“Рок па вакацыях” на новы лад

© Sputnik / Юлія Хвошч"Рок па вакацыях-2015"
Рок па вакацыях-2015 - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Вяртанне легендарнага фестывалю стала гучным завяршэннем сезону оўпэн-эіраў на Беларусі у гэтым годзе, канцэртнае жыццё пераходзіць пад дахі мінскіх клубаў.

Юлія Хвошч, Sputnik

Фестываль "Рок па вакацыях" быў заснаваны ў 1993 годзе і шмат гадоў ладзіўся як апошні оўпэн-эір лета і першы вялікае мерапрыемства новага канцэртнага сезону. У розныя гады ў ім узялі ўдзел амаль усе легендарныя беларускія калектывы.

У 1997 годзе "Рок па вакацыях" прыпыніў сваё існаванне, яго спрабавалі рэанімаваць толькі ў 2008-м. Пасля 2010-га зноў наступіла працяглая паўза. У 2014-м фестываль планавалася зладзіць у сталічным клубе Re: Public з удзелам гуртоў "Крама", UNB, Drum Ecstasy і хэдлайнерам з Санкт-Пецярбургу гуртом Н.О.М. Аднак за некалькі дзён да канцэрту мерапрыемства было адменена.

Але статус фестывалю заставаўся культавым, а сам "Рок па вакацыях" — высока запатрабаванай акцыяй. Сёлета мерапрыемства было адноўлена ў новым фармаце — на адкрытай пляцоўцы броўні "Друзья" сабраліся самыя актуальныя на сёняшні дзень беларускія калектывы — Nizkiz, Sciana,:B:N і "Мутнаевока".

"Мы не хацелі заклікаць шмат калектываў каб пазбегнуць праблем з наладкай інструментаў і даць гуртам больш часу для выступлення. Мы абралі найбольш перспектыўныя і цікавыя гурты на нашу думку, якія сёлета выпусцілі альбомы ці шмат дзе выступалі. Менавіта гэтыя гурты нам падаліся найбольш цікавымі", — распавёў арганізатар мерапрыемства Віталь Супрановіч.

© Sputnik / Юлія ХвошчВыступленне гурта "Мутнаевока" на фестывалі "Рок па вакацыях"
Выступленне гурта Мутнаевока на фестывалі Рок па вакацыях - Sputnik Беларусь
Выступленне гурта "Мутнаевока" на фестывалі "Рок па вакацыях"

Дарэчы месца правядзення арганізатарамі было абрана вельмі цікавае — з аднаго боку гэта быў оўпэн-эір, таму што падзеі адбываліся пад адкрытым небам, з другога — абмежаваная тэрыторыя рэстарану. Людзей было не вельмі шмат, але ўсе засталіся задаволенымі.

Калі не ўлічваць невялікую тэхнічную паўзу падчас выступлення "Сцяны", гук атрымаўся даволі прыстойным.

"Святло і гук добрыя, публіка выдатная. Тут няма выпадковых людзей, а калі яны і трапілі сюды, то адразу прасякнуліся агульнай атмасферай", — распавялі карэспандэнту Sputnik музыкі з гурта Nizkiz.

"Больш за ўсё нас прывабіла гісторыя гэтага фестывалю — яму ўжо столькі гадоў.І нам вельмі прыемна, што нас запрасілі ўзяць у ім удзел і што ў выглядзе нашага гурта бачаць нейкую пераемнасць", — адзначылі музыкі.

Аднак у праграме мерапрыемства было мала гістарычнага нарысу, плыні і абумоўленасці, якая б усіх гуртавала. Многім наведвальнікам гадоў было менш, чым самому фестывалю і без экскурса ў гісторыю яны не здолелі ў поўнай меры ацаніць усю значнасць мерапрыемства. 

"Вось калі б аб'яднаць і сказаць, што гэта не пусты выбух у неба, а што гэта фестываль і што гэта ў скарбонку беларускай субкультуры, у якой яна зараз вельмі патрабуецца — тады іншая справа", — адзначыў вакаліст гурта "Мутнаевока" Яўген Змушко.

"Гурты, якія запрасілі граць сёння, каштоўныя і такія, як бы мовіць, хэдлайнеры. Кожны з калектываў па асобку збіраюць сольныя канцэрты, але так адбылося, што людзей не досыць шмат. І гэта дзіўна", — дадаў выканаўца.

Вызначальная ідэя мерапрыемства засталася першапачатковай — нефармальная атмасфера. Наведвальнікі першага "Рока па вакацыях" ужо пасталелі, але некаторыя з іх наведалі фестываль і ў гэтым годзе. Такім чынам, узрост аўдыторыі мерапрыемства склаў ад 15 да 50 гадоў.

"Рок па вакацыях-2015", які адбыўся 9 верасня, стаў першай удалай спробай аднавіць легендарны фестываль пасля працяглага перапынку і гучна завершыў фестывальны сезон.

Стужка навiн
0