17:13 02 чэрвеня 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.40
  • EUR2.67
  • 100 RUB3.48
Стыль жыцця
Атрымаць кароткую спасылку
61380

Мерапрыемства наведала некалькі тысяч матацыклістаў, на двух сцэнах выступілі музыканты з Беларусі, Расіі і Украіны.

Юлія Хвошч, Sputnik

З кожным годам Міжнародны лідскі байкерскі фестываль большыцца ў маштабах. Сёлета мерапрыемства сабрало некалькі тысячаў матацыклістаў з Беларусі і бліжэйшага замежжа. Некаторыя ўдзельнікі праехалі шэсць тысяч кіламетраў у адзін бок, каб трапіць на фэст.

Па словах арганізатараў, такая колькасць наведвальнікаў для іх саміх стала прыемнай нечаканасцю.

Упершыню на фестывалі працавала дзве сцэны, на якіх выступіла некалькі дзесяткаў музычных калектываў з Украіны, Расіі і Беларусі.

Што і казаць, фестываль паказаў, што наступны, юбілейны, фэст мусіць быць па-сапраўднаму грандыёзным.

Атмасфера добразычлівасці

Фестываль праходзіў, як і ў леташнія гады, на тэрыторыі аздараўляльнага лагера "Бярозка" ў 15 кіламетрах ад Ліды (Гарадзенская вобласць). Усе тры дні адзначыліся атмасферай добразычлівасці і сяброўства.

Па словах арганізатараў, фестываль наведалі матацыклісты з Літвы, Лавтвіі, Эстоніі, Польшчы, Украіны, Расіі, былі прадстаўнікі Нямеччыны і Скандынавіі.

Лідскі байк-фэст: матацыклы, музыка, атмасфера сваботы — фотастужка — >>

Дзевяты міжнародны Лідскі байк-фестываль
© Sputnik Юлія Хвошч
Дзевяты міжнародны Лідскі байк-фестываль

"Побач са мной сядзіць калега, які прыехаў з Ніжняга Ноўгарада. Адна дзяўчына, Анастасія Квашвілі, пераадолела 2,5 тысячы кіламетраў, каб трапіць на фестываль", — распавёў карэспандэнту Sputnik арганізатар культурна-забаўляльнага складніку Лідскага байк-фестываля Аляксандр Лычкоўскі.

Па словах гасцей фестывалю і музыкантаў, арганізацыя мерапрыемства прайшла на вышэйшым узроўні.

"Мы на гэтым фестывалі гралі ўжо два разы і станоўча аднесліся да таго, што нас запрасілі і сёлета. Тут заўжды добрая атмасфера, драйв і свабода. Дужая сцэна, шмат святла, шмат гука і з кожным годам прыязджае ўсё больш людзей", — распавёў лідэр беларускага гурта B.N.

Яго словы пацвердзіў і вакаліст гурта "Дай Дарогу!" Юрый Стыльскі.

"Гэты фестываль праходзіць на вышэйшым узроўні. Не ведаю з чым гэта звязана — ці менавіта нас так добра ўспрымаюць, ці тут так заўжды. Арганізацыя, любоў гледачоў — усё гэта для нас вельмі прыемна, і я тут не заўважыў ні воднага злога чалавека, усе вельмі чулыя. Нам наогул шанцуе на добрых людзей", — адзначыў Стыльскі.

Музычны складнік

На мерапрыемстве ўпершыню працавалі дзве сцэны. Па словах арганізатараў, гэта быў своеасаблівы эксперымент напярэдадні юбілейнага фестывалю.

"Сёлета мы зрабілі пробную версію другой сцэны і зразумелі, што людзям яна патрэбна — гасцей вельмі шмат і яны не павінны сумаваць не толькі ўвечары, але і ўдзень. Мы паглядзелі, што і як трэба рабіць, чаго не хапае, і я думаю, што другая сцэна вельмі нам спатрэбіцца і ў наступным годзе", — распавёў Лычкоўскі.

Дзевяты міжнародны Лідскі байк-фестываль
© Sputnik Юлія Хвошч
Выступленне гуртоў на другой сцэне

Выступленні на малой сцэне распачыналіся ўдзень, каля 17.00 дзеянні пераносіліся на галоўную сцэну, пасля завяршэння асноўнай музычнай праграмы ў дзве гадзіны ночы тыя, у каго заставаліся сілы, зноў крочылі да малой сцэны, і кожны фестывальны дзень, такім чынам, цягнуўся да самай раніцы.

Паміж выступленнямі гуртоў, як на галоўнай, так і на малой сцэне, ладзіліся конкурсы. Іх было настолькі шмат, што застаецца толькі выказаць падзяку арганізатарам — конкурс на самы гучны рык, хто хутчэй перакуліць кола ці закапае ўласны матацыкл, у каго самае прыгожае тату. Акрамя конкурсаў былі і больш сур'ёзныя мерапрыемствы — у адзін з прамежкаў паміж выступленнямі быў зладжаны аукцыён у дапамогу Лідскаму дзіцячаму дому.

Перад выступленнямі хэдлайнераў перапынкі станавіліся больш відовішчнымі — у першы дзень перад "Дай Дарогу!" госці фестывалю пабачылі найпрыгажэйшае выступленне фаершчыкаў, а ў другі — лазэрнае шоу.

Для тых, хто стамляўся ад танцаў, працавала кальянная, там жа можна было набыць напракат палатку ці спальнік.

На фэсце быў зладжаны кірмаш з запчастакамі для матацыклаў і байкерскім мэрчэм.

Дзевяты міжнародны Лідскі байк-фестываль
© Sputnik Юлія Хвошч
Дзевяты міжнародны Лідскі байк-фестываль

Варта адзначыць, што на тэрыторыі фестываля ўсё было вельмі добра скампанавана, таму прапусціць які-небудзь конкурс ці выступленне было амаль немагчыма.

Са сцэны спявалі шмат кавераў. Так, гурт з Украіны AS/DS у першы вечар выканаў лепшыя гіты легендарных AC/DC, а гродзенскі кавер-бэнд Beach Boogie Band адзначыўся вельмі шырокім рэпертуарам — ад "Чайф" да "Ляпісаў".

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел лепшыя беларускія гурты — B.N., "Дай Дарогу!", Trubetskoy і іншыя.

Выступленне гурта Trubetskoy на Лідскім байк-фестывалі
© Sputnik Юлія Хвошч
Выступленне гурта Trubetskoy на Лідскім байк-фестывалі

З паўнавартаснымі сэтамі выступілі і ветэраны расійскага року — "Декабь", "Черный кофе", "Твердый знакЪ".

Арганізацыйныя моманты

Фестываль традыцыйна быў арганізаваны клубам Devoid of Rights пры падрымцы лідскага раённага камітэта.

"Сёння я кажу шчыра дзякуй тым, хто прыехаў, хто сапраўды цэніць нашу Лідскую зямлю і хто ні за што не прамяняе шчасце быць на Лідскім байк-фэсце. Я ўпэўнена, што сёння кожны, хто прысутнічае тут, разумее, якой працай, потам і адсутнасцю вольнага часу дастаецца тое, што мы сёння з вамі маем. І дазвольце мне ад імя лідскага раённага камітэта сказаць дзякуй тым, хто сёння зрабіў для вас свята", — адзначыла са сцэны начальнік па справах моладзі лідскага райвыканкама Святлана Бабашэнкава перад урачыстым уручэннем дыпломаў арганізатарам.

Па словах арганізатараў у галоўнай фестывальнай падзеі — парадзе байкераў — узяло ўдзел каля трох тысяч матацыклістаў, прыкладна столькі ж засталося ў лагеры.

"Склад параду быў вельмі вялікім, матацыклісты цалкам зачынілі кальцо горада. Спадабалася, як адрэагаваў на парад горад — шмат жыхароў прыйшло падтрымаць наш рух, наш фестываль менавіта на вуліцы. Усё гэта было вельмі прыгожа, а для людзей — цікава", — распавялі арганізатары.

Яны таксама адзначылі, што на юбілейны фестываль у іх вельмі шмат планаў.

Дзевяты міжнародны Лідскі байк-фестываль
© Sputnik Юлія Хвошч
Дзевяты міжнародны Лідскі байк-фестываль

"Мы плануем паказаць відэашэраг з самага першага фестывалю, а потым супаставіць яго з тым, што было зроблена за 10 гадоў. Пра хэдланейраў казаць пакуль рана, але, канешне, гэта будзе нешта вельмі маштабнае", — дадалі яны.

Тэги:
Фестываль, Музычныя жанры, Музычны гурт, Культурна-масавыя мерапрыемствы, Стыль жыцця і адпачынак, Стыль жыцця, Матацыклы і мапеды, Гарадзенская вобласць, Беларусь, Еўропа, Увесь свет, Лідскі раён

Галоўныя тэмы