспадыні квасяць капусту па ўласных арыгінальных рэцэптах
У народзе існавала цэлая сістэма прадпісанняў наконт часу заквашвання капусты, выбару посуду і догляду за ім, гаспадыні нават паводзіць сябе павінны былі згодна са спецыяльнымі правіламі.
У працэсе шаткавання капусты ўдзельнічала ўся сям’я, але існавалі і пэўныя абмежаванні. Напрыклад, нельга было займацца гэтай справай жанчынам падчас рэгулаў. Лічылася, што нарыхтоўка не ўдасца, капуста атрымаецца мяккай і будзе дрэнна захоўвацца.
Таксама тагачасныя гаспадыні лічылі, што капуста, пастаўленая ў маладзік, цвёрдая і хрусціць, а каб яна атрымалася мяккай, квасіць трэба ў апошнія фазы месяца.
Прыдатнымі днямі тыдня для гэтай справы лічацца вечар панядзелка, аўторак і  самы  лепшы – чацвер.

Што такое "шаткаўніца"

У канцы ХІХ стагоддзя ва Усходнім Палессі сярод сялян прыкладна паміж 1880-1886 гадамі шырока распаўсюдзіўся рэдкі ў той час спосаб квашання капусты ў выніку чаго на вёсцы з’явіліся шаткаўніцы. Першапачаткова яны былі даступныя толькі заможным людзям і таму ў палешукоў такую шаткаваную або крышаную капусту называлі "паньскай". Чэслаў Пяткевіч у сваёй кнізе "Рэчыцкае Палессе " даволі падрабязна апісваў такі спосаб квашэння.
Ачышчаныя ад верхняга лісця галоўкі дробна шаткавалі нажамі на стале, адкідваючы качарыжкі, затым складвалі ў драўляныя начоўкі, салілі і моцна пераціралі рукамі, дадавалі крыху журавін, кмену, парэзанай на скрылікі морквы, а часам і дзікія яблыкі. Прыгатаваную такім спосабам порцыю пасля перамешвання з дадаткамі скідвалі ў дзежку, трамбавалі і паўтаралі гэтую працэдуру пакуль дзежка не напоўніцца.
Пакуль капуста не станавілася кіслай, яе трымалі ў хаце. Праз некалькі дзён пачынала з’яўляцца пена і тады увесь час скісання завостраным або дубовым кіем таўшчынёй да 4 см штодзень – раніцай і увечары – прабівалі ў капуснай масе дзіркі да дна, каб такім чынам выйшаў горкі дух.
Пасля капусту накрывалі кружком, пряціскалі яго каменем і выносілі ў халодную камору, бо прыгатаванай такім чынам капусце мароз не можа пашкодзіць.
Такім спосабам капусту квасяць і сучасныя гаспадыні. На 100 кг ачышчанай капусты бяруць 2,5-3 кг солі, 4 кг морквы, 100 г кмену, па жаданню 6 кг яблыкаў, накрышаных долькамі або цэлых, журавіны па смаку.
Трэба разумець, што ў нашых продкаў былі вялікія сем'і і таму яны квасілі капусту "у прамысловых маштабах". Сучасныя гаспадыні могуць адаптаваць рэцэпт і паменшыць колькасць інгрыдыентаў у залежнасці ад колькасці капусты.
Кіслую капусту звычайна запраўляюць цыбуляй, перцам і сланечнікавым алеям і падаюць да мяса і бульбы.
Парады руплівай гаспадыні:
  • У якасці гнёта нельга выкарыстоўваць  вапнавы камень;
  • Расол павінны пакрываць капусту. Калі расолу мала, гнёт трэба павялічыць;
  • Самая спрыяльная для ферментацыі тэмпература – 18-20 градусаў. Пры гэтай тэмепературы яна доўжыцца 7 дзён. Каді тэмпература больш нізкая, час бражэння павялічваецца;
  • Для квашання прыдатны ўсе гатункі капусты за выключэннем ранняй і позняй "Амагер". У 1957 годзе ў СССР лепшымі лічыліся "Слава", "Беларуская", "Браўншвейгская", "Маскоўская".
У сярэдзіне ХІХ стагоддзя разам са звычайным спосабам нарыхтоўкі капусты быў папулярны рэцэпт і хуткага яе заквашвання.
У такім варыянце нашаткаваную і прамытую капусту клалі ў ваду і, калі яна адзін раз закіпіць, злівалі на рэшата і палівалі вельмі халоднай вадой, пакуль капуста зусім не астыне. Калі вада сцякала, яе салілі.
Як піша анна Цюндзявіцкая ў сваёй кнізе "Літоўская гаспадыня", гэты спосаб падыходзіць для тых, хто хоча заквасіць капусту для хуткага ўжывання.
Стужка навiн
0