20:37 22 красавіка 2021
«Радыё Sputnik»
  • USD2.59
  • EUR3.13
  • 100 RUB3.40
Цiкавосткi
Атрымаць кароткую спасылку
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (109)
9020

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, калі ў вёсцы пачыналі гукаць вясну і за што можна было атрымаць пернік на кірмашы.

Крыху болей за тыдзень, як мінулі Грамніцы, а ў прыродзе ўжо відаць вялікія змены. Удзень усё часцей скрозь хмары прабіваецца сінь неба і сонечны луч прымушае плакаць ледзяшы. Снегавая пярына пачала таяць і хутка знікне зусім, нарабіўшы навокал плюты. Усё гэта ў чарговы раз пераконвае ў справядлівасці народных назіранняў: "Да Грамніц не скідай з рук рукавіц, а як прайшлі Грамніцы – то ўжо не трэба рукавіцы".

"Няма чаго чакаць прынукі…"

Прыемна назіраць, як заварушылася вёска пасля зімовай спячкі. Як даўней, так і цяпер клопат у хлебароба адзін – сяло паціху пачынае рыхтавацца да сяўбы. Кажуць, што рупліваму гаспадару праца ў вочы лезе. Вядома ж, "хто любіць трудзіцца, таму без працы не сядзіцца". Хуткі надыход вясны гоніць селяніна з цёплай хаты і вымагае брацца за неадкладныя справы. "Няма чаго чакаць прынукі, калі работы поўны рукі!" (Я.Колас. Новая зямля.)

Усё яшчэ халоднае надвор’е вымагала цёпла апранацца і таму, накінуўшы на плечы світу, курту або кажушок не забываліся заткнуць за пояс скураныя або суконныя рукавіцы, так патрэбныя ў працы на марозе. На двары, ў полі і лесе іх чакаў цэлы шэраг абыдзённых спраў, характэрных для лютага.Трэба было адрамантаваць прылады працы, агледзець вазкі і вупраж, парупіцца аб садзе і пчолах. Запрэгшы ў санкі каня, выправіцца ў лес па дровы або сена і выканаць шэраг іншых спраў, якімі не будзе часу займацца да наступнай зімы. Жанчыны ж спяшаліся наткаць як мага болей палатна, бо здаўна праверана, што "марцоўскае сонца" выбяліць яго як найлепей. Працы хапала ўсім, а чым жа тым часам  жыла моладзь?

"Зіму замыкаці, вясну выклікаці!"

Да масленічнага мясаеду заставалася яшчэ колькі часу і тыя, хто надумаў хутка жаніцца прыглядаліся да дзяўчат. Добрай нагодай для гэтага быў звычай клікаць, "гукаць" вясну. Гукаць вясну пачыналі на Грамніцы, калі лічылася, што вясна сустракаецца з зімой.

У фондах Літаратурнага музея М. Багдановіча захоўваецца экзэмпляр этнаграфічнага нарыса Адама Ягоравіча Багдановіча "Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў", які быў надрукаваны ў 1895 годзе ў Губернскай тыпаграфіі Гродна. Нарыс каштоўны тым, што ў ім змешчаны звесткі аб старажытных аграрных абрадах, якія паўплывалі на фарміраванне традыцыйнай культуры беларусаў. Этнограф і фалькларыст Адам Багдановіч сцвярджаў, што вясну гукалі даволі працяглы перыяд, які з часам значна скараціўся:

"Встарину, по рассказам, пение весновских песен не прекращалось в течение всего Великого поста, но в последнее время, под влиянием духовенства и более сознательнаго отношения к христианской вере, в Великий пост пение редко слышится, а во вторую его половину почти совсем прекращается. Но после Пасхи, когда очистится от снега земля, молодёжь обоего пола, по вечерам, собирается на пригорках и там песнями призывает весну. И так продолжается до Николина дня".

Гуканне вясны ў Музеі народнай архітэктуры і побыту
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Гуканне вясны ў Музеі народнай архітэктуры і побыту

У вяснянках, пачутых этнографам у Барысаўскім павеце, моладзь дзякавала Богу за перажытую зіму і надыход цяпла, прасіла блаславення клікаць вясну ў добры час, ад якога будзе залежыць далейшы ход сяўбы.

Ад вясны ж чакалі збожжа, густой травы, кветак на вянкі дзяўчатам, "ясных дзянёчкаў і частых дажджочкаў":

"Зіму замыкаці, вясну выклікаці!

Дай жа нам, Божа, жыта і пшаніцы, зялёнай травіцы!

Дай жа нам, Божа, на хлеб-жыта род, а на статак плод,

На людзей здароўе!".

Вясновы карагод
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Вясновы карагод

Дарэчы гукалі вясну не толькі на лясных пагорках. Калі снягі былі глыбокія, то дзяўчаты забіраліся на стрэхі або азяроды, іншыя высокія месцы каля хат і адтуль спявалі. Гукалі як наймацней, каб вясна дакладна пачула і найхутчэй наблізіла цёплыя дзянёчкі. А пакуль у кожнай спявачкі меліся рукавічкі, якія пры першым гуканні вясны з рук не скідалі, таму што зімна яшчэ!

"Хоць прайшлі Грамніцы, але дзяржы ў запасе рукавіцы"

Рукавіцы, рукавічкі, рукаўкі, рукавачкі… – так у беларусаў прынята называць частку мужчынскага і жаночага адзення для аховы рук ад холаду. Шылі іх з аўчыны, сукна, вязалі з шарсцяных нітак з асобным размяшчэннем вялікага пальца. Часта гэтым займаліся асобныя майстры – рукавічнікі або рукавічніцы.

Сяляне пры гаспадарчых работах карысталіся  пераважна суконнымі і аўчыннымі рукавіцамі, а жыхары гарадоў і мястэчак вязанымі. Калі хтосьці не ўмеў пашыць або звязаць рукавіцы самастойна, то набыць іх было лёгка на кірмашы, у невялікіх галантэрэйных крамах і ў вандроўных купцоў, якія хадзілі па вёсках і гандлявалі ўсялякай патрэбнай дробяззю.

Вядома ж, кожны меў не адну пару рукавіц і да зімы іх пачыналі набываць загадзя. Так, каб падкрэсліць значную колькасць кавалераў у дзяўчыны жартуючы казалі: "Хлопцаў, як рукавіц".

Рукавіцы таксама атаясамліваліся з зімовымі халадамі. Калі зіма саступала лету, то казалі: "Прайшлі Грамніцы – скідвай рукавіцы". Калі ж лета паварочвала на зіму, то папярэджвалі: "Прыйшоў Іспас – гатуй рукаўкі ў запас".

Дарэчы, на поўначы Беларусі, у Гарадоцкім раёне нават існаваў імправізаваны танец "рукавіца", які выконвалі толькі дзяўчаты. Рухаючыся ў танцы яны імітавалі рухі дрывасека або вязанне рукавіц. Танец суправаджаўся прыпеўкай, якая, магчыма, і дала яму назву:

"Тапор, рукавіцы, жонка мужа не баіцца.

У нас новые права, жонка мужа прадала!".

"Загадкавыя" рукавіцы

Беларускія загадкі загадкавыя самі па сабе. Яны настолькі  мудрагелістыя, што знайсці адгадку часам падаецца немагчымым. Адгадванне загадак заўсёды было выпрабаваннем кемлівасці, розуму, знаходлівасці.

Чаму яны такія засакрэчаныя? Адгадка крыецца ў самім жанры, іншасказальная форма твораў якога была абумоўлена жыццёвай неабходнасцю. На думку тагачасных людзей трэба было ўтаіць сапраўдныя назвы і свае намеры ад злых сіл і ворагаў.

Тэматычны змест і вобразнасць загадак звязаны з працоўнай дзейнасцю селяніна, яго гаспадаркай і побытам, сямейным жыццём, уяўленнямі аб раслінным і жывёльным свеце, грамадстве і інш. Калі гэтага не ведаць, то, пачуўшы загадкі, напрыклад, пра рукавіцы, сучаснаму чалавеку застаецца толькі паціснуць плячыма.

Вось і прыклад

Загадка: "Шчупу, шчупу па галавішчу; ашчупаў мазгавішча, сунуў галыша" (адгадка: рукавіца на лаве, ашчупаў, шукаючы яе, і на голую руку надзеў).

Загадка: "Дзесяць братоў у дзве шкуры адзеты" (адгадка: рукі ў рукавіцах).

Дарэчы за правільныя здагаданкі на кірмашы давалі пернік або абаранак у якасці прызу і там жа можна было падзівіцца на дзявочы танец "рукавіца". Народны звычай гукаць вясну паціху адраджаецца. Па ўсёй Беларусі стала звыклым гукаць вясну не толькі ў вёсках, але і ў гарадскіх парках. Тут можна не толькі пачуць мілагучныя звонкія вяснянкі, але і далучыць да іх свой голас.

Цёплых вам дзянёчкаў!

Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (109)
Тэги:
Кірмаш, вёска, Ларыса Мятлеўская, Гуканне вясны, рукавіцы, танцы

Галоўныя тэмы