18:00 16 снежня 2017
«Радыё Sputnik»
фольк-панк гурт Кашлаты вох

“Кашлаты вох” запісалі новы ЕР

© Фото: "Кашлаты вох"
Стыль жыцця
Атрымаць кароткую спасылку
Беларуская музыка: ад панку да пост-барду (24)
485130

Міні-альбом “Цябе/Падарунак” выйшаў напрыканцы ліпеня, гэта першае выданне беларускіх фольк-панкаў, у якім закранута лірычная тэматыка.

Вакаліст Вячка Красулін і барабаншчык Аляксандр Ажмякаў гурта "Кашлаты вох" распавялі ў інтэрв'ю Sputnik пра новы ЕР, гісторыю гурта, яго новы склад і творчыя планы. Размову вяла Юлія Хвошч.

- Адкуль прыйшла такая ідэя — звесці разам панк і фольк?

Ідэя з'явілася ў 2008 годзе, калі наш гурт у чарговы раз разваліўся, і мы засталіся ўдваёх з Васілём Мікалаевічам — нашым "генералам у запасе" (заснавальнік гурта — Sputnik). Тады мы падумалі, што трэба нешта мяняць. Да 2008-га мы гралі выключна акустычны фольк з дудкамі і барабанамі. Да развала гурта з намі граў чалавек, які часам прапаноўваў паспрабаваць рабіць музыку з гітарай, але мы адмаўляліся, а калі той чалавек сышоў з калектыву, усё ж-такі вырашылі паспрабаваць і нам спадабалася. Гітарная фактура атрымоўвалася панкаўская таму што ўсе мы з дзяцінства любілі "панкуху", выраслі на ёй і гэта, безумоўна, адбілася на нашай творчасці.

З новым гукам пачалі перарабліваць тое, што мы рабілі ў акустыцы — гэта, канешне, было жудасна жахліва, таму што мы не ўмелі граць, але гэта нармальна для панкаў.

Паступова, цягам 2009-га, знайшлі музыкаў і  ўжо напрыканцы года сыгралі на "Калядным фэсце-2009". Гэта было вельмі крута — усім спадабалася, таму што ў нас з'явіліся людзі, якія ўмеюць граць на інструментах, яны якраз прыкрылі нашыя неўменні.

- Як пісалі першы альбом?

У 2010-м мы вырашылі працаваць над альбомам. Калі зноў змяніўся склад, пачалі рыхтаваць новую праграму з больш-менш нармальнымі аранжыроўкамі. Доўгі час працавалі над ёй, і ў 2011-м годзе нам выпала шчасце з'ездзіць на "Басовішча" на конкурсную частку, мы там дамовіліся, што будзем запісваць альбом на студыі "Осмас". Пачалі запісваць у 2011-м, а скончылі ў 2013-м.

То мы мянялі інструменты на лепшыя, то нам не падабаліся нейкія партыі і мы цалкам перапісвалі ўдарныя і басовыя, то ніяк не маглі злавіць гукача, які прыпыняў з намі працу, каб запісаць "больш прырагатыўныя" гурты. Доўга ішоў працэс, а потым Вячка сказаў: "Усё! Трэба ўжо за тыдзень дарабіць і выпусціць так, як атрымліваецца". Мы скарацілі альбом з 15 трэкаў да 11 і 22 сакавіка 2013-га выпусцілі свой першы паўнафарматны альбом "Пазаўчора".

фольк-панк гурт Кашлаты вох
© Фото: "Кашлаты вох"
фольк-панк гурт "Кашлаты вох"

Дата рэлізу не выпадковая. Мы паглядзелі на "вікіпедыі", якія ў гэты час былі адметныя падзеі ў музыцы, абралі дату выхаду першага альбому Beatles і нешта яшчэ. Зрабілі 6 паперак з датамі, выцягнулі Beatles і 22-га сакавіка выпусцілі альбом. Гэта было канцэптуальна, але мы нікому раней пра гэта не казалі.

Потым зноў змяніўся склад — былі ўдзельнікі, якім надакучвала граць,  у іншых з'явіліся сем'і, жонкі, праца, іншыя гурты…У выніку 7 лістапада 2013-га года вакаліст Вячка ўзяў удар на сябе і сказаў: "Усё хлопцы, так далей  мы граць не будзем". Нажаль людзі не могуць і не хочуць граць так, каб нешта развівалася. І потым на хатняй студыі гітарыста Пеці Слуцкага мы запісалі ЕР "Цуд-зуд" там, дзе ўсе інструменты, акрамя дудак, флейтаў і варганаў, запісаў і спраграміраваў ён, а крыкі і ўсё астатняе — Вячка. То бок ЕР — 4 с паловай трэкі — быў запісаны двума музыкамі.

-Ці вялікая ў вас дыскаграфія?

У нас адзін поўнафарматны альбом, два ЕР, адзін з якіх — "Цябе/Падарунак" — выйшаў 28 ліпеня 2015 года, 6 сінглаў, адзін дэма-альбом, які як раз складаецца з тых трэкаў, якія мы гралі ў акустыцы. Напрыканцы 2014-га мы запісалі кавер на песню "Слепаглуханямы прарок" гурта "Оргазм Нострадамуса" на афіцыйны трыб'ют гэтага гурта, які зараз рыхтуецца, выпусцілі яе сінглам і пачалі рыхтавацца да канцэртнай дзейнасці. Гэтым летам пачалі больш-менш актыўную дзейнасць.

- Распавядзіце пра новы ЕР.

Мы выпусцілі ЕР, каб паказаць, у якім стане мы зараз знаходзімся. Спачатку думалі выпускаць песні сінгламі, а потым прыйшлі да высновы, што яны надта падобнай тэматыцы — пра жанчын і няшчаснае каханне.. ці шчаслівае каханне, ці вар'яцкае.. — і вырашылі аб'яднаць песні ў адмысловы дыск.

фольк-панк гурт Кашлаты вох
© Фото: кашлаты вох
фольк-панк гурт "Кашлаты вох"

Зараз мы ўдасканальваем гучанне, будзем, канешне, з альбомам больш калдаваць. Там ёсць ноткі Аллы Барысаўны. Не кажыце нікому, а то засудзяць. Там пародыя на голас. Па гуку мы сталі больш цяжкія, наш перадыдучы гітарыст любіў блюз, а зараз мы імкнемся да больш цяжкіх рыфаў, у нас з'явілася другая гітара, так што гук стаў і шчыльней, і брутальнее.

Пісалі ЕР на студыі "Каўчэг", там жа, дзе мы і рэпетуем. Вельмі зручна для нас: адрэпетавалі — пайшлі запісалі. Па якасці атрымалася нават лепей, чым тое, што мы пісалі на "Осмасе".

- ЕР "Цябе/Падарунак" першы, які тычыцца лірыкі?

Так, гэта інтымная лірыка. У ЕР ўвайшлі дзве песенькі — "Цябе", напісаная яшчэ ў 11-м годзе, яна магла яшчэ ўвайсці ў наш першы альбом, але не падыходзіла па тэматыцы, таму што першы альбом у нас быў у асноўным фолькавы. А песенка "Падарунак" была напісана падчас сумных падзей у жыцці аднога з нашых музыкаў, звязаных з няшчаснымі падзеямі на глебе асабістага, і гэтая першая песня, якая напісана сучасным складам гурта. Такім чынам мы хацелі падбадзёрыць новых удзельнікаў калектыву, каб яны бачылі, што мы не стаім на месцы, а нешта робім. Праўда там ёсць каравасці, але хай кіне ў мяне камень той, хто не карава піша.

- Калі выйдзе наступны альбом і ці войдуць у яго гэтыя ЕР?

У новы альбом войдзе толькі гэты ЕР і пару сінглаў, але ўсе яны будуць перапісаны з новымі аранжыроўкамі. Cпадзяемся, што да лета 2016-га ён ва ўсялякім выпадку выйдзе. Моцна спяшацца не будзем — у нас шмат новага, але сырога матэрыялу, які трэба разбіраць, дарабліваць нешта, а потым рэпетаваць-рэпетаваць, пасля рэпетыцый зноў нешта зменіцца. У нас звычайна атрымліваецца так: мы рэпетуем, а потым матэрыял паступова змяняецца, некія нецікавыя занудныя кавалкі выкідаюцца, замяняюцца на больш цікавыя, песенкі скарачаюцца ці наадварот. Так зараз мы некаторыя лепшыя песенкі з першага альбома проста перарабліваем.

- Што тычыцца вашага сцэнічнага іміджу. За вашымі выступамі вельмі цікава назіраць. Вы такія і ёсць ці гэта тонкі камерцыйны ход?

Гэта частка нашага вобразу. Мы такія, якія ёсць. Музыкай мы грошай не зарабляем. Таму пра камерцыйнасць нашых дзеянняў я бы не казаў. Магчыма мы адметныя, але не камерцыйныя. Тое, якія мы на сцэне шмат у чым залежыць ад нашага стану і ад фід-бэку публікі. Калі пару разоў я выступаў з тэмпературай пад 40, было не вельмі зручна "каўбасіцца".

фольк-панк гурт Кашлаты вох
© Фото: кашлаты вох
фольк-панк гурт "Кашлаты вох"

У жыцці мы наогул амаральныя фрыкі. Мы, канешне, упісаны ў соцыум, але паралельна разбураем яго знутры напэўна (насамрэч, у адрозненні ад большасці "панкаў", ўдзельнікі гурта амаль не паляць, некаторыя маюць музычную адукацыю, а некаторыя працуюць навуковымі супрацоўнікамі — Sputnik). Бабуля на мяне (Вячку — Sputnik) ругаецца, што я не выглядаю як чалавек. А недалёка ад вуліцы Дарашэвіча да мяне падышоў 50-цігадовы чалавек і сказаў, што я "чэрціла і каб я збрыў свае рогі". Так што соцыум рэагуе на нас па-рознаму. У нас зараз маладыя хлопцы ў гурце, яны толькі на вакаліста глядзяць, набіраюцца ад яго амаральных паводзін. Мы ўсе сябруем, нам здорава, наш гурт — гэта сям'я.

- Тэксты ў панк-гуртоў звычайна вострасацыяльныя ці хорар. А вы пра што спяваеце?

Мы спяваем пра тое, што нас турбуе ці мы хацім проста павесяліцца. Ёсць тэксты пацешныя, ёсць вострасацыяльныя, ёсць пра алкаголь, ёсць пра рэлігію, а ёсць  і пра каханне. Раней мы бралі фолкавыя тэксты, а зараз вырашылі, што ў нас ёсць што сказаць самім.

- Хто ў вас піша музыку і тэксты?

Шмат музыкі і тэкстаў напісаў для нас Васіль Мікалаевіч, наш заснавальнік. Ён піша музыку, тэксцікі, выступае з намі калі як можа, бо ён вельмі заняты чалавек. Нас задавальняе такая работа, таму што ад яго ў прынцыпе ў інструментальным сэнсе нічога не залежыць у гурце, зараз мы разабралі ўсе партыі так, каб не было накладак. Ён піша музычныя чарнавікі, часам піша на іх тэксты і потым на рэпетыцыі мы разбіраем, дадумываем нейкія партыі, прыдумываем разнастайную аранжыроўку. Па-рознаму: часам я пішу тэксты, часам ён. Некаторыя тэксты пішам разам. Напрыклад на "Цябе" прыпеў прыдумаў я, а потым мы вырашылі, што хто хутчэй напіша куплеты, той і перамог. Так што зараз мы ў асноўным мы ўсе разам пішам музыку. Ну і вось "Падарунак" ён цалкам сэмпрэвізаваны на рэпітыцыі.

- Ці імкнецеся вы да нейкай папулярнасці?

Мы робім музыку ў першую чаргу для сябе, таму што наша музыка "не фармат". Паляпшаем якасць гучання, але не імкнемся за мэйнстрымам. Напрыклад, песню "Цяжкі дзень" ніякае радыё не возьме. У нас не зусім фарматная музыка, хаця па радыё нас круцяць — і па беларускім, і па польскім. Не так даўно даведаліся, што мы пастаянна гучым па польскім радыё пару разоў на месяц у перадачы, якая прымеркавана да неагламоўнай рокавай музыкі. Нядаўна нам напісалі з Лондана, самі дзівімся таму, як яны на нас выйшлі.

Ды і навошта трывіальную музыку рабіць? Хай яе робяць гурты накірунку тыпу брыт-поп. Зараз гэта лічыцца маднючым.

Тэмы:
Беларуская музыка: ад панку да пост-барду (24)
Тэги:
Музыка, Музычны гурт, Культура, Стыль жыцця, Еўропа, Увесь свет, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы